Раздзел чацверты

Онлайн чтение книги Люди на болоте Людзі на балоце
Раздзел чацверты

1

Ішоў жнівень. Дні плылі спякотныя, неба глыбілася нязмерна высокае, неабсяжнае, сонца зіхацела нясцерпна іскрыстым кругам. Трава на вільготных узлессях, купы і купкі хмызняку на падсохлых узболатках, асіны каля цагельні буялі, былі ў пары самага росквіту. Узлессі, палянкі поўніў неўтаймоўны, руплівы гул, звон незлічоных дробных насельнікаў добра ўвагрэтай зямлі. Звон гэты і шматгалосы птушыны спеў у шчодрых, пранізаных сонцам зарасніках сплеценага галля і лісця чуліся тут цудоўнай песняй жніўня.

Поле жыло ўжо іншым настроем, ціхай, шчымлівай журбою. Журба гэтая ішла не толькі ад таго, што поле галела, што ў ім адчуваўся нядобры, пагібельны подых недалёкай восені. Знакі звядання там і тут прыкметна прабіваліся ўжо і ў лесе. Чэзлыя, рэдкія бабкі, што нядружна ўставалі пад сумныя, падобныя на ціхае галошанне песні жанок-жней, былі як страшныя знакі марнасці, няспраўджанасці чалавечых надзей. Сіратлівыя бабкі гэтыя выглядам сваім як бы казалі: вось усё, на большае не спадзявайся, большага не будзе, гэта ўсё, чым магла адплаціць за працу няшчодрая на аддарункі тутэйшая зямля…

Спявала, дажынаючы паласу, і Ганна, якой час ад часу памагала, падгалошвала мачыха.

— Да перастаньце вы ўжэ, — не вытрываў нарэшце Чарнушка. — Усё роўна як на могілкі сабраліся везці!..

— А не падабаецца, дак не слухаў бы, — адказала, аціраючы з гарачага твару пот, мачыха. — Грошай не просім жа!..

— Грошай… Да кеб булі грошы, дак не пашкадаваў бы, заплаціў, штоб не гулі, памаўчалі… І так маркота, а тут — як на хаўтуры!..

Бачачы, што мачыха не жне, Ганна паклала зжатую жменю белаватых чэзлых сцяблоў на разгорнутае на пожні перавясла і таксама разагнулася. Хвіліну стаяла так, выпрастаная, нерухомая, у выцвілым зрэб'і, з падаткнутым фартухом, з хустачкай, казырочкам насунутай на бровы, — чакала, калі перастане ныць, памякчэе здранцвелая спіна. Стаяла, нічога не бачыла, нічога не думала, жыла ціхай радасцю: можна трохі перадыхнуць. Потым, калі села на сноп, пачула, як шчыміць уколатая аб пожню нага каля костачкі, выставіла яе, смугла, да чарнаты загарэлую, распісаную да кален белаватымі пісягамі і закарэлымі плямкамі крыві, паслініла палец і прыклала да паколіны. Паглядзела на рукі — яны таксама былі чорныя, з белаватымі пісягамі і знакамі сляпнёвых укусаў.

У галаве яшчэ стаяў шорхат жытнёвых сцяблоў, мернае жыканне сярпа. Стомлена жмурачыся ад зіхотнага сонца, яна перавяла позірк на поле: нібы ўпершыню заўважыла, як сумна спусцела навокал апошнімі днямі. Рэдкія бабкі тырчаць, дзе-нідзе віднеюцца вазы. На адны з іх складваюць снапы, другія, перавальваючыся з боку на бок, як жоўтыя жукі, цягнуцца к Кураням.

Нямала палос ужо зжата зусім, на другіх жыта яшчэ млее маленькімі і большымі купамі. На кожнай паласе, дзе толькі стаяць бабкі ці расце жыта, варушацца людзі: хлопцы, жанкі, дзяўчаты, мужчыны, дзеці; шарэюць, бялеюць сарочкі, хусткі — усе Курані, здаецца, перабраліся ў поле. У каторых дзеці малыя, тыя прыехалі з калыскамі. Унь Хадора падышла да калыскі, што вісіць на састаўленых дручках, узяла малое, расшпіліла кофту, не садзячыся, прытуліла дзіця да грудзей…

Карчы ладуюць воз. Яўхім чапляе перадок рубля за вяроўку… Хадоська жне ўтраіх, з бацькам і маткаю. Хутка ўжо кончаць — стараюцца, з самага рання ідуць не разгінаючыся, руплівыя. Ім сёлета пашанцавала: жыта ў іх не такое паганае, як у іншых, будзе хоць што змалаціць.

А ў Дзятлікаў, у Васіля яе, жыта таксама нікчэмнае, мэндлікаў столькі і такія, што і глядзець горка. Як і ў іх, у Чарнушкаў…

Васіль ужо таксама блізка да канца паласы. Жнуць удваіх, маці з сынам. Жне і не азірнецца, сагнуўся, утаропіўся ў зямлю, бачыць толькі жытнёвыя сцяблы ды перавясла — хоць бы раз кінуў вокам на яе, на Ганну. Дык не ж…

Няўжо ж такі і не павернецца да яе, не гляне? — ужо раўніва думае Ганна, не сярдзіта, а больш лагодна, цікаўна, і не зводзіць вачэй з Васіля. Ну, калі не азірнецца, не адкажа позіркам, няхай дабра не чакае!.. Ганна думае ўжо, чым адпомсціць яму на такую няўвагу, але ў гэты момант Васіль, што звязаў сноп, як бы пачуў яе думкі, пагрозы — зірнуў на яе.

Ага, спужаўся! Не хоча, значыцца, каб злавала!.. Ганна сочыць цікаўна: Васіль не толькі азірнуўся, а стаіць ужо, думае штосьці, як на раздарожжы. Паклаў серп, шоргаючы нагамі па пожні, з усмешкай і радаснай і, як заўсёды перад яе бацькам, вінавата-сарамяжай ідзе да іх. Васілёва маці таксама перастала жаць, глядзіць услед сыну…

Такі як бы сарамяжы, рахманы, а колькі гонару, строгасці колькі ў ім! Ганне ўспомнілася, як хмурна глядзеў Васіль на яе зімою, вярнуўшыся з Юравіч, калі спаткаліся першы раз адны. Як раўнаваў, дзівак, да Карча! І хоць бы слова сказаў — стаяў, апусціў непадступна жорсткія вочы, капаў лапцем снег… Толькі губы ад крыўды крывяцца, дрыжаць… Аб чым яна тады гаварыла?.. Помніцца толькі, што спачатку было няёмка, як бы грэшная перад ім была, а потым неспадзеўкі стала смешна. Ледзь стрымалася, каб не засмяяцца: баялася, што зазлуе, пойдзе ад яе!

Недарэмна хацелася смяяцца: з той раніцы колькі вечароў, начэй былі разам, грэліся ў маразы, у завірухі, тулячыся да вугла яе хаты. А вясна — голадна было, кару ў муку падмешвалі. Другім свет нямілы, здавалася, — ці да кахання, а ні аднаго вечара, мусіць, не ўседзелі асобна!..

Толькі Корч часам прыб'ецца, прыстане, нагоніць хмурнасць на Васіля, але Ганна ўмее ўжо разганяць гэту хмурнасць. Не ўгаворамі, а смешкамі — кплівая ўсмешка ўраз нішчыць Васілёву падазронасць.

Вось і цяпер Ганна ловіць Яўхімаў позірк — на хвіліну перастаў увязваць воз, глядзіць, як Васіль падыходзіць да яе, як сустрэнуцца. І да чаго ж упарты гэты Корч! Усё роўна як прыліп! Чым больш гоніш яго, тым, здаецца, больш ліпне. Ды яшчэ злуе — праўда, не паказвае, усмешачкай хавае злосць. Але Ганна ўсё чуе: думаў, кожная, абы толькі зірнуў, растане адразу, а тут раптам — дуля. Ну, цяпер ужо, мусіць, адчэпіцца, паспрабаваў, апёкся… Недарма ж да новай леснікоўны зазіраць стаў.

— Што ето вы, дзядзько, паселі ўсе? — сказаў Васіль, абы сказаць. — Сама пара рабіць, а вы — як на свято.

— Дак і ты ж, здаецца, не робіш?

— А я, гледзячы на вас!..

— І што ты, грэц яго, знайшоў ва мне, што ўсё глядзіш да глядзіш, — як бы пажартаваў бацька, але прамовіў сур'ёзна: — Упадабаўся я табе, ці што?

— А то — не, думаеце? — Васіль падміргнуў Ганне і разам з ёй засмяяўся.

— Пажаніць бы іх! — падышла Васілёва маці. — А то ж, сказаць, не днюе, не начуе дома. Схуднеў — адны шчэлепы тырчаць!

— Мамо, што ето вы нас усё жэніце? Толькі падыдзеце — пажаніць ды пажаніць!..

— Пажаніць, можно і пажаніць, — сказаў Чарнушка. — Дык ты ж, мабуць, не аддасі Васіля ў прымы? — Ён зірнуў на маці хітра, але ўсё з той жа панурасцю.

— А нашто ў прымы? Ці ў мяне хата поўна дзяцей?

— Поўна не поўна, а і мне без Ганны не выходзіць. Без Ганны я — як без рук…

— Дак то ж хіба далёко пойдзе? — спрачаецца не на жарт маці. — Як трэба будзе, дак яна ж тут як тут. Зробіць вам усё, што трэба!..

— Ето, як той казаў, пакуль: косю, косю — да ў аглоблі. — Чарнушка не даў сказаць Васілёвай маці, прамовіў панура: — Есці от што яны будуць? Што мы будзем? Ёй не тое што замуж ісці, а, можа, кеб з торбай па хатах не прыйшлося!

— Што ты кажаш, суседко! Перажывем неяк. Перагораем, буць не можа. Прывыклыя…

— Ето такая прывычка, што здохнуць нядоўга… І калі яно ўсё кончыцца! Усё думаеш: от-от узаб'ешся на хлеб, жылы рвеш, і — нб табе! — Чарнушка плюнуў.

— Кеб усім зямлі пораўну, адзінакавай, то маглі б і перабіцца. А то ж аднаму густо, а другому — пусто, — адгукнулася мачыха. — Савецкая ўласць, называецца…

— Упарадкаванне абяцалі, а нешто і носу не паказуваюць…

— А хто табе яго будзе рабіць? — адказвае Васілю Чарнушка. — Улада што? Яна дае закон, а закон той — як дышло… Закон той людзі прымерваюць. Як людзі людзьмі, то і закон — закон. А як маўчаць кожны будзе ды сядзець склаўшы рукі, дак і ўлада не паможа!

— Дак а чаго ж крычаць без толку?

— Чаго без толку? Трэба з толкам!

— Дак дзе ж той толк?

— Жалувацца трэба ў воласць! У другіх ці парабілі ўпарадкаванне зямлі ці робяць, а ў нас — ні слыху ні дыху! Жалувацца! Няхай прыязджаюць! У тым годзе бандзіты папужалі, а цяпер жа, дзякуй Богу, ціхо!

— Кажуць, у Мокуці булі ўжэ зноў.

— Кажуць, кажуць! Брахні ўсякай ходзіць!.. — Чарнушка раптам сказаў непрыхільна: — І што за зямля тут: то балото, гразюка такая, што канца-краю не відно, то пясок, што ў самого чорта нічога не вурасло б! Праклятае якоесь месца!

— Не падабаецца, дак паехаў бы на Ўкраіну сваю хвалёную! — не вытрывала, раўніва прамовіла мачыха. — Не дзержыць ніхто.

— Не дзержыць… Кеб не дзяржало!.. — Ён сказаў задуменна, загадкаю: — Балото як возьме ногу, зассе, зацягне ўсяго. Душу зацягне…

— Хто ж цябе дзержыць? Хто?

— Мо — хто, а мо і — што! Тут нутром разумець трэба, а не расказуваць… Не малая сама…

— Не малая, а не знаю. «Кеб не дзяржало»! Ну, хто цябе дзержыць?

— Ты! — прамовіў Чарнушка такім голасам, у якім амаль не было чутна жарту. — Як жа я з табой выпраўлюся ў такую далёкую дарогу? А пакінуць — адвагі не хапае. Там жа другой такой, мабуць, не знойдзеш!..

— Ну дак і маўчаў бы, не вякаў попусту, — як старэйшая, разумнейшая, сказала мачыха.

Васіль, перахапіўшы змоўніцкі Ганнін позірк — вось бачыш, якія ў нас гаворкі бываюць, — паспрабаваў разагнаць нядобрую маўклівасць.

— Усюды, кажуць, добра, дзе нас няма… Нічого! Пераб'ёмся пакуль як-небудзь. А там — зімой — у лес, на нарыхтоўкі. Глядзі, і завядзецца капейка. А як трэба будзе яшчэ, то вясной і на сплаў можно!..

— Сплаўшчыкам, гавораць, плацяць добра…

— Гавораць… — Лагодны Чарнушка сёння яўна быў не ў настроі, і, каб не ўлазіць у непатрэбныя спрэчкі, ніхто не стаў яму пярэчыць.

Памаўчалі трохі для прыліку і сталі разыходзіцца.

Толькі Чарнушка сядзеў яшчэ нейкі час, унурыўшыся, думаў пра штосьці сваё — пра жыта, можа, ці пра амаль забытую Чарнігаўшчыну, ці пра жонку, якая не разумее, што яго тут трымае. А можа, пра дзіўную, пакрыўджаную Богам зямлю гэту, якая выратавала некалі ў галодны год, назаўсёды забрала сабе душу яго.

Зямля, зямля — бяскрайнія разлівы гнілой твані ў нізінах, зыбучыя пясчаныя хвалі на ўзгорках! Яркая, шчодрая і залатая з выгляду, зманлівая, няласкавая да дзяцей сваіх красуня, — колькі жніўняў такіх бачыш ты гэтыя рэдкія, бедныя бабкі на сваіх палосах, слухаеш страшныя думкі куранёўскіх жанцоў і жней!

Колькі жніўняў яшчэ слухаць будзеш?..

2

Ідучы побач з возам, які важка ўціскаў колішнюю раллю і пожню, крактаў, небяспечна калыхаўся, Яўхім увесь час сачыў за ім: то падтрымліваў рукой, то падпіраў плячом. Толькі выбраўшыся на дарогу, на выезджаныя каляіны, адступіў ад воза, пайшоў спакайней, лягчэй.

Калі воз пад'ехаў да Чарнушкавай паласы, Яўхім скоса зірнуў туды, дзе сядзелі купай, гаманілі аб нечым Чарнушкі і Дзятлы, падумаў: «Іч, злятаюцца!.. Усё адно як сваякі!..»

Воз жаваў коламі пясок і пыл каляін, шастаў добра змазанай воссю, конь рыпеў гужамі, а Яўхім як бы не бачыў нічога, не чуў, разварушана думаў — ужо каторы раз — пра сваю прыкрасць-хваробу.

Хто б мог падумаць, што так завяжацца. Лічыў спачатку: глупства, драбніца, падурэю з ёй, саб'ю ахвоту і кіну. І спачатку ж ішло быццам бы так, як хацеў: хіліцца быццам бы да яго пачала. Калі вярнуўся з турмы Дзятлік, думаў: паглядзіць хай, недарэка, пазайздросціць яму, Яўхіму, што адбіў каханую. Яўхім быў упэўнен, што Ганна — не дурная ж, бачыць жа, хто такі ён і хто Дзятлік, — прытуліцца да яго, Яўхіма, самага віднага, самага разумнага, першага на ўсе Курані хлопца. Ён тады нават часам думаў з асцярогай: каб хоць не прыліпла вельмі, не звязала…

І вось жа — нб табе, Яўхім дасюль не можа спакойна ўспомніць: як толькі ўбачыла Дзятліка — зноў хітнулася да гэтага няўклюды, галяка гэтага! Ад яго, ад Яўхіма! Гэта здалося такім недарэчным, дурным, што Яўхім спачатку проста не паверыў, што яно — моцна, надоўга: мала якая дурасць можа ўляцець раптам у дзявочую галаву, міне дзень-другі — адумаецца. Але Ганна не адумвалася. Тады Яўхім не вытрываў, яўна паступаючыся мужчынскай годнасцю, сам пайшоў да яе, паспрабаваў перахапіць зноў, вярнуць. І так падступаўся, і так, чаго толькі ні нагаварыў, праводзячы дахаты, трымаючы сілком каля ганка, — хоць бы трошкі змянілася. Каля ганка — ледзь дойдзеш — у яе толькі і клопату: хутчэй нырнуць у сенцы, спаць заўсёды спяшаецца… Абняць за плечы нават не далася!..

Самае крыўднае — бачыць усё, разумее ды яшчэ пасміхваецца, гуляе з Яўхімам, як кот з мышшу! Нібы і не гоніць зусім, нібы надзеі трохі пакідае: хадзі, дурань Яўхім, валачыся за ёй, зайздросць, як яна да Дзятліка туліцца.

Не, Яўхім не зусім страціў гонар — хадзіў, хадзіў за ёй, злаваў, ды, урэшце, рашыў: усё, канец гэтаму глупству, гэтаму здзеку, адзін раз і назаўсёды. Як рашыў, так і зрабіў — выкінуў з душы, з памяці, нібы і не ведаў ніколі такой…

Як на шчасце, паявілася леснікоўна. Вясёлая, гаваркая, прынадная дзяўчына як з неба звалілася разам з бацькам сваім, новапрызначаным лесніком. Праўда, звалілася трохі далекавата — вёрст пяць з гакам у адзін бок, але што Яўхіму былі гэтыя пяць вёрст! Была б ахвота мераць іх, а ахвота гэтая тады поўніла яго: як ашалелы, ляцеў лесам, балотнай сцежкай да Верачкі.

Верачка была зусім іншая. Праўда, не кідалася радасна да Яўхіма, удавала сябе нават абыякавай, але Яўхім бачыў: рада яму, падабаецца ёй. За лесніковай пасадай так пахнуў смалою, млеў бор; у бары, без бацькі і маткі, што вельмі ж прыглядваліся да Яўхіма, Верачка неяк асабліва ружавела і чамусьці ўздыхала, уздыхала. Калі Яўхім прытуліў яе да сасны і абняў, яна не адштурхнула — сінія вочы Верачкі былі цёмныя, як вада перад навальніцай, губы прагныя… Здавалася, усё перамянілася. Няма больш хваробы гэтай, Ганны, ёсць толькі Верачка, адна — лагодная, пяшчотная, радая яму. І вось жа аказалася раптам, што ўсё гэта мана — нішто, аказалася, не перамянілася. Хвароба як была, так і асталася. І ўсё гэта адкрылася неспадзявана, умомант, у добрую ясную раніцу.

Колькі разоў успаміналася Яўхіму гэтая раніца, гэта сустрэча… Выпусціўшы з-пад шапкі з блішчастым казырком, ссунутай набок, хвацкі чуб, ішоў Яўхім па вуліцы. Ішоў к Верачцы. Не глядзеў ні на кога, рукі ў кішэнях сініх фарсістых галіфэ, папяроска ў ганарліва прыкрыўленым роце, нёс на казырку, на глянцы ссунутых гармонікам шыкоўных хромавых ботаў, адзіных у Куранях, сляпучы зырк сонца — быццам сам зырчэў. Ішоў — першы жаніх на ўсё сяло. Ззяла залітая святочным сонцам вуліца, ззяла і душа, поўная адчування маладосці, хараства свайго, сілы. Добра было ведаць, што блізка сустрэча на ганку лесніковай хаты, гарачы бор, Верачка, якая ружавее і ўздыхае…

І раптам усё знікла. Уміг. Як і не было. І бесклапотна-салодкае прадчуванне ўцехі, і леснікоўна, і ганарлівая сіла. І было б ад чаго: убачыў — проста яму на дарозе стаіць Ганна, таксама па-святочнаму вясёлая, у святочнай паркалёвай кофце з кветачкамі. Стаіць, жмурачы вочы ад сонца, лузгае семкі. Кагосьці, мусіць, чакае.

— Добры дзень! — павіталася з усмешачкай, гуллівай і хітрай, якая заўсёды дзіўна яго калола.

Яўхім, нібы незнаёмай, абыякава адказаў, намерыўся прайсці.

— Куды ето такі… наваксаваны?

Яўхім хацеў зрэзаць:

— Мабуць, не к табе!

— Уга! Я так і думала! — Яна засмяялася задзірыста. — Глядзі ты, усё адно як згаварыліся! І я не цябе чакаю!.. Да леснікоўны? — прытворна лагодна пацікавілася яна.

— Можа, да яе. А табе што? Зайздрасць бярэ?

— Канешне!.. Такі кавалер!.. Толькі — вочы ў яе, кажуць, у розныя бакі глядзяць. Праўда?

Яўхім зірнуў на яе як мог пагардліва і ўбачыў: яна задаволена смяялася — дадзела, раззлавала! Не ўправіўся Яўхім сказаць што-небудзь, каб яна прыкусіла язык, адвыкла назаўсёды кпіць з яго, як Ганна, азірнуўшыся, весела войкнула, спрытна і лёгка подбегам падалася прэч. На вуліцы паявіўся Дзятлік.

Яўхім плюнуў і, як бы нічога не здарылася, пайшоў сваёй дарогай. Ішоў, здавалася, як і дасюль, весела і бесклапотна, усё так жа пасмоктваў куплёную папяроску, думаў, што гэтая яе балбатня — пустое і сама яна нішто яму цяпер. І ўсё ж, падыходзячы да могілак, не вытрываў, азірнуўся — яна стаяла з Дзятлікам і чагосьці смяялася. З чаго, з каго?

Зайшоўшы за могілкі, за якімі яго нікому ў сяле не было відаць, Яўхім спыніўся, сеў на траву. Ісці да леснікоўны раптам расхацелася…

«Круцёлка языкатая! — не першы раз падумаў цяпер Яўхім, ступаючы побач з возам, што важка пакалыхваўся і рыпеў гужамі. — Ходзіць у зрэб'і падраным, а дзержыцца — як пані якая!»

Адсюль думкі Яўхіма пайшлі іншым кірункам. Думаў — як гэта недарэчна, бязглузда бывае часам у жыцці: адзін чалавек усёй душой табе прыяе, любіць бы яго ды любіць, а — не любіш, ён, дабрадзей, хіліцца да цябе, а ты абыходзіш, уцякаеш ад яго. А на другога і глядзець бы не трэба, не тое што блізка быць з ім, а ты і глядзіш, і сам ліпнеш душой да яго. І дзіўна, і прыкра было ўспамінаць: калі Ганна была ў полі, хоць і стараўся не глядзець у той бок, вочы як бы самі сабою сачылі за ёй. Бачыў, як жне, хутка, спрытна, як, разагнуўшыся, зморана ўзняўшы рукі, перавязвае хустку, як ідзе — памалу, але ганарліва — да біклажкі, п'е. Не мог глядзець абы-як — быццам абдымаў яе ўсю: увішныя голыя рукі, гнуткі, як у вужакі, стан, усё яе спрытнае, жаданае цела. Хоць не блізка была — чуў, як асабліва, горача пачынае біцца кроў, як сохне ў роце.

Трэба ж было дайсці да такога — з-за гэтай задзірлівай ганарліўкі вечарамі не сядзіцца ў хаце, начамі не спіцца. Выходзіш вечарам з адной думкай — як бы штосьці асобае — пабачыць, пачуць яе, і шкадуеш, злуешся, што яна рэдка ў гуртах дзяўчат і хлопцаў паяўляецца. Без яе як бы і вечар не вечар, і ноч не ноч. Калі ляжыш адзін у душнай хаце, сэрца аж гарыць, як падумаеш, што яна гэтым часам, можа, дзе-небудзь з Дзятлікам грэецца…

І трэба ж было, каб так усё павярнулася. Калі так далей пойдзе, то на Яўхіма, чаго добрага, пальцамі паказваць стануць, смяяцца… І сама яна, можа, найпершая, разам з гэтым недарэкам Дзятлікам… Не, хай толькі паспрабуюць ці яна, ці хто-небудзь — пабачаць!.. Ён і так даволі цацкаўся з ёй, хопіць далікацтва, трэба нарэшце ўзяцца рашуча, каб пачула, з кім жартуе. Узяцца так, каб дух ёй зацяло. Моцна, як мужчына!

«Прыціхне адразу. Памякчэе… Буць не можа, што не памякчэе!..» — падумаў Яўхім, раптам заўважыўшы, што пад'ехаў ужо к свайму гумну.

Сцяпан адчыніў вароты, і грузны воз пачаў асцярожна ўцісквацца ў зяпу гумна. Яўхім ішоў цяпер наперадзе воза, збоч каня, паглядваў, як уціскваецца воз, — і на момант на вочы яго насунулася цемра: воз закрыў святло, што біла з двара. Калі воз стаў сярод гумна, цемра ўжо як бы апала — святло зноў ішло ў вароты.

Пасля гарачага пяску і пылу дарогі нагам прыемна было чуць гладкі і цвёрды, як лёд, халадок току, свежую, прапахлую зямлёю і збажыною прахалоду гумна, што хутка сушыла пот на целе і адзенні.

Яўхім адматаў вяроўкі, што завязвалі рубель ззаду, кінуў іх на ток, зняў рубель і стаў падаваць віламі снапы Сцяпану, які стаяў цяпер ускрай сцірты, што стромка падымалася ў застаронку. Снапы ляжалі роўнымі радамі ўжо да палавіны страхі, а яшчэ не ўсё было звезена. Яўхім з радасцю падумаў, што поле каля цагельні і ў гэты год не падманула, урадзіла ўсім Кураням на зайздрасць.

«Палавіну на продаж пусціць можно… У еты год, мабуць, у цане будзе — нават у Алешніках не вельмі ўрадзіло… Як спрытно прадаць, то разжыцца можно непагано! Каня купіць у Юравічах дабрэннага можно, цяліцу і шчэ й на лес адлажыць грошай… Бо як ні кажы, а будавацца прыйдзецца… Калі жаніцца, то і будавацца, не інакш… На сваю волю, на сваю гаспадарку, што б там ні было!..

А жаніцца б — пара! Даволі пагайсаў, пагуляў — не да сівых жа валасоў жарабцом бегаць… Мо тады і зараза етая — Ганна — з галавы выйдзе… Выйдзе, канешне, — у пустом полі ўсякая трасца расце!..»

Калі ехалі са Сцяпанам назад, пад порсткі ляскат драбінак Яўхім уявіў, як прыедзе з жонкай, маладой, багатай, якую ён прывязе аднекуль — можа, з саміх Юравіч, бо ў Куранях пад пару яму, вядома, нікога няма, — як павядзе яе на свой ганак пад зайздрослівыя позіркі куранёўскіх нявест… «І кеб яна, канешне, була пры етым, бачыла маю радасць, маю перамогу!» — зноў згадаў Яўхім Ганну.

Але радасці ён і тут не пачуў — нешта не было ахвоты ўводзіць у хату гэту невядомую жонку. Не радасць, а сум нейкі лажыўся на душу, шкадаванне — нібы з гэтым вяселлем не набываў, а траціў. Як ні хацеў, не мог уявіць гэтую сваю будучую жонку, чуў, бачыў адну Ганну…

Плынь думак ураз абарвалася, калі конь выкаціў калёсы к павароту дарогі, за якім можна было ўбачыць Чарнушкаву паласу. Яўхім з нецярплівасцю, з хваляваннем зірнуў — як там Ганна, яшчэ з Дзятлікам?

Дзятліка ўжо не было на Чарнушкавай паласе, а Чарнушкі ўсе жалі. Яўхім убачыў Ганну, што вязала сноп, і паспакайнеў.

3

Кладучы снапы на воз, Яўхім заўважыў, што Ганна адышла ад сваіх, узмежкам падалася да лесу.

«Адна!.. Куды яна? — мільганула ў ім цікаўнасць. — Па маліны, ці што?..»

Яўхім хвіліну сачыў за ёй, як бы чакаў адгадкі. Ён пачаў хвалявацца.

— Ты што? Аслеп? Не бачыш? — крыкнуў Яўхіму стары Корч, трымаючы на вілах сноп.

Яўхім схамянуўся, але думка пра тое, куды пайшла Ганна, ужо не адыходзіла. Стараючыся класці снапы ў час, ловячы тыя моманты, калі стары адварочваўся, каб узяць сноп, Яўхім падсачыў, куды пайшла Ганна, — думаў, як бы хутчэй далажыць воз, як адчапіцца ад бацькі, вырвацца туды, услед за ёю.

— Ну, хопіць! — нарэшце сказаў Глушак-стары, і Яўхім, зачапіўшы рубель, які яму падаў Сцяпан, з радасцю саскочыў на пожню, стаў борзда ўціскаць воз.

— Яшчэ разок! Яшчэ!.. Г-гах!.. — камандаваў Яўхім Сцяпану, цягнучы вяроўку так, што аж гарэлі рукі. Тузануўшы вяроўку апошні раз, Яўхім, каб не развязалася, некалькі разоў спрытна зашмаргнуў канец яе на выцертым да бляску рублі, пляснуў брата па плячы.

— Да самаго Мозыра можно везці!..

Ён тут жа нагнаў на сябе выгляд паслухмянасці і пакоры, насцярожана зірнуў на старога.

— Арэшынкі нагледзеў надысь… На абручы акурат… — Яўхім чуў, як маці ўранку прасіла старога набіць новыя абручы на бочку.

— Арэшынкі! Знайшоў час… — нязгодна прабурчаў стары.

— Час не час — да ненарокам ссякуць!.. Удалыя вельмі!..

Стары памаўчаў, і Яўхім зразумеў: хітрасць удалася! Можна пайсці!

— Бяры лейцы! — сказаў ён Сцяпану ўсё з той жа паслухмянасцю, нібы перадаваў бацькаў загад. — Не адвыкай ад навукі мужыцкай! — на ўсякі выпадак нагадаў ён брату звыклую бацькаву параду.

Стары не адгукнуўся на гэты сынаў хітрык.

— Кеб не бадзяўся там вельмі! Вернешся, абгледзь тут — мо калоссе дзе-небудзь засталося, падбяры!

— Добра…

Яўхім пачакаў, калі бацька загадае ехаць, — упёршыся ззаду ў снапы, памог каню крануць воз, пасля таго як воз крактануў, хітнуўся, рушыў, яшчэ некалькі крокаў прайшоў услед, усё памагаючы плячом.

Калі ж адстаў, Яўхім кінуў на бацьку зладзейкаваты позірк і, ледзь стрымліваючы вялікі прыліў нецярплівасці, хутка пайшоў к лесу. Ішоў ён не проста туды, дзе схавалася Ганна, а бліжэй к сваёй паласе — асцерагаючыся лішне цікаўных людскіх вачэй, думаў падабрацца к Ганне нявідна, лесам.

Чым бліжэй падыходзіў да лесу, тым мацнелі ў яго гарачае хваляванне, неспакой і нецярплівасць, якія гналі яго — хутчэй, хутчэй! У яго ледзь хапіла развагі, каб не пабегчы. Хутчэй, пакуль не адышла далёка, не прапала ў зарасніку: зойдзе, залезе ў гушчар — век не знойдзеш!..

Ледзь дапаў да лесу, парывіста нырнуў у жаданую засень: нарэшце можна пабегчы, не асцерагацца людскіх вачэй. Хацеў быў адразу ж кінуцца ў зараснікі і раптам хіснуўся назад, як бы наткнуўся на дрэва: насустрач — трэба ж, каб так не ў час! — выскачыла Хадося.

— Яўхімко! — кінулася Хадоська к яму.

Гэта было так неспадзявана і недарэчна, што Яўхім момант як бы нічога не цяміў.

— А-а!.. Ты… чаго тут?..

— Так, зайшла от! Захацелася от, сама не знаю чаму! Я і зайшла! Нібы чуло сэрца!.. — Яна гаварыла з радасцю, але Яўхіму чуўся ў яе голасе нейкі затоены сум. І праўда, яна паскардзілася ўслед: — Я ўжэ так нудзіцца пачала!

Губы Хадоські вінавата скрывіліся. З гэтай журботнай, дзіўна застылай усмешкай яна ступіла да Яўхіма, хацела, відаць, прытуліцца да яго, але Яўхім адкаснуўся, павёў вачыма ўбок:

— Т-ты чаго?!. Людзей не сорам?

— А што мне — людзі!.. — адказала яна раптам з адчаем і нейкай рашучасцю, якая насцярожыла яго.

— Калі табе ўсё адно, то мне — не ўсё адно!..

Яўхім заўважыў, што твар яе блеклы, нездаровы, вочы запалі, шчокі адвіслі — нібы не дзяўчына, яблыка наліўное, а чэзлая падалка. І ўся яна — як ён дасюль не бачыў? — была нейкая зморшчаная, як бы хворая без надзеі, як бы без крыві — непрывабная, непрыемная. Нават агідная.

Нашто ён звязаўся з ёю, даў ёй хадзіць з ім, ліпнуць? Ну, што было тады ў саломе, тое было, бедаваць няма чаго. Але чаму ён пасля яшчэ важдаўся з ёю, плаціў за рэдкія ўцехі з ёю такой вялікай цярплівасцю, слухаў яе бясконцыя страхі, папрокі, напамінкі, суцішаў слёзы. Замест таго каб адразу адрэзаць, адшыць. Бачыў жа, як ліпне!.. Дык не ж, вясной трэба было яшчэ і ў свіран ноччу прывесці! Добра, што не падгледзеў ніхто!.. Дурань, дурань!..

— Не хадзі за мной! — сказаў Яўхім строга. — Хопіць!

— А ці ж я хаджу!..

— І так жанкі языкі чэшуць!..

— І ніхто не чэша!.. Выдумляеш ты!.. Здаецца табе! Ніхто нічога не кажа!

— Не хадзі!

Даўно б, здаецца, час зразумець, што не пара яму, што кончана ўсё, дык не ж — бегае, як сабака! І глядзіць, як сабака!

— Забудзь!

Ён хацеў пайсці далей. Але яна ўхапілася за руку, спалохана крыкнула:

— Яўхімко-о!

— Адыдзі, сказаў!

Яўхім хацеў узяць ад яе руку, яна не пусціла. Ухапілася другой за пінжак.

— Яўхімко, я… я… — Хадоська захліпвалася ад слёз.

— Пусці!

— Яўхімко! Я… Я — грубая*!

* Цяжарная.

Як ні быў рашуча настроен Яўхім, ён на момант абмяк.

— Што?

Яўхім паглядзеў на яе, зразумеў: кажа праўду. Вочы пачырванелыя ад слёз, скрыўлены болем рот, мокрыя, дрыготкія, як студзіна, шчокі — ва ўсім было відаць вялікае гора. Яна ўся курчылася, дрыжала ад бяды, ад пакуты. Вось, значыцца, чаму яна такая хваравітая!

Дабегаўся, дагуляўся! Дакруціўся так, што далей ужо няма куды! Як і выкруціцца, невядома! «Добра, што ніхто не бачыў, як у свіран хадзілі!» Убачаць, усе ўбачаць!.. Не адышоў у свой час, дурань!

Як жа цяпер быць? Што рабіць?..

— Нагуляла, значыцца?.. Цяпер шукаеш, хто вінаваты?..

— Яўхімко! — застагнала Хадоська. — Бойся Бога! Ці ж я шчэ з кім, акрамя цябе?

— А хто знае! Толькі — ад мяне не магло!

— Яўхімко!

Але Яўхім не хацеў ужо слухаць. Кінуўшы яе ззаду, ён, аднак, неўзабаве прыпыніўся, вярнуўся да яе, што ляжала, уткнуўшы галаву ў траву, захліпаючыся ад адчаю, прамовіў мякчэй:

— От што! Вазьміся за розум, калі не хочаш, кеб людзі смяяліся! — Ён пачакаў, калі Хадоська сціхне, але зразумеў, што не дачакаецца, азірнуўся, сказаў нецярпліва: — У Глінішчах е знахарыха…

Хадоська як бы і слухаць не хацела яго шчырай парады. От і жадай ты дабра ёй, спрабуй памагчы гэтай слязліўцы! Усё ж са злосцю дагаварыў:

— Яна ето ўмэнт!.. Выкіне!.. Чуеш?

Хадоська ў адказ толькі прастагнала. Яўхім пастаяў трохі, потым, як бы пабачыўшы, што важдацца больш няма ніякай карысці, пайшоў сваёй дарогай. «От чорт! — думаў ён, прадзіраючыся праз хмызняк. — Трэба ж, кеб так выйшло! Було ж кеб што асаблівае, кеб любоў там якая, ці што. Кеб хоць сох так, як па етай, па Ганне! Дак не ж, балаўство адно… А цяпер от думай! Чакай, чым кончыцца!..»

Настрой быў цяпер зусім не такі, як да сустрэчы з Хадоськай, сапсаваны быў настрой. Яўхім ад гэтага неўзабаве нават стаў у зарасніку, задумаўся: ісці ці не ісці цяпер шукаць Ганну? Ужо як і не было нядаўняй нецярплівасці і лёгкасці — да ўсяго прыйшла неспакойная думка: «Кеб хоць не расплакалася етая слязліўка перад Ганнай… Яны ж як-ніяк прыяцелькі…»

Але думаў, трывожыўся Яўхім нядоўга. Хадоська — то адно, а Ганна — зусім іншае. Што ж яму цяпер — і глядзець ні на кога няможна? Манахам стаць у маладыя свае гады? Ад таго, што нейкая дурніца прыліпла?

І наогул, хіба гэта мужчынская справа — за дзеўку думаць? Сама прыдбала, сама няхай і думае, як збыць!..

Яўхім палез далей праз зараснік — азірнуўся, прыслухаўся, дзе яна, неадчэпная Чарнушка?

4

Ганна, убачыўшы яго, не здзівілася, не занепакоілася — зірнула абыякава і зноў стала выглядваць, выбіраць маліны. Кусты былі цёмныя, густыя — яна разводзіла лісце, даставала ягаду за ягадай, клала ў жменю. Яўхім пастаяў, чуючы ў сабе недарэчную нясмеласць, падышоў да Ганны, сказаў лагодна:

— Памагці, можа?

— А мне і самой не трудно! — адказала яна, разумеючы яго няхітры подступ. Яна нават не зірнула на яго — як і раней, выглядвала, выбірала маліны.

Яўхім побач з ёй таксама пацягнуўся за ягадай.

— Усё-такі з памочнікам спарней!

— Гледзячы які памочнік!..

— А хіба — паганы? — паспрабаваў ён пажартаваць.

— Добры, значыцца?.. Любіць аржаная каша сама сябе хваліць!

— А чаго і не пахваліць сябе, калі другія не хваляць. Можа ж, і е за што!

— Уга! — толькі і сказала яна з насмешкай.

Яўхіму кінулася ў вочы, пад парванай ніжэй пляча зрэбнай кофтай, паска смуглай скуры, і горла перахапіла гарачая рэўнасць.

— Дзятлік твой, можа, лепей?

Ганна адказала спакойна:

— Як для каго…

На загарэлай, аж чорнай шыі яе пад зборам павязаных паркалёвай хустачкай чорных, з бляскам валасоў віўся лёгкі, дзіўна светлы пушок.

— Ні да чаго ўсё ето! — прамовіў ён як мог весела, бесклапотна.

— Што — ні да чаго?

— Выдумляеш, сама не знаеш што! Усё адно не выкруцішся!

— Ад цябе?

— Ад мяне.

— Уга! Спужаў! — Ганна засмяялася, і смех гэты распаліў упартасць у ім.

— А што ты такое асобае? Не дзеўка хіба?

— Дзеўка-то дзеўка. Ды і куры, кажуць, не ўсе рабыя. Не адзінакія… Не адзінакія, можа, і дзеўкі?.. Не ўсе ж, мабуць, як… Хадоська?!

Яўхім ад нечаканасці аж анямеў. «Знае? Знае ўжэ! Чаму яна ўспомніла? Выказала ета слязліўка?»

Трэба было ўсё ж нешта рабіць, выбірацца з пасткі. Можа, яна гэта проста так, незнарок сказала? Можа, яна і не ведае ўсяго?

— Хадоська — што? — прамовіў ён насцярожана. — Хадоська, канешне… дзеўка… непаганая… Не супроць… Толькі — не да душы…

— Ужэ не да душы?

— А калі яна була да душы?.. Так толькі, што хілілася ка мне, а крыўдзіць шкода було… Не гнаў… Няхай хіліцца, мне што?..

Ганна зірнула на яго, як бы хацела пабачыць — праўду ці няпраўду кажа, — але не прамовіла ні слова, і Яўхім паспакайнеў: не знае.

Колькі часу рвалі маліны моўчкі. Як і Ганна, ён набіраў поўную жменю, ссыпаў у гладышку, што стаяла каля яе ў траве. Яна не хваліла яго, не пярэчыла, як бы і не заўважала. Калі-нікалі было так, што рукі іх сутыкаліся, і, хоць яна адразу ж адхіляла свае, як бы дакрануўшыся да чагосьці непрыемнага, Яўхім чуў, як у ім горача, нецярпліва дрыжыць усярэдзіне, сохне ў горле. Яна была так блізка, такая завабная, такая жаданая нават у сваім абшматаным зрэб'і.

Чым больш Яўхім крадком глядзеў на яе, тым больш сохла ў горле, цяжэй было зноў завязаць гаворку.

— Ты от — не такая… Другая!.. — выціснуў ён, стараючыся гаварыць як бы жартам. — І што ў цябе такое, кеб знаць? Чым ты мяне прысушыла?

— Відаць, што высах! Адны шчэлепы!

— А хіба — не?.. Ты, мабуць, у глінішчанскай знахаркі зелле такое ўзяла!

— Пляцеш немаведамо што!

— Я пляту? Сказала!..

Яўхім раптам абхапіў яе, адной рукой за плечы, другой — за шыю, неспадзеўкі горача зашаптаў:

— Ганна!.. Гануля!..

Ён хацеў прытуліць да сябе, але Ганна ўперлася яму локцем у грудзі.

— Ты — чаго ето?!. Пастой!

— Не, цяпер ужэ не абдурыш! — Ён паспрабаваў усміхнуцца, але ўсмешка выйшла невясёлая, крывая.

— А нашто мне абдурваць? — Яна паморшчылася, як ад болю. — Не цісні!.. Дыхнуць няма як!.. Чуеш?!.

— Усё адно — не пушчу…

— Дурны ты, гляджу я… — прамовіла яна, цяжка дыхаючы. — Ей-богу… Так з выгляду — галава, не качан… а розуму — як у дзіцяці…

— Пазычаць не стану… Хопіць на мяне…

Яна адразу ўхапілася за яго словы:

— Малавато… Не шкодзіла б і пазычыць… Вырас да неба, а як да каторай дзеўкі падысці — не знаеш… Думаеш, сілаю ўсё можно…

— А чаго ж — калі сіла е…

Яўхім пацягнуўся пацалаваць яе, але яна адкінула галаву — не дастаць.

— «Чаго, чаго»! — з насмешкай, як старэйшая, прамовіла яна. — То-та і відно, што розуму аж лішне…

Як ні цяжка было думаць Яўхіму, ён заўважыў, што гаворыць яна не таму, што ёй хочацца гаварыць гэта, што за насмешліва-павучальнай гаворкай яе тоіцца незразумелая хітрасць. З панталыку збіць хоча, ці што?

— Ну, ну, хопіць! Позно вучыць!..

— А не шкодзіло б! — зноў падхапіла яна. Укалола: — Бо, мабуць, другія не навучылі?.. Хочаш, навучу?..

— Дарэмно стараешся! — сказаў ён тонам пераможцы, які добра бачыць чужыя хітрыкі.

— Хочаш, скажу, як… да мяне падступіцца?..

— Да цябе?

Хоць Яўхіму здалося, што і тут тоіцца нейкі разлік, словы гэтыя ўсё ж зацікавілі яго.

— Сказаць? — Ганна паварухнулася, папрасіла: — Ты пусці, а то так няёмка…

— І не думай!.. Ну, дак што трэба, кеб ты палюбіла?

— Што? Скажу!.. — Яна цвёрда зірнула яму ў вочы. — Адно — дабрата! Па-добраму кеб!

— А-а… А я думаў, чорт знае што! — засмяяўся Яўхім.

Ён моцнай сваёй далоняй прыціснуў да сябе яе галаву, хацеў пацалаваць.

— Людзі!.. — жахнулася яна, як бы кагосьці заўважыўшы.

Але Яўхім і не азірнуўся:

— Вучаны! Не абдурыш!

Ён сілком пацалаваў яе ў шчаку. У той жа момант Ганна так ірванулася, што Яўхім ледзь утрымаў яе, але ўсё ж утрымаў. Бачачы, як пацямнеў ад натугі і злосці смуглы твар яе, ён з гордасцю ўхмыльнуўся: што, паспрабавала падужацца?

— Пусці!.. — глянула яна на Яўхіма гарачымі, поўнымі нянавісці вачыма.

Калі ён убачыў гэты яе позірк, у яго раптам як бы паслабелі рукі: можа, і праўда пусціць? Можа, лепей па-добраму з ёй? Але хто гэта ў Куранях з добрых, сапраўдных хлопцаў саступаў дзяўчатам, рабіў, як яны хочуць? Мужчына ёсць мужчына… Яўхім бачыў, як б'ецца часта-часта жылка ў яе на шыі, адчуваў плечы, грудзі, усё яе пругкае, дужае, жаданае цела, што столькі часу неадольна трывожыла, не давала ні ўдзень, ні ўночы спакою. Ён столькі трызніў аб гэтай хвіліне, і вось нарэшце Ганна — не ў сне, а ў яве — у яго руках!..

Не, хай хоць што, ён не пусціць яе! Хай знае, што такое Яўхім, яго абдымкі, другі раз, можа, будзе мякчэйшая, шанаваць больш стане. Ап'янелы ад яе блізкасці, Яўхім жыў цяпер нейкім дзікім шалам, дзікай радасцю сваёй сілы, улады над здабычай сваёй…

— Пусці!.. Плюну!..

Што яна магла яшчэ зрабіць, чым заступіцца за сябе, бяссільную перад ім? Бачачы, што ён, як і раней, не паслабляе рук, поўная крыўды, злосці на сваю бездапаможнасць, на яго перавагу, Ганна з роспаччу і нянавісцю плюнула яму ў твар, проста ў тхарыныя вочы!

Яўхім, як бы яго ўдарылі, тузануўся, гнеўна прахрыпеў:

— А, дак ты!.. — са ўсёй сілы, з ярасцю сагнуў яе ў стане, кінуў на траву.

Яны ўпалі разам — Ганна, горача дыхаючы, задыхаючыся, спрабавала вырваць з яго абдымкаў рукі, упіралася, як магла, у грудзі яму, збіраючы ўсю сваю сілу, білася адкінуць. Хто б мог падумаць, што яна такая дужая, гэтая ганарлівая Чарнушка, — распалены злосцю, яе гарачай блізкасцю, Яўхім ледзь-ледзь мог утрымаць яе.

Ён усё больш шалеў ад яе блізкасці, ад барацьбы з ёю. Ужо ні аб чым не думаў, у галаве быў нейкі гарачы, важкі туман. Было толькі адно тупое жаданне — не даць ёй вырвацца, не выпусціць, адужаць…

У шале барацьбы — сам не ведаў, як гэта здарылася, — на момант узняў руку, каб выцерці вочы: чаму тады захацелася зрабіць гэта, ён і потым зразумець не мог. Можа быць, што вочы туманіў пот. А можа, нават пасма чуба ўпала на іх, не мог прыпомніць. Усё было як у трызненні. Ды і як тут успомніць, калі ў наступны момант здарылася такое, што ўраз забылася ўсё на свеце.

Ён управіўся яшчэ заўважыць, як яна спрытна выхапіла руку з-пад яго, але апярэдзіць яе не змог. Не змог уцяміць нічога, як нос хруснуў. Ад болю аж зацяло дыханне. Яўхім мімаволі адхіснуўся — боль сляпіў, ламаў пераносіцу, лоб. Хапіўся рукамі, спалохана памацаў нос — думаў, пераламала. Не, нос быў цэлы, але ж боль, боль які ішоў!.. Трывожна мацаючы твар, як бы шукаючы, Яўхім знайшоў над губамі штосьці ліпкае — ішла кроў.

«Кеб трохі, твар пакалечыла б, гадаўка!» — падумаў Яўхім, кідаючы на Ганну люты позірк. Яна была ўжо наводдаль, сядзела наўколенцах, трымала напагатове сук. Глядзела насцярожана, непадступна, гатовая ўскочыць, адбівацца, гатовая на ўсё.

Кофта ад пляча да грудзей была разадрана, і яна, перахапіўшы Яўхімаў позірк, прыклала да смуглай голай паскі руку.

Ледзь толькі Яўхім варухнуўся, Ганна прыпаднялася, ускінула сук.

— Падыдзі толькі!

Яўхім абыякава сеў.

— Трэба ты мне!..

Ён не маніў: яму і праўда не хацелася ўжо зноў пачынаць валтузню з ёю. Раптам прапала ўсякая цікавасць да Ганны.

— Як сабаку пятая нага, так ты мне трэба!..

— Рукі ледзь не папераломваў, кныр паганы!.. Засляпіў вочы і лезе, жарабец дурны!.. Думае, усё яму можно!.. Захацелася, дак пашукай кабылу, а ка мне не лезь!.. — Яўхім, і не гледзячы на яе, адчуў на сабе пагрозлівы позірк. Прамаўчаў. — Кохту парваў усю!.. У сяло хоць не паказувайся!..

— Кеб трохі, вока магла б выбіць!

— Магла б! Не лезь!..

«Чым яна ўдарыла? — прайшло ў Яўхімавай галаве. — Сука ў яе не было, сук яна потым узяла. Локцем, мабуць… Ніколі не думаў, што так можна ўдарыць локцем. Як шворнем усё адно!..» Яўхім падняўся, стаў абтрэсваць зямлю, травінкі са штаноў, з рукавоў. Ганна таксама ўжо стаяла, як і раней, наводдаль, усё з тым жа сукам.

— «Не лезь»! — пагардліва скрывіўся Яўхім. — За вярсту не падыходзь!.. Падумаеш — каралева!

— Каралева не каралева, а не лезь!

— Не етакіх бачыў…

— Дак і ідзі да етых, да лепшых! Чаго ж лезеш?

— І пайду! Па табе, думаеш, сохнуць буду! Аге, чакай! Дачакаешся, можа, — на том свеце!

— От і добра! Хоць раз штось разумнае сказаў!

Яўхіма, здаецца, мала ўзрадавала гэтая пахвала. Ён кінуў абтрэсвацца, выцершы кроў з-пад носа, сказаў, злуючыся:

— Ну, от што вы такое, Чарнушкі, што нос дзярэце? Ну, от што вы перад намі? Нішто, ноль, можна сказаць! Галота дзіравая…

— От і ідзі да багатых! Можа, і знойдзеш каралеву!

— І пайду! Дазволу не папытаюся! У Глінішчы, у Юравічы пайду, куды захочу! Такога цвету па ўсяму свету, і не такіх, як ты! Любая на багацце — як муха на агонь! Ідзі, выбірай, абы толькі ахвота була!

Ганна не ўтрывала, падчапіла кпліва:

— Ахвота ж, здаецца, е!

Яўхім прамаўчаў, як бы паказваючы, што на ўсякае глупства не хоча звяртаць увагі. І ўсё ж кончыць гаворку тым, што ён толькі што сказаў, здалося яму мала — няхай не пасміхваецца, не думае, што ўзяла верх, што ён паддаўся ёй, адступаецца зусім.

— Захочу — будзеш маёй! Усё адно не выкруцішся!

— Уга! Спужалася! — засмяялася Ганна, але адразу ж змоўкла, заўважыўшы, як грозна зірнуў Яўхім.

— Глядзі! — папярэдзіў ён і пайшоў ад яе, важка топчучы траву.

5

Пад вечар мачыха ўбегла ў гумно, задыханая, раскудлачаная, яшчэ з варот кінула ўзрушана:

— Чуў?

Чарнушка, што падмятаў ток, азірнуўся, спакойна запытаўся:

— Што?

— Што?! Пытаешся!.. Усё сяло гудзе! Адзін ты не знаеш нічога! Сядзіш тут, як сляпая сава!..

— Дык што такое? Скажы толкам!

— Што? А табе б самому знаць трэба! Ды мне расказаць — не мая дачка, твая!.. Бацько!.. Глядзеў бы лепей, дак не пытаўся б!

— Ды можаш ты сказаць па-людску?

— Па-людску? Ой, Божа ж! Язык просто не паварочваецца!.. — Мачыха ледзь не залямантавала: — Яўхім Карчоў — Ганну…

— Чаго пляцеш?

— Пляцеш? Кінь мятлу ды выйдзі на вуліцу, паслухай!.. Хто дзе стаіць — каля плота, каля калодзезя — ва ўсіх толькі і гаворкі!.. Адзін ты — як цецярук!

Чарнушка адразу спахмурнеў, згорбіўся.

— Калі ў лес па маліны хадзіла… — паясніла мачыха. — Бачыў, якая прыйшла?.. Кохта якая була?..

Чарнушка слухаў, як нямы. Як у тумане, згадалася яму, які дзіўны выгляд быў у Ганны, калі вярнулася з лесу. Твар узрушаны, вочы неспакойныя, чамусьці адводзіла іх убок, старалася трымацца асобна. Калі вязала сноп, рукі як бы не слухаліся, і звязала пагана: ён сказаў ёй, каб перавязала… І кофта, кофта была падраная, ён сам бачыў. Праўда, яна сказала, што за сук знянацку зачапілася, але — хіба яна не магла зманіць?..

— Горачко ж, гора, — залямантавала ціха, каб не чулі злыя людзі, Чарнушчыха. Яна, аднак, тут жа перайшла на іншы, рашучы лад: — Але хай ён не радуецца, Корч руды! Хай не думае, што як ён багацей, то яму і ўсё можно! Мора яму па калено! Закаецца! Закаецца ён — жыць я не буду! У суд, у суд на яго! У цюрму яго, кныра рудога! У цюрму! У Сібер!

Цімох нарэшце нібы ачнуўся, запытаў:

— Дзе Ганна?..

— Ганна?.. Пайшла па картоплю… накапаць…

Чарнушка кінуў у куток мятлу, выйшаў з гумна; хутка, з не ўласцівай яму паспешлівасцю рушыў на загуменне — так што мачыха ледзь упраўлялася за ім. Выйшаўшы за гумно, за пустую загуменную дарогу, ён на другім баку агарода каля самага жардзянога плота ў першым цёплым поцемку ўбачыў дзве постаці, што корпаліся на бульбянішчы.

Ганна была не адна, побач стаяла Хадоська, але Чарнушка быццам і не заўважыў яе. «Усё адно, нашто хаваць, калі ўсе Курані гавораць…» Ды калі б было і так, што ў сяле ніхто не ведаў бы, Чарнушка, відаць, усё роўна не спыніўся б ад таго, што побач хтосьці чужы, — ён не мог чакаць ні хвіліны.

— Праўда ето? — грозна стаў ён перад дачкой, якая здзіўлена трымала корч бульбы.

— Пра што вы, тато?..

— Пра што? — Чарнушка неспадзявана абмяк, жаласна скрывіўся. Губы яго пакрыўджана і бездапаможна задрыжалі — пра што? Хацеў сказаць і не мог, замест слоў адно пачулася ў горле пакутнае бульканне.

На падмогу прыйшла мачыха:

— Сяло ўсё кажа, што Яўхім Карчоў цябе… ссільнічаў…

Бульбяны корч выпаў з Ганніных рук. Яна збянтэжана зірнула на Хадоську, якая раптам стала белая, як нежывая. «Усе знаюць! Усё сяло кажа… — праплыло ў галаве ў Ганны. — Ссільнічаў!.. Але як яна пабялела, Хадоська!.. Ссільнічаў, кажуць!..»

— Няпраўда. Плёткі ўсё, — нарэшце ціха прамовіла Ганна.

Бацька нібы не паверыў.

— Плёткі?

— Плёткі. Брэшуць.

Бацькавы губы перасталі дрыжаць. Ён паспакайнеў.

— Ну, калі так…

— А кохту хто парваў? — не паверыла мачыха.

— Хто ні парваў — толькі не було таго. Брэшуць.

— Не було, значыць?

— Брахня, кажу.

— А можа, ты баішся? — не здалася, як бы пашкадавала, што ўсё аказалася толькі плёткай, мачыха. — Мо ён пастрашыў?.. То ты не бойся! Цяпер не тое, што колісь, цяпер — парушыў дзеўку, дак жаніся, не адкручвайся! А не — дак перададзім у суд. Так прыпаяюць, што на том свеце каяцца будзе!

— Не було, кажу!

— Не було?..

— От бо! Што ж мне, бажыцца трэба!

— Калі не було, то не було! — адказаў прымірэнча, з палёгкай бацька. Гэтыя словы больш адносіліся ўжо не да Ганны, а да мачыхі: бацька канчаў прыкрую гаворку. — От табе і «ўсё сяло гаворыць»! Мало што выдумаюць, калі язык засвярбіць!.. Хадзем!

Ён пайшоў па сцежцы к гумну ўжо ціха, спакойна. Мачыха ж брыла без ахвоты, як бы не высветліўшы ўсяго…

Пасля таго як яны адышлі, Ганна і Хадоська трохі стаялі моўчкі. Ганна ўспамінала размову з бацькам, з мачыхай, не магла супакоіцца — трэба ж, каб нагаварылі на яе такога! Ссільнічаў! — ахвота ж людзям языкамі плясці!.. Хацеў, спрабаваў, ды, мусіць, і цяпер нос свой мацае… І ўсё ж хоць і не вінавата была, думаць, што ідзе, паўзе па сяле такая слава пра яе, было крыўдна: нібы гразёю ні за што ні пра што абпэцкалі!

Яна раптам заўважыла, што твар у Хадоські вельмі ўзрушаны, няшчасны, і ёй стала шкада «канаплянкі».

— Не було нічога. Праўду сказала.

— А я думала — мо… бацькі баішся?.. — вінавата сказала Хадоська. Яна выціснула: — А хто ж… кохту парваў?..

— Ён — Корч еты…

— Такі… чапляўся?..

— Чапляўся. Толькі — не дабіўся нічога.

— Чапляўся!..

Хадоська неспадзеўкі адвярнулася, закрыла твар далонямі, затрэслася.

— Ну, чаго, чаго ты! Не було ж нічога… Ей-богу, не було… Раўнуеш? От, дзівачка!.. Не трэба ён мне! Падумаеш, дабро якое!.. Бяры яго сабе!..

Яна ўжо не ведала, што сказаць: Хадоська не слухала, аж заходзілася ад плачу. Са слязьмі яна раптам і пайшла ад Ганны, не выбіраючы сцежкі, спатыкаючыся на бульбоўніку, пералезла цераз плот і ценем пасунулася па полі. «І трэба було мне вякнуць, што чапляўся ён!» — пашкадавала Ганна, з трывогай сочачы за яе постаццю…

Абтрэсваючы зямлю, абабіраючы бульбіны з нітак-карэнняў, яна думала то аб тым, якое недарэчнае гэта Хадосьчына каханне, то — найбольш — пра непрыемную плётку. Было ці не было, а гразь гэтай плёткі, чула яна, надоўга прыліпне, не хутка і не ўсе павераць, што нічога не было, што Яўхім ды не дабіўся. Паспрабуй дакажы, што няпраўда, — будуць гадка пасміхвацца, абзываць будуць, глядзець, як на абпэцканую. Не сама запэцкалася, дык другія запэцкалі, а гразь усё ж на табе. І будзеш з ёю. І не змыеш. Хто паверыць, той паверыць, а хто не, той — не!..

І няхай не верыць, хто не хоча! Што яна — жыць не будзе, калі хто будзе думаць пагана! Што ёй — жыць не жыць ад дурной плёткі? Як людзі да яе, так і яна да іх! Добра — дык добра, а не — дык не! У яе свой гонар ёсць!..

Ганна ўзяла лазовую каробку, закінула за плечы і цвёрда пайшла сцежкай к загуменнай дарозе, к гумну, к хаце. Так, бедаваць попусту яна не будзе! Не будзе гараваць без віны, не дурная! А людзі — як хто да яе, так і яна да іх! Сумная яна не будзе. Не з такіх!

Усё ж, як яна ні хацела, трывога не пакідала яе, прымушала глядзець наперад з непакоем і аберажлівай насцярожанасцю. Ужо не так проста, як дагэтуль, не лёгка і не бесклапотна думалася пра тое, што вось раптам хто-небудзь сустрэнецца, — як паглядзіць на яе, як яна — на яго? Раней пра гэта яна наогул не думала, а цяпер, падыходзячы к дарозе за гумнамі, нават прыцішыла хаду — пачула, хтосьці едзе на кані.

Зводдалек пазнала — трэба ж так здарыцца — ехаў на Гузе Васіль. Хвалюючыся, выйшла на дарогу, пачакала, пакуль не пад'едзе. Сустрэчы з Васілём і чакала і баялася: ведала, які раўнівы, асабліва да Яўхіма. І вось, звесіўшы босыя ногі, бялеючы адзежай, Васіль акурат ехаў.

Чуў ці не чуў ён? А калі чуў — ці паверыў? Няўжо мог паверыць?.. «Мог — раўнівы, недаверлівы!..» — прайшла ў галаве ў Ганны неспакойная думка. Але другая адразу ж запярэчыла: «Не, не мог, не павінен верыць другім». Ёй — адной — верыць павінен! Калі не паверыць, не супакоіць яе ён, хто ж тады?

Бачыла, што і ён ужо заўважыў яе, занепакоіўся, першы момант знянацку нават каня прыпыніў. Потым строга штурхнуў каню ў бок нагою, панура, не гледзячы на яе, стаў набліжацца. Ганна насцярожылася.

Калі Васіль пад'ехаў, Ганна раптам убачыла, што ён не збіраецца спыняць каня — гаварыць нават не хоча! Яна ступіла наперад каню, спыніла.

Васіль, як і раней, не глядзеў на яе. Маўчаў. Маўчала трохі і яна, пакрыўджаная, абражаная.

— Чуў? — сказала нарэшце з выклікам.

— Чуў…

— Знаеш усё, значыцца?.. Паверыў?

— Гавораць — дак штось е… Дыму без агню не бувае…

— Аге, значыць, було ўсё?

— А можа, не? — ён не пытаўся, ён быў упэўнен.

— Дак ты лепей знаеш!

— Лепей не лепей. Другія бачылі, сказалі…

— Хто — другія? Хто — бачыў?!

— А не ўсё адно? Хто бачыў, той бачыў.

Ганна не знайшла што і сказаць. Ад крыўды, ад злосці на яго ў грудзях паліла, думкі блыталіся.

— Дак, можа, ужэ і не прыйдзеш? — сказала як бы з насмешкай.

Ён трохі памаўчаў.

— А чаго хадзіць?.. Няхай другія цяпер ходзяць!.. — Ён скрывіўся з крыўдай і, заўважыла яна, з гідлівасцю. — Багацейка! Карчыха!..

— Дурань!!!

— Канешне. Дурны. Усе бедныя дурныя. Корч — разумны!..

— Разумнейшы! У сто, у тысячу разоў!

— То-та і круцілася ля яго! І дакруцілася!

— Не твой клопат! Не твая бяда! А мне, можа, — анігадкі! Я, можа, і рада?!

Яна ўзрадавалася, калі ўбачыла: такі ўкалола. Аж засоп важка ад крыўды. Так яму і трэба!

— А то гавораць, — прамовіў ён, нібы спрачаючыся з некім. — Можа, не па сваёй ахвоце? Можа, ён сілаю?.. — Васіль хмыкнуў. — Сілаю!..

— Па-добраму, па згодзе ўсё було! — пацвердзіла яна. І раптам не вытрывала, сказала шчыра, з болем, з пагрозай: — Я етаго табе не забуду! Прыпомню калі-небудзь!

Яна адразу адвярнулася і пайшла з дарогі на гумнішча. Васіль і не зірнуў, ткнуўшы босай нагой у бок Гуза, падумаў са злосцю: «Бач, шчэ грозіцца: „Не забуду!“ Пакрыўдзілася шчэ!.. Сама такое вытварыла, а шчэ крыўдзіцца!..»

Ён не заўважыў, як конь прайшоў загуменную дарогу, як завярнуў на ўзболатак. Успамінаў слова за словам яе гаворку, тое, што казаў Зайчык Іван, зазірнуўшы к яму ў гумно: «Не першы раз ето! Даўно ўжэ склешчыліся, толькі што не бачыў ніхто… Шчэ як у Юравічах сядзеў, пачалося!..»

«От, хітрая! — успаміналіся Зайчыкавы развагі. — І з ім круцілася, і табе галаву дурыла. Думала, пэўне, як не той, дак еты!..» Калі згадваў гэта, сэрца пякло крыўднае, брыдкае: а ён верыў ёй, верыў усяму, што гаварыла! Казала — паганы Корч, насміхалася нават, а сама тым часам меціла на Карча, круціла з ім. Замуж не інакш сабіралася…

«Па-добраму, па згодзе ўсё було!» — прыйшлі яму на згадку Ганніны словы, і ён аж плюнуў: і з ім, з Васілём, абдымалася ды цалавалася, і з другім таксама — «па-добраму, па згодзе»! — І шчэ крыўдзіцца! Шчэ грозіцца!.. Сучка ты, сапраўдная сучка — не што іншае!.."

Спутаўшы Гуза на куп'істым узболатку, Васіль махнуў аброццю на каня, адагнаў яго трохі і ўжо звыклай хуткай хадою накіраваўся ў сяло, калі прыкры, цвярозы одум запыніў яго: спяшацца сёння не было куды. Спяшаўся ён другія вечары да яе.

Ён пастаяў, падумаў, што лепш было б, каб у Курані можна было і не ісці зусім. Застацца тут, на ўзболатку, накрыцца світай і заснуць, забыць пра ўсё на свеце. Ён панура павёў вачыма па знаёмых цёмных стрэхах, неспадзеўкі спыніў позірк на вострых абрысах дрэваў ускрай сяла — то былі Чарнушкавы грушы, — і ўжо не гнеў, не злосць, а шкадаванне, цёплы боль ляглі знянацку на душу. Боль страты. Яна ўжо не яго, яна — чужая. Ён страціў яе. Ён адзін, зусім адзін.

"Ну і няхай! — як бы запярэчыў ён сабе, свайму шкадаванню. — Е аб чым бедаваць! Хто яна мне такая? Пагуляў, пастаяў каля плота — і ўсё. Мало з кім пастаяць можно — дзевак у сяле вунь колькі!"

"Усё адно ніякаго толку не було б ад етаго стаяння… Не пара яна мне, усё адно. Толькі і дабра таго, што краса, — а хіба з той красы жыць будзеш, пабагацееш!.. Е аб чым гараваць — захачу, заўтра хоць з Верай Пракопавай загуляю. Не ёй, не Ганне, раўня: нешто прывязе ў хату. Зямля каля цагельні, мо перападзе трохі…"

Так, шкадаваць не было чаго, гэта Васіль ведаў. І ўсё ж гора страты — як ні дзіўна — не прападала. І хоць дзяўчат многа было, і нават лепшыя, не знікала адзінота. І было прыкра глядзець на цёмныя знаёмыя стрэхі, і не хацелася ісці ў сяло. І не пайшоў бы. Але помніў: там выглядае, чакае маці, дзед Дзяніс прыслухоўваецца, ці не чутны яго крокі. І Васіль нявесела пацягнуўся к сялу.


Стары Глушак, затоены, надзьмуты, маўчаў праз усю вячэру; толькі скончыўшы есці, памаліўшыся на абразы, кінуў на Яўхіма грозны позірк:

— Доўго шчэ будзе ето?

— Што?

— Па дзеўках доўго гайсаць будзеш?

— Хіба ўжэ і падысці няможно?

— Падысці! Блізко вельмі падыходзіш, жарабец гуляшчы!

Яўхім прамаўчаў на гэту абразу, каб не гнявіць старога, які больш за ўсё не цярпеў пярэчанняў, але Глушака маўчанне сына ўзлавала, здаецца, не менш. Стары аж прасіпеў ад злосці:

— Гайсаеш, пакуль не прынясе ў пялёнках байструка! На пацеху бацьку і матцы!

У Яўхіма ўсярэдзіне пахаладзела. "Дазнаўся пра Хадоську! Не інакш!.. Выказаў хто-небудзь ці сама, можа, расплакалася!.."

Тоячы пільны позірк, чакаючы, што будзе далей, Яўхім прамовіў стрымана:

— А вы не слухайце ўсяго — мало хто чаго напляце…

— Праўду кажуць! — абрэзаў яго стары Глушак. — Сам знаю!

Яго грубы тон: "Як з парабкам гаворыць!" — запаліў Яўхіма.

— Дак, можа, вы болей за мяне самога знаеце?

Глушак дзіўна, з сутаргай каўтнуў, як бы хацеў і не мог пракаўтнуць штосьці, — аж маршчыністы сухі кадык напружыўся. Грозна крыкнуў:

— Жаню!!!

Яўхім пачуў, як у ім расце злая ўпартасць.

— Можаце жаніць. Толькі не крычыце, як на парабка!

— Зараз жа!

— Можно і зараз. Мне ўсё адно… Я і сам думаў ужэ…

Маці, якая, прыбіраючы пасля вячэры посуд, сачыла за іх гаворкай з трывогай, адразу ўзрадавана адгукнулася:

— Пара! Дзякуй Богу, узяўся за розум! — Было відаць, што ёй вельмі хочацца патушыць спрэчку — пахваліўшы сына, яна тут жа лагодна падтрымала старога: — А то і праўда, дакуль слухаць бацьку гаворкі етыя, што Яўхім тое ды Яўхім другое? Думаць ды перажываць за цябе на старасці!.. — Яна тут жа параіла: — Матруну Хвелькаву з Алешнікаў! Прыдання скрыня поўная! Карову даюць! Хвельчыха сама казала!..

— Пастой! Раскудахталася! — спыніў яе Глушак. Ён наставіў пранізлівыя тхарыныя вочы на Яўхіма. — Значыць, надумаў?

— Надумаў…

Глушак быў ужо гатоў памірыцца з сынам, але Яўхім, як бы стараючыся ўхіліцца дачаснага прымірэння, папярэдзіў:

— Жанюся. Толькі — адно…

— Што?

— Толькі — кеб з тым, з кім хочу!

Глушак насцярожыўся:

— Дак, можа, і выбраў ужэ?

— Выбраў…

— Аге. — У хаце стала вельмі ціха, Глушачыха каля прыпечка, Сцяпан за сталом глядзелі то на аднаго, то на другога. — Цяпер такія парадкі, што слухаць бацькоў не трэба! Лішняе — слухаць бацькоў!.. Каго ж выбраў?

Бацькаў позірк чакаў, патрабаваў і разам з тым — загадзя — асуджаў, і Яўхім, хоць у думках гатоў быў да гэтай размовы, нечакана адчуў, што баіцца. Ён, аднак, адагнаў боязь — як рабіў звычайна, цяжкі вузел рассек адразу:

— Ганну!..

— Якую?

— Чарнушкаву…

Глушак не паверыў:

— Чарнушкаву?!

— Яе.

Глушак глянуў на сына, як на звар'яцелага. Рука сама сабой перахрысцілася на абразы.

— Ету?.. — Глушак каўтнуў кадыком, хацеў знайсці слова, каб назваць яе, як трэба, і не знайшоў, быццам не было такіх слоў. — У цябе… усе капылы? — запытаўся ў сына.

— Не згубіў.

Па тым, як сказаў Яўхім, было відаць, што ён будзе цвёрда трымацца свайго.

— Ты доўго думаў?

— Доўго. Адну яе хачу.

— Адну яе! — Глушак загарэўся, закіпеў: — Разарыць захацеў! Пусціць па свету! З торбай!..

— Тато! — хацеў супакоіць яго Яўхім, але старога Глушака гэта толькі ўзлавала.

— Па свету! З торбай дранай! "Дайце, людзі!.. Скарыначку!" На старасці!..

— Не кажыце, чаго не трэба!

— Маўчы! Указ знайшоўся! Рано ўказваць стаў! Шчаня!.. — Глушак так зірнуў, што Яўхім мімаволі прамаўчаў. — Дажыў! Выгадаваў! Гадаваў, ждаў падмогі! І выгадаваў! Даждаўся!

Злосць яго на Яўхіма змянілася здзіўленнем і крыўдай.

— Абкруціла! Узяла! Галадранка, а абкруціла як!.. І рукі, і ногі звязала! Бейбусу такому!

— Я сам выбраў. Яна шчэ і не знае.

— Не знае. Абкруціла, прыбрала! Дый не знае!

— Не знае. Шчэ, можа, і не пойдзе.

— Не пойдзе! Даўно, пэўне, не спіць, глядзіць! Калі на чужое дабро ўссесці!.. Толькі ж — не дажджэцца!

— Аддзяліце, калі хочаце. Але — адну яе.

— Ету круцёлку!.. — зноў прарвала Глушака. — Ету пакідуху! К сабе ў хату! На сваё дабро!.. Блудніцу ету!

— Яна — не блудніца! — заступіўся за Ганну Яўхім.

Сцяпан сказаў горача, непахісна:

— Яна — бедная, праўда. Але лепей за яе ў сяле — няма!

— Няма! Маўчы ты, смаркач! — уз'еўся Глушак ужо на Сцяпана. — Не ўтыкай нос, куды не просяць!

— Бо вы, тато, нізашто нагаворваеце!

— Нізашто! Я — нізашто? Чулі? — Глушак паправіўся, кінуў позірк на старую. — Чула?!

— Ціхо ты, Халімонко! — паспрабавала адно супакоіць жонка. — Людзі пачуюць!..

— І няхай чуюць! Няхай усе знаюць, якія дзеці ў Глушака Халімона!.. Каго выгадаваў на сваім хлебе! На радасць сабе!

Ніхто нічога не адказаў. І ад таго, што ўсе ўжо маўчалі і спрачацца не было з кім, стары таксама прыціх. Але спакой, з якім сказаў ён апошнія словы, толькі лепш выдаваў цвёрдасць яго адказу Яўхіму:

— Аб етай кеб і не думаў! На ету дазволу майго, бацькаваго, не будзе!


Читать далее

Раздзел чацверты

Нецензурные выражения и дубли удаляются автоматически. Избегайте повторов, наш робот обожает их сжирать. Правила и причины удаления

закрыть