Раздзел чацверты

Онлайн чтение книги Люди на болоте Людзі на балоце
Раздзел чацверты

1

Адразу пасля таго як Васіль прайшоў, Ганна падалася ў двор. Ёй, чужой дзяўчыне, нядобра было не тое што ісці за хлопцам, але і глядзець доўга ўслед яму, у Куранях лічылася гэта за вялікі грэх для дзяўчыны. Амаль палавіна вёскі была на вуліцы, сачыла за Васілём і, значыцца, за Ганнаю, і Ганне трэба было асабліва трымацца няпісанага, але неадменнага закону.

Яна ўжо і так парушыла гэты закон, сама падышоўшы да Васіля, парушыла на столькіх людскіх вачах, цяпер трэба было як бы павініцца перад людзьмі, паказаць, што яна не абы-хто, што яна шануе сваю славу, людзей і людскія звычаі. І яна ішла дахаты, з выгляду спакойная, паважная, ішла так, як і належала ёй ісці. Ні разу не азірнулася, нават не паглядзела, куды яго павялі. І трэба сказаць, Ганне цяпер і не хацелася ні ісці за Васілём, ні глядзець услед. Ён так абышоўся з ёю, так адказаў на яе шчырасць — зняважыў перад усёй вёскай. Ідучы дваром, яна першы час несла ў сабе толькі крыўду.

Мачыха была ў хаце, замешвала парасятам, і Ганна падумала: добра, што яна хоць на вуліцы не стаяла, не бачыла. Мачыха сцерла з паружавелых рук наліплыя бульбяныя камы, выпрасталася, кінула Ганне як загад:

— Занясі от…

Але калі Ганна ўзяла цэбар, не ўтрывала, неспадзеўкі папракнула:

— І не сорам!.. Віснуць на хлопцы, пры людзях!

«Бачыла ўсё-ткі. У акно ўгледзела!.. Кеб яна ды прапусціла што!..»

— Хто — вісне? Скажаце!..

— Бачыла!.. І ён, ён — добры! Адвярнуўся, гаварыць не стаў!.. Пан які ганарысты!..

Ганна хутчэй зачыніла дзверы за сабой — і без таго маркотна, хоць ты плач.

Накарміўшы парасят, стала ў роздуме каля хлява, не ведала, куды ісці. Вяртацца ў хату не хацелася, ведала, што там зноў чакаюць мачышыны папрокі. Зірнула ў бок гумна: бацька быў ці ў гумне, ці недзе поблізу, бо вароты былі адчынены.

Убачыла бацьку на таку — горбіўся наўколенцах у зрэбнай запатнелай сарочцы, з асцюкамі ў радкаватых, пабітых ніткамі сівізны валасах, шырока, мерна размахваючы лапаткай, веяў жыта. Мякіна і пустое калоссе зляталі на дол амаль каля яго кален, зерне ж ляцела вясёлым і пругкім залацістым струменем, з шорхатам асыпалася на даўгаватую, раскідзістую горку. Бацька быў стомлены, зірнуў на Ганну моўчкі, абыякава, ні на момант не прыпыніўся — чэрпаў і чэрпаў лапаткай, мерна кідаў ёю на горку пасярэдзіне тока.

Нічога не пытаючыся, Ганна ўзялася памагаць яму — адграбла к застаронку мякіну, акуратна прыбрала акалот, падмяла, дзе можна было, ток. У клопаце гэтым, у халаднаватай цішыні гумна, угары якога толькі раз-пораз цвіркалі вераб'і, яна на нейкі час забыла пра сваю крыўду і скруху. Бацька, добры, ціхі бацька, ён таксама, здаецца, супакойваў яе сваёй стомленай, як бы непадуладнай ніякаму смутку постаццю. У гэтыя хвіліны супакаення Ганне падумалася, што і яе крыўда, і нават Васілёва бяда — не такія ўжо страшныя, як ёй здалося. Васіля, вядома, не забяруць. «Давядуць да Алешнікаў, так, абы пастрашыць, штоб іншым була навука, ды і пусцяць… Ну, можа, прыгрозяць, кеб другі раз не вадзіў, мо возьмуць слова, што ніколі з бандзюкамі знацца не будзе… Разбяруцца, што не вінаваты ён сам па сабе. Пусцяць!..» А тады — няхай толькі вернецца, яна яму пакажа! Ой, як пакажа, як папомніць зло — прыйдзецца яму папахадзіць за ёй, папамаліць, каб забыла ды даравала крыўду. Не даруе яна знявагі так проста, век напамінаць будзе, аж закаецца ён…

Непрыкметна ў гумно ўпаўзлі поцемкі, але бацька не ўставаў з тока, хацеў, мусіць, давеяць усё. Толькі крыху не давеяў, поцемкі хутка пагусцелі, і ён паслухаў Ганну, паклаў лапатку, неахвотна падняўся.

— Мало ж і не ўправіўся, грэц яму… Жменя якая… — прамовіў ён са шкадаваннем.

— Заўтра кончыце… Не ўцячэ яно… — супакоіла Ганна.

— Не ўцячэ. Але неяк шкода кідаць, не кончыўшы…

Ён адчыніў шырэй вароты, каб у гумне пасвятлела, і дастаў мяшок. У змроку яны ссыпалі, што было павеяна. Бацька хацеў яшчэ наўздагад падмесці ток, калі прыбег Хведзька і аб'явіў:

— Трэба есці зараз! Мамо кажа, картопля прастыне!

— Зараз ідзем!

Бацька стаў моўчкі збірацца — узяў з застаронка шапку, світу, выйшаў на прыгуменне, зарыпеў варотамі.

Вячэраючы, Ганна спасцярожліва паглядвала на мачыху, чакала, што тая вось-вось зноў пачне гаворку пра Васіля. І праўда, мачыха нядоўга маўчала — як бы між іншым, паведаміла:

— Васіля Дзятліка забралі…

Бацька толькі скоса зірнуў на Ганну. І не сказаў нічога.

— Шабета павёў. У Алешнікі… — паспрабавала зноў завязаць гаворку мачыха, але і на гэты раз Чарнушка прамаўчаў, і яна змоўкла.

Ганне на момант стала лягчэй. Усё ж яна не была ўпэўнена, што мачыха зноў не вернецца да горкай падзеі, — сядзець за сталом Ганне было неспакойна. Хутчэй павячэраўшы, яна, хапаючыся, перахрысцілася на абразы, устала, не пераадзяваючыся, падалася да дзвярэй.

— Ты куды? — перапыніла яе мачыха.

— Нікуды. На вуліцу, пагляджу…

— Не прыйшоў ён.

— А я — не да яго.

Бразнула клямкаю, выскачыла на двор і, чуйная, пільная, з такім адчуваннем, быццам за ёй сочаць, пайшла на вуліцу. Знарок старалася не глядзець у той бок, дзе іх плот, дзе ўчора стаялі, гнала ад сябе неадступную думку: а можа, ён там, можа, прыйшоў? У ёй невядома чаму жыла, не адступалася ўпартая ўпэўненасць: ён — там, ён прыйшоў, выглядае. Яна мімаволі чакала яго воклічу і думала, рыхтавала яму адплату за крыўдную знявагу перад людзьмі.

Як ні прымушала сябе не азірацца на плот — не ўтрывала, глянула. Там нікога не было!

Яна, аднак, прагнала трывогу: гэта яшчэ нічога не значыць. Васіль мог проста не ўправіцца прыйсці. Ён і ў іншыя дні, бывала, пазніўся, а тут жа такая прыгода — конь не кормлены, гаспадарка не дагледжана. Калі выйшла на вуліцу, падумала: «К Хадосьцы пайду», — падумала, хочучы пабачыць не Хадоську, а Васілёў двор, Васілёву хату, Васіля. Ёй здавалася, што пабачыць Васіля ёй хочацца не таму, што сумуе, трывожыцца па ім, а проста каб пераканацца, што ён дома.

На Васілёвым двары было ціха, пуста, сумна. Сумнай выглядала і хата, што маўкліва чарнела ў змроку, — ні гаворкі ў ёй, ні святла ў вокнах. Хоць не бачыла, што там у хаце, яна здалася нежылою, нібы ні душы ў ёй.

Ганна ўспомніла Валодзьку: вось хто мог бы памагчы. Пабачыць бы зараз яго, даведацца пра Васіля. Звычайна, калі не трэба, Валодзька многа разоў на дзень трапляўся на вочы, цэлымі днямі ў іх, Чарнушкаў, у хаце або на двары з Хведзькам гуляў. Цяпер жа — нібы знарок — не відаць, не чуваць яго. Можа, хіба Хведзьку пайсці папрасіць, каб паклікаў? Яна ўжо намерылася вярнуцца дамоў, пабачыць Хведзьку, але адразу ж адагнала гэту думку: зноў трэба будзе бачыцца з мачыхаю. Да таго ж мачыха наўрад ці дазволіць Хведзьку ў такі час пайсці куды-небудзь. А калі і дазволіць, то, не інакш, будзе дапытвацца, дазнаецца ад Хведзькі, аб чым яна просіць. Гэтага Ганна баялася больш за ўсё. Усё, што было ў Ганны з Васілём, іх начныя гамонкі каля плота, думкі-мары і думкі-трывогі — усё сарамліва, насцярожана берагла яна ў сабе як дарагую, чыстую таямніцу. Гэтую таямніцу не павінен быў ведаць ніхто, тым больш мачыха. Тое, што адбылося ўдзень, калі яна знянацку выказала таямніцу ўсяму сялу, яшчэ больш насцярожвала яе.

Успамін пра апошні, злы Васілёў позірк зноў затушыў агеньчык у сэрцы, вярнуў ёй горыч неперажытай крыўды. З крыўдай гэтай і з важкай, поўнай нядобрага прадчування трывогай яна пайшла да Хадоські.

У Хадосьчынай хаце на шыбе варушыліся глянцавітыя водсветы ад агню, што палаў у печы. Ганна прытулілася тварам да шыбы, стараючыся ўбачыць сяброўку, гукнула:

— Хадоська!

На голас яе ад печы насунуўся цень, пачуўся матчын адказ:

— Няма яе… Хто ето? Ганна?

— Аге, я… А дзе яна?

— Хто ж бо яе знае! Гуляць кудысь падалася…

Ісці шукаць Хадосю ў вясёлых дзявочых гуртах, што там і тут гаманілі, смяяліся на прызбах, на калодах каля платоў, Ганне не хацелася — апошнімі днямі яны з Васілём мала былі на зборах дзяўчат і хлопцаў, і яе прыходу, напэўна, вельмі здзівяцца. Пачнуць, мабыць, шаптацца між сабой, гаварыць пра Васіля. Калі ж ён не вярнуўся, злыя языкі без літасці асудзяць: не ўправіліся хлопца звесці з сяла, як яна ўжо ў гурт з'явілася!

Ат, няхай гавораць што хочуць, чалавеку рота не залепіш, калі язык свярбіць. Толькі ж — хіба ёй абавязкова слухаць усіх, мала што каму прыйдзе на язык! Ці ж ёй так і марнець адной, таміцца невядомасцю, гадаць па зорках, што там з Васілём? Адной быць з трывогай аб ім і крыўдай-ганьбай, якую ні забыць, ні задушыць? Што ж, калі праўду казаць, то і ідзе яна не да хлопца якога, каторыя ёй цяпер проста ненавісныя, а да сяброўкі сваёй. Адразу, як знойдзе Хадоську, яна пакліча яе з сабою, і абедзве пойдуць з гурту — тут можна будзе і даведацца аб усім, што непакоіць…

Хлопцы і дзяўчаты гаманілі ў цемры зусім недалёка на бярвеннях, складзеных перад Грыбковай хатай. Ганна сказала «добры вечар» знарок абыякава і, як бы загадзя папярэджваючы непатрэбную гамонку, з такім выглядам, нібы зайшла не так сабе, нібы спяшаецца, заклапочана запыталася:

— Хадоські тут няма?

У Куранях было некалькі дзяўчат Хадось, але Хадоськай звалі адну. Яе быццам выдзялялі з усіх гэтым лагодным, ласкавым імем.

Хадоська замест адказу радасна пазвала:

— Ой, Гануля! Хадзі сюды!

— Хадзі ты! Штось скажу табе!..

— Дак ты тут, ціхо! Хадзі!

Хтосьці з дзяўчат крыкнуў добразычліва:

— Пасядзі! Не грэбуй кампаніяй!..

— От, сказала: ці ж я калі грэбувала!..

— Ну дак пасядзі ў гурце!..

— Часу няма… — няцвёрда прамовіла Ганна. — Матка чакае…

Гарэзны хлапечы голас засмяяўся:

— Усіх нас маткі чакаюць!

Дзяўчаты зарагаталі. Пад гэты добры рогат Ганна падышла да Хадоські, села побач.

2

Дзяўчаты і хлопцы, што хвіліну назад бачылі і слухалі адну яе, цяпер ураз як бы забылі аб ёй, загаманілі кожны пра сваё. Ганна, адчуўшы, што за ёй ніхто асабліва не сочыць, ужо хацела прытуліцца да Хадоські, запытацца аб тым, што трывожыла, калі Хадоська раптам горача абняла яе, голасам, поўным бязмежнага спачування і жалю, абпаліла:

— Бедная… Бедная ты мая, Ганулечка… Няшчасная…

«Значыцца, няма, не вярнуўся Васіль», — здагадалася Ганна і раптам зноў успомніла, як ён ішоў па вуліцы, не гледзячы ні на кога, дзікаваты, злосна мясіў гразь… Шабету ўспомніла з канём на повадзе, твары людзей, якія ўсё бачылі — Васілёву і яе ганьбу. Прыкрасць і жаль, сорам і боль зноў ажылі ў ёй, замуцілі свет… Чаму ўсё так сплялося?

— Забралі яго? — як бы не паверыла, ціха прашаптала Хадосьцы.

— Павезлі. У Юравічы, кажуць…

Ганна нічога больш не пыталася, нічога не гаварыла. Ёй не хацелася і думаць нічога — усё было такое незразумелае, блытанае. Доўгі час яна і не заўважала нічога навокал, не магла слухаць. Як бы праз туман, прайшлі праз яе смутную прыгнечанасць першыя словы, якія нечым кранулі ўвагу, прымусілі яе адгукнуцца.

— І цяпер калачуся, як успомню!.. — пачула Ганна. Яна мімаволі, нявесела стала слухаць. — Бацько сам едзе ні жывы ні мёртвы… Хрысціцца сам сабе… Губы сашчапіў, не варухне губамі… кеб той, крый Божа, не пазнаў, што малітву бацько робіць… не ўгнявіўся…

— Аб чым ето яна? — не зразумела Ганна.

— Ведзьмака сустрэлі, — ціха, з асцярогай прашаптала Хадоська, неспакойна азірнулася ў цемру, быццам баялася, што іх слухаюць. Яна перахрысцілася. — Не дай Бог, пачуе!..

Ганна зразумела яе страх, ведала, што ведзьмакі не любяць, калі іх так завуць, помсцяць за гэта. Ведзьмакі хочуць, каб іх звалі чараўнікамі.

— Чараўніка?! — здзівілася Ганна. — Якога? Што ў Хвоенцы?

— Аге ж.

— Усю дарогу калаціліся, — апавядала гарбатая Прося. — Як, скажыце, жывыя з лесу выбраліся!.. Лес той — то буў ціхі, а то зрабіўся страшны — гудзе, скуголіць, як на хаўтуры… А ў тым гудзе — чую — як бы костачкамі стукае мярцвяк… Ідзе, ідзе за намі, блізенько, рукой дастаць, і — стукае… Стук-стук… Стук-стук…

— Страхоцце якое! — жахнулася адна з дзяўчат.

— Мабуць, пачуў, што бацько моліцца… Ён і раней, мабуць, чуў, таму і злаваў, пужаў, стукаў костачкамі… А падысці баяўся, ці малітва не давала…

— Е такія малітвы, што як пачуе ён, дак як ліст затрасецца, — сказаў нехта тонам знаўцы. — Толькі трэ знаць яе, тую малітву… І казаць, не пужацца — хоць што! Бо ён, хоць і пужае, а баіцца яе… Не любіць — страх!..

— А конь — што?! — перабілі «знаўцу». — Ідзе сабе?

— Аге, ідзе! — адгукнулася Прося. — Ідзе!.. І ён сам не свой! Хістаецца, як п'яны, — як не падае. Вушы наставіў, грыву натапырыў і вачмі ўсё — зірк, зірк. А вочы — круглыя, перапуджаныя!.. Але, дзякуй Богу, — хоць хістаецца, а ідзе і ідзе! Толькі ён і выратаваў!.. А то б там і — канец наш!

— Добра шчэ, што пбмараку на каня не нагнаў, — зноў загаварыў «знаўца». — А то, бувае, як нагоніць чараўнік памараку, то конь ідзе і ідзе, ды толькі не туды, куды трэба. А то і так бувае: здаецца, ідзе, ідзе ён, а сам — на месцы!..

— Дзякуй Богу, што пачуў малітву! Пачуў і заступіўся!.. — сказала Хадоська.

Чысты хлапечы голас, у якім чуўся прытоены смех, раптам уварваўся ў ціхую гаворку дзіўна весела і звонка:

— Бог? А знаеце, дзе ён цяпер?

Ганна пазнала: пытаўся Хоня, па-вулічнаму — «Бацько і матка». Хадоська даверліва пацікавілася:

— Дзе?

— У Нароўлі ў воласці! За сакратара!

— Кеб табе язык адсох! За такія твае словы…

— Праўда — у Нароўлі! Бачылі яго! Ён, праўда, не прызнаецца, баіцца, кеб не прагналі з работы!.. Бо не пралетар сам!..

Хлопцу не далі дагаварыць — мусіць, нехта закрыў рот. Дзяўчаты абурана гаманілі, клялі адступнікаў ад Бога, ад якіх, казалі, усе няшчасці ў сяле. У гэтым гомане і Прося, якая расказвала пра сустрэчу з ведзьмаком, не адразу зноў заваявала ўвагу.

— Прыехалі… Паклаліся спаць… Бацько ўсё жагнаецца, ніяк супакоіцца не можа. І я — як гляну ў цемру — усё бачу яго: вочы, як тыя вугалі, зырчаць! Агнём!.. Страх!

— Прыйшла б да мяне ў павець, я супакоіў бы! — зноў уварваўся Хонеў голас.

Хлопцы зарагаталі. Зарагаталі куды больш дружна, чым тады, калі іх таварыш асмеліўся зачапіць Бога. Дзяўчаты, бясконца зняважаныя недалікатнай парадаю іхняй прыяцельцы, заступіліся за яе, пачалася вясёлая валтузня з няшчырымі пагрозамі, з нязлоснымі дакорамі, між якіх былі чутны мяккія ўдары дзявочых рук па хлапечых спінах.

— Добры які аб'явіўся! — сказала Прося.

Дзяўчаты падтрымалі Просю кпінамі з хлопцаў і смехам. Але не апаў яшчэ гэты смех, як яго працяў такі прарэзлівы віск дзяўчыны, быццам ёй пусцілі за пазуху вужа.

— А-ай! Дзевачкі! — За гэтым пачуўся часты пляскат рук па твары.

— Ну, ну, кабулка! Не брыкайся!..

— Ай!.. Памажыце!.. — Алена Зайчыкава аж заходзілася ад рогату. — Не шлакачы… чорт… паганы!.. Ой! Чуеш? Не лезь!..

— Пятро! Дзе ты ёй шлакочаш, што яна так смяецца?.. — пацікавіўся адзін з хлопцаў.

— У якім месцы? Бо мы не знаем!

— А ты ж знайшоў такое!

Ганна слухала гэтыя гарэзныя смешкі, спрэчкі, але ні разу, ніводным словам не адгукнулася на іх. Яна, звычайна і сама ахвочая да кпін-спрэчак, задзірыстая, слухала цяпер, сачыла за ўсім так, як сочаць дарослыя за дзіцячай гульнёй. Бесклапотны смех як бы не даходзіў да яе, не кранаў душы.

Ганна была здаволена, калі ў хвіліну зацішку, які прыйшоў на змену рогату, Хадоська завяла:


Шумяць вербы ў канцы грэблі,

Што я пасадзіла…


Галасок яе быў нясмелы, кволы — здавалася, ён, лагодны, задуменна-журботны, з недарэчнай скаргай. крыўдай, вось-вось патоне ў выбуху рогату, але хвіля за хвіляй ішлі, а ён не тануў. Ён, праўда, і не мацнеў, нейкі час усе маўчалі, як бы слухалі-чакалі, як бы не ведалі, не здагадваліся, пра што шумелі-жаліліся вербы. Раптам скарга, якая на момант сціхла, прапала ў вячэрнім змроку, загучала зноў, але ўжо мацней, балючай, на многія галасы:


Няма таго міленького,

Што я палюбіла…


Ганна заспявала разам з усімі, заспявала звыкла, не думаючы асабліва пра словы песні, — даўно-даўно была знаёмая Ганне гэтая песня. Але не даспявала дзяўчына і першых слоў, як яе знянацку ўразіў новы, нязнаны сэнс іх, такі блізкі, такі балючы:


Няма таго міленького!


Абуджаныя гэтымі словамі сум, крыўда зноў ажылі, горкай хваляй падступіліся к горлу…


Няма яго, дай не будзе,

Паехаў у Адэсу…


«Паехаў… Павялі ў Юравічы…» — Ганна ў вялікім наплыве журботы змоўкла, сціснула губы, слухала так, як бы гэта была і не песня, даўняя, чужая, а яе скруха, яе бяда. Калі яна маркотна далучылася да ўсіх, здалося, што не спявае яна, як раней, як усе, а нібы думае ўголас, гамоніць з сабою:


Плачце, вочы, плачце, кары, —

Така ваша доля.

Палюбіла казачэньку,

Пры месяцы стоя…


У гэты час перад гуртам дзяўчат і хлопцаў зацямнела некалькі постацей, і зухаваты, не ў меру радасны голас убіўся ў песню, перарваў яе.

— Хто тут каго палюбіў?

«Корч прыпёрся», — пазнала Ганна і раптам пачула, як усхвалявана трапеча прытуленае да яе Хадосьчына плячо.

— Яўхім! — шчаслівая, прашаптала Хадоська.

Другая постаць паздароўкалася далікатна, ветліва, і Ганна пазнала Яўхімавага брата Сцяпана, які вучыўся ў Юравічах у школе.

Сцяпан сціпла прысеў на бервяно, а Яўхім, схіліўшыся, стаў узірацца ў твары дзяўчат. Паказытаў адну, жартам звонка цмокнуў перад другой, абышоў, абгледзеў, хто сядзеў тут, спыніўся перад Хадоськай.

— А, Хадзюля! Канаплянка! — прамовіў ён весела, падсмейваючыся з яе твару, абсеянага, як канапляным насеннем, рабацінкамі.

— Якая е! — знарок непадступна строга адказала Хадоська, млеючы ад чакання.

Яўхім спакойна, упэўнена абняў яе за плечы і тады заўважыў побач Ганну. Ён выпусціў Хадоську, прамовіў стрымана:

— А, і Чарнушка тут! Прыйшла!

— Можа, папытацца трэ було?

— Пытацца няма чаго, месца хапае! Не цесно!.. Толькі ж даўно нешта не было відаць!

— А табе што, карцело?

— Па праўдзе сказаць, не дужа. — Ён зарагатаў.

Ганна, якую зачапіў гэты, здалося, нядобры рогат, заўважыла, што дзяўчаты і хлопцы прыціхлі і прыслухоўваюцца да іх. Яўхім усюды выклікаў да сябе ўвагу: відны быў хлопец, з норавам, паважалі і пабойваліся яго — мала хто з дзяўчат адважваўся пярэчыць. Ведалі ўсе, што і ў Ганны — характар, не саступіць. Маўчалі, чакалі, што будзе.

— А я цябе — дак з ранку да вечара выглядала! — лагодна, з прытоенай яхіднасцю сказала Ганна.

— Ну? Вот не знаў! — у тон ёй здзівіўся Яўхім.

— Шкада! Вельмі ж бо трэба було!..

— Няўжэ? Нашто?

— Вераб'і насядалі на жыто, кеб на іх немач! Пужаць не було каму!

— А Дзятлік — хіба не мог? — падчапіў Яўхім.

— Не баяліся яго! Чуб не такі!

Хтосьці з дзяўчат прыдушыў смех. Уцэліла Ганна! Лепш нельга было ўцэліць: Яўхім сваім чубам ганарыўся, фарсіў ім, чуб быў яму святой мужчынскай красою. І вось з красы гэтай — такі здзек!

Яўхім на момант як бы анямеў ад гэтай абразы. Усе чакалі, што ён выбухне злоснай лаянкай, можа, ударыць Ганну, але ён нават не варухнуўся.

— Часу, пэўне, у Дзятліка не було, — сказаў ён як мог спакойна. — Ён жа ўсё па начах… То з дзеўкай, то — шчэ з кім!

Тут ужо Ганна не адразу знайшла, што адказаць.

— Шчэ невядома, ты з кім… — пачулі ўсе як бы пагрозу.

— Я — з такімі, як ён, не ваджуся. Я — з людзьмі.

— Людзі розныя буваюць!..

— Па загуменнях не хаджу!

Яўхім кінуў апошнія словы так, што ўсе адчулі: яму надакучыла гэтая нудная, непатрэбная гаворка. Ён зноў весела абхапіў рукамі Хадоську.

— Канаплянка! Мяккая ты, як булка Ёселева! — Яўхім зарагатаў.

— Шчэ што скажаш! — задаволена запярэчыла Хадоська.

— Магу і шчэ сказаць! Хочаш — скажу?

— А што?

— Хадзем ка мне ў свіран!

— Чаго ето? Сказаў!

— Просо таўкці!

Хлопцы засмяяліся. Хадоська паспрабавала вырвацца, але Яўхім не адпусціў яе, з лагодным дакорам сказаў, што не трэба ж быць такою ганарліваю. І пасмяяцца нельга — ён жа і не думаў крыўдзіць яе, проста язык з нуды пачасаць хацелася. Слухаючы яго добры, вінаваты шэпт, Хадоська перастала рвацца, пакорліва схіліла галаву.

— Я страх як не люблю, калі вы… чэшаце языкі… — ціха прамовіла яна. — Ахвота вам… паскудство ўсякае… казаць.

— Далікатная вельмі ты…

— Якая е!..

Хадоська зняла яго руку з плеч, але мякка, так, для прыліку, таму што так трэба было на людзях, такі быў звычай. Ганна адчувала, што Хадоська ўжо супакоілася, зноў сядзіць шчаслівая. Мімаволі са здзіўленнем, з прыкрасцю думала: што яна, добрая, ласкавая «канаплянка», знайшла ў Карчу гэтым — аж млее, калі ён сядзіць побач! У ім жа нічога прывабнага, багацце хіба адно, бацькам нажытае, боты хромавыя з рыпам ды чуб! У гэты вечар, пасля спрэчкі з Яўхімам, Ганне нават яго хараство, упэўненасць, дасціпнасць здаваліся агіднымі.

Пасядзеўшы яшчэ, колькі трэба было, каб злыя языкі не сказалі, што яна паддалася, уцякла ад Яўхіма, Ганна ўстала. Успомніла, што гаварыла, калі прыходзіла ў гурт, спакойна прамовіла да Хадоські:

— Мабуць, ужэ заўтра пагаворым. Я прыйду ўвечары…

— Аге. Прыходзь, Гануля…

Ганна, хоць і не глядзела ў той бок, дзе сядзелі прыяцелька і агідны Корч, заўважыла раптам, як Яўхім выпусціў Хадоську з абдымку, варухнуўся з нейкім намерам.

— Ты чаго ж адна?

— А мне і адной не пагано!

Яна знарок павольна, паважна пайшла з гурту. Ужо адышоўшы, пачула ўслед, як ён сказаў:

— Хлопцы, няўжэ ніхто не хоча правесці?..

Ёй здалася ў словах яго насмешка, хоць прамовіў ён здзіўлена і неспакойна. За гэтым Ганна пачула за сабой паспешлівы хлюпат ботаў па гразі, які ўмомант нагнаў яе. Хоць па-ранейшаму не глядзела на таго, хто ішоў побач, ведала, адчувала: гэта Яўхім. Ганна насцярожылася, падрыхтавалася да абароны, да любой неспадзеўкі, а ён ішоў і ішоў, маўклівы, ціхі, не дабіваўся нічога, нічога не гаварыў. Яе, аднак, гэта не супакойвала, яна чакала, што ён тоіць нешта незразумелае, хітрае…

— Гарачая ты, ей-бо! — прамовіў Яўхім раптам лагодна. — Наравістая! Слово табе не скажы супроць!..

Ганна не адказала, ішла строгая, непадступная, паказвала гонар свой, але мацней за клопат аб гонары з'явілася цяпер у яе здзіўленне: гэта Яўхім так гаворыць з ёй? Так мякка, нават вінавата?..

«Так ён і Хадосьцы гаварыў! — знарок нагадала яна сабе. — Гаворыць, прыкідваецца, а сам, можа, смяецца…» Але нагадвала яна гэта дарэмна, адчувала, бачыла: Яўхім не прыкідваўся.

— Каса на камень найшла! — усміхнуўся ён па-сяброўску. — Я і сам — як жарабец неаб'езджаны! Мне кеб — хто пярэчыў?! Ды шчэ дзеўка!.. Ну, і — акрамя таго: не магу ж я на людзях паказаць, што я перад дзеўкай… разумееш?.. Ну, ніц, значыць, перад дзеўкай! Нішто, нуль! Уцяміла?.. — Ён шчыра, ад душы зарагатаў: — Смяяцца з мяне будуць усе! Сабакі па завуголлю, і тыя!.. Дайшло?

Яна паслізнулася і ўпала б, напэўна, але Яўхім спрытна падхапіў яе за локаць.

— Не падай! Гразь халодная! — пажартаваў ён і паслухмяна выпусціў Ганніну руку.

Неўзабаве прыйшлося ісці адно за адным, паўз самыя платы, бо пасярэдзіне былі глыбокія, поўныя гразі ямы.

— Скарэй бы замерзло, — прамовіў Яўхім, — хоць бы хадзіць па вуліцах можна було!.. — Ён сказаў, адчувала Ганна, толькі для таго, каб завязаць гаворку, але яна прамаўчала. Калі нарэшце стала можна ісці побач, Яўхім нагнаў яе. — Ну, не злуй. Ей-бо, не злуй!.. Ты ж сама — варонім пудзілам мяне паставіла, а я, бач, смяюся!.. Ну, на міравую, а?

Яўхім сам узяў яе далонь, паціснуў. Здзіўленая ўсім сяброўскім ладам яго гаворкі, нечаканай добрай шчырасцю, яна цяпер не вырвала руку.

Калі дайшлі да Ганніных варот, Яўхім папрасіў яе пастаяць трохі, але Ганна ў адказ адступіла ад яго, узяла руку. Яе здзівіла, што і тут ён не стаў дабівацца свайго, сказаў «спакойнай ночы» і, ціха пасвістваючы, пайшоў у змрок гразкай вуліцы.

Ступаючы па двары, Ганна хвіліну думала пра яго, думала здзіўлена, як пра загадку. У той жа час калі ў галаве варушыліся гэтыя думкі, вочы яе выбралі з цемры абрысы плота, калоў. Там было пуста, сумна, як каля свежай магілы. Грудзі яе апаліў боль: «Васіль, Васіль…»

3

Вечарам, памыўшыся над цэбрам, выціраючыся, бацька сказаў мачысе:

— Буў Яўхім Карчоў… Малаціць сабіраюцца… Казаў, кеб за просо адрабілі…

— Ужэ ж адрабілі. На касавіцу, — адгукнулася мачыха.

— Тры дні адрабілі. А два шчэ засталося…

Бацька пагладзіў парэпанай рукой рэдкія, ад сівізны ўжо зямлістыя валасы, зморана згорбіўшыся, сеў на лаўку. Мачыха, выцягваючы з печы чыгун, не ўтрывала:

— От, Корч стары! Ето ж — пяць дзён за жменю!

— Жменя не жменя! — Бацька разважліва зазначыў: — Не хацела, дак не брала б! Ён не набіваўся!

— Не набіваўся! Кеб жа не трэба було!

— От то-та ж!

— Дак жа гараваць за жменю колькі!

— Думаеш, другі дзешавей даў бы! Аге, вазьмі!

Бацька ўзяў скібу хлеба, стаў нецярпліва жаваць: прагаладаўся вельмі. Але мачысе ўжо не так лёгка было забыцца пра Карча. Думала яна марудна і была заядлая, упартая, так што, калі што ўбівалася ў галаву яе, выходзіла адтуль не хутка. Вось і цяпер, наліваючы боршч з чыгуна ў вялікую гліняную міску, як бы падумала ўголас пра старога Глушака:

— Не памалаціў шчэ свайго. Малатарню маючы!..

— Сваё нікуды не дзенецца. Зарабіць хацеў. У Алешніках траім памалаціў…

— Крываротаму, кажуць, дзень стараўся! — успомніла Ганна, кладучы на прыпек наколаную лучыну. Агонь, што ледзь асвятляў хату чырвоным, мігатлівым святлом, гатоў быў вось-вось згаснуць, і яна падлажыла ў яго смалісты сук.

— Якому Крываротаму? — зацікавіўся, нібы не паверыў бацька.

— Таму, што ў сельсавеце за старшыню…

— Ну, на етым не вельмі пажывіцца!

— Не пажывіцца? — едка адгукнулася мачыха. — Аге! Стаў бы ён задарам старацца!

— Чаму ты думаеш, што задарам! Табе хто казаў, што задарам? — бацька паглядзеў на Ганну, як бы чакаў, што яна пацвердзіць яго словы.

— А хоць бы ніхто й не казаў, што задарам — мачыха кінула ўпарты позірк, — я ўсё адно знаю, што не ўзяў ён грошай, Корч! Не ўзяў, хай мне хоць руку адсякуць!.. — Яна паставіла на чорны, без абруса, вышчарблены ад старасці драўляны стол міску, адну на ўсіх, села побач з бацькам.

Бацька ўзяў шчарбатую драўляную лыжку, такую ж чорную, як і стол, прамовіў прымірэнча:

— Не ўзяў, не ўзяў… Ахвота табе пляскаць, грэц яго…

— Бо знаю, што не ўзяў! От пабачыш!.. Тут свая выгада! Начальство!.. Я — табе, ты — мне. Я табе памалачу, а ты мне аддзячыш сваёй ласкай. Падатак там збавіш ці шчэ што…

— Я — табе, ты — мне! Цяпер ето не так просто у сельсавеце… не пры цары…

— Калі пры цары було яно, то цяпер і казаць няма чаго!

— Хітры, тхор! — сказала Ганна, адчуваючы, што мачыха, напэўна, не памыляецца ў здагадках пра старога Глушака.

— Аге! — адразу адгукнулася мачыха і, як звычайна, не ўтрывала, каб разам не ўпікнуць і свайго чалавека. — Еты свайго не ўпусціць.

За тым, што яна сказала, яшчэ як бы чулася: «Не тое што ты».

Бацька прамаўчаў на гэты яўны ўпік, і гаворка абарвалася. Цяпер было чуваць толькі дружнае, працавітае сёрбанне, трэск і шыпенне смаляка, ад якога ў хату ішоў пах дыму і смалы, што перамешваўся з пахам грыбнога баршчу. Святло ад прыпечка не магло тут ніяк саўладаць з чырванаватым прыцемкам, які то крыху слабеў, адступаў, то зноў насоўваўся так, што трэба было напружваць вочы, каб бачыць, што бярэш у місцы, што ў лыжцы нясеш. Можа, таму такія сур'ёзныя, заклапочаныя былі твары ва ўсіх чатырох Чарнушкаў, нават у Хведзькі, які, седзячы між бацькам і Ганнай, ледзь даставаў лыжкай да міскі. Разам з заклапочанасцю на тварах была відна ўтома, нейкая пакорлівасць абавязку — як бы вячэра была не радасцю, не ўзнагародай, а таксама абавязкам, працай. З усіх толькі Хведзька сядзеў неспакойна, еў хапаючыся, усё выцягваў шыю, стараўся зазірнуць, што там у місцы, ці няможна падчапіць грыбка, — але, навучаны немалым вопытам, тут жа спасцярожліва паглядваў на маці і пад яе строгім позіркам прыціхаў.

Ад цьмянага, сумнага святла ўсё ў хаце здавалася сумным, суровым, нават святыя з абразоў у кутку глядзелі з-пад ручнікоў так, быццам гразіліся за смех страшным судом…

Выцягнуўшы з міскі лыжку, Хведзька ўжо намерыўся паднесці яе к роту, калі ў вачах яго мільганула цікаўнасць. Ён момант разглядаў лыжку, потым сказаў здаволена:

— Прусак!..

— Цыц ты за сталом! — крыкнула была Ганна, думаючы, што ён жартуе: Хведзька ўжо неаднойчы пацяшаўся з яе гідлівасці.

Але сёння ён не смяяўся: у лыжцы сапраўды быў вараны прус.

— Уваліўся, — спакойна прамовіла мачыха і загадала Хведзьку: — Вынесі, вылі ў цэбар! — Калі Хведзька вылез з-за стала, знарок трымаючы лыжку з прусаком бліжэй перад Ганнай, мачыха сказала безнадзейна: — Развялося пошасці етай! Надысь ноччу ўстала, падпаліла лучынку, дак яны па падпрыпеку — шась, як войска якое!..

— То-та я гляджу — боршч сягоння смачны, — паспрабаваў бацька перавесці гаворку на жарт. — Як бы з салам!

— Скажаце, ей-богу! — папракнула Ганна, устаючы з-за стала. Яна ўжо не магла есці.

Бацьку гэта павесяліла.

— Хранцузы — тыя жаб ядзяць! Жывых, не тое што вараных!.. Ядзяць дай шчэ — дзякуюць! Ім жаба — што качка!

— Жаб? Цьфу ты! — гідліва скрывілася мачыха. — Нехрысці, пэўне?

— Нехрысці…

Ганна ўжо надзела жакетку, сабралася ісці, калі бацька, скручваючы цыгарку, напомніў пра пачатак гаворкі:

— Дак Корч прасіў, кеб з жанчын хто прыйшоў. Ці ты, старая, ці мо Ганна.

— Няхай Ганна… — Мачыха забрала са стала міску, падалася ў куток, дзе стаяў посуд. Бацька згодна кіўнуў, лічачы, што гаворка скончана.

Але Ганна стаяла каля парога.

— А мо б лепей мне тут, пры хаце астацца?

— Чаму ето?

— Так… Нядобра мне к Карчам…

Яна заўважыла, што бацька чакае, каб яна растлумачыла, чаму ёй нядобра ісці, і адчула — цяжка дагаварыць усё. Як тут раскажаш — пры мачысе — пра ўчорашняе заляцанне Яўхіма, ад якога засталіся ў душы асцярога да яго ды віна перад Васілём. Яна дала яму, гэтаму Карчу, ісці з сабой, дала трымаць руку, нібы абнадзеіла…

Мачыха абурана паглядзела на Ганну, потым на бацьку, як бы чакаючы падтрымкі сабе.

— Унь бач! Яна не пойдзе, — не вытрывала старая, не дачакаўшыся Цімохавай падтрымкі. — Хай матка старая лепей! Ёй нядобра, бачыце, не даўпадобы ёй!

Чарнушка паморшчыўся на гэтыя словы, лагодна, спачувальна сказаў:

— Трэба ісці, Гануля… І так еты доўг — як скула…

— Ці ж яна разумее!

Ганна ведала, што працівіцца больш няма сэнсу: мачыха ўсё роўна не адступіцца. Каб скончыць гаворку, прамовіла мякчэй:

— Ну, хай ужэ! Пайду, калі вам так страшно…

На дварэ ціха церусіў нявідны дождж. Ён ішоў з мінулай ночы амаль безупынку, то драбнеючы, то зноў спарнеючы, і на вуліцы яшчэ ўдзень было столькі страшнай, ліпкай гразі, што ніводзін куранёвец не наважваўся вылазіць. Людзі хадзілі цяпер толькі праз мокрыя слізкія гароды ці па загуменню. Два рады хат былі адарваны адзін ад аднаго, ды можна сказаць, што адасоблены былі і многія хаты: каму ахвота была лезці ў такую макрату без вялікай патрэбы?..

Цяпер, у цемры, гэтая макрата была страшнейшая. Уся вёска, вялікія і малыя, жанкі і мужчыны туліліся бліжэй да цёплых чараноў, да дымных агнёў на прыпечках, хаваліся, драмалі па цёмных, задушных сваіх норах. Маўчалі каровы, не бэлькалі нідзе авечкі, не перагаўкваліся сабакі, хоць бы адзін гук дайшоў ад блізкага лесу, з балот — цішыня, важкая, чорная, стыла ў нячутнай сяўбе дажджу над сялом, над звадзянелымі дрыгвянымі абшарамі, над светам…

«Ну і чарнеча ж! Хоць вока выкалі! — падумала Ганна, падымаючы каўнерык жакеткі. — Чысто — сусветны патоп!» Яна асцярожна, каб не паслізнуцца, саступіла з ганка і пайшла ў цемру.

4

Неўзабаве Ганна ўжо сядзела каля Хадоські перад комінкам, на якім палала, чадзела лучына. «Канапляначка», схіліўшы галоўку з залацістым пушком над ілбом і каля вуха, па-дзіцячы выпінаючы добрыя губы, старанна вязала рукавіцу. Тут жа, каля комінка, падсунуўшы да агню ўслон, на якім тырчала прасніца з барадой кужалю, сядзела і маці, цётка Аўдоцця. Маці прала — адставіўшы руку, цягнула і цягнула пальцамі з «барады» на прасніцы кужаль, спрытна звівала яго ў нітку. Нітка ўсё даўжэла, бегла і бегла на верацяно, што круцілася, скакала ў яе руках, як бы ў цудоўнай полечцы.

Хадосьчын бацька Ігнат, чарнявы, сіваваты, ускудлачаны, гнуўся трохі ўбаку, час ад часу пакрыкваў на жонку, што мяняла паставу, засланяла святло, — каб адхілілася.

— Ціхо бо ты, старое верацяно! — зазлаваў ён нарэшце.

Жонка адхілілася, прымірэнча сказала:

— Што ты ўсё бурчыш, стары лапаць? Як, скажы ты, іголкі збірае.

— Іголкі не іголкі, а і на лапаць — нібыто — святла трэба…

Ён корпаўся з выслізганым вастрадзюбым подплеткам і лазоваю дзяжкаю — плёў лапаць.

Дзеці, дзве Хадосьчыны сястрычкі і брат, сядзелі на печы, то гаманілі аб нечым, то спрачаліся, але як толькі ў спрэчку ўмешваўся знізу грозны бацькаў голас, адразу ўціхалі…

Можна сказаць, Ганна адна тут была без справы, і яна шкадавала, што не ўзяла нітак: магла б таксама не марнаваць часу, павязаць. Ганна і Хадоська гаварылі мала, навін ні важных, ні дробных не было, гаварыць тут пра сардэчныя клопаты, пра Васіля нельга было, і яны найбольш маўчалі. Ганна то сачыла за тым, як Хадоська вяжа, як цётка Аўдоцця прадзе, то спрабавала пражу, хваліла, то глядзела на іх саміх, параўноўвала. Яны былі вельмі падобныя адна на адну, «канапляначка» і матка. Абедзве нізкарослыя, з кароткімі спрытнымі рукамі, абедзве як бы гладкія, мяккія. «Як булкі», — успомнілася раптам, што сказаў Хадосьцы Яўхім. У абедзвюх на тварах, таксама мяккіх, светлабровых, быў адзін добры, лагодны выраз, толькі ў Хадоські быў ён больш ясны, чысцейшы. І давер'я больш было ў яе вачах, і каса была гусцейшая, цудоўная, русявая, з водбліскам золата каса, што ляжала на плячы… І нейкая радасць, патаемная, шырокая, якую ёй цяжка трымаць. Што за радасць?..

— Ой, Гануля, кеб ты знала!.. — схілілася раптам да Ганнінага вуха Хадоська, ціха-ціха прашаптала: — Я заўтра іду к яму!.. Малаціць!..

Ганна прытулілася да сяброўкі, але не вясёлая, а здзіўленая.

— Я ж — таксамо!.. Адрабіць доўг трэба!

— Ну, і нам — доўг. Але ето ўсё адно! Ён хацеў, штоб прыйшла я!.. Так і сказаў!..

— От і добра! Будзем удзвюх! — спакойна адказала Ганна.

— Што ето вы там шэпчацеся? — лагодна, без крыўды папракнула цётка Аўдоцця. — Ой, чую, пра кавалераў! Не інакш, пра кавалераў: то-та унь мая такая вясёлая, вочы — як тыя вугалькі…

— Скажаце вы, мамо!

— А што ж, дзеўка нібыто ў саку, — азваўся бацька. — Толькі от жаніхоў нешто няма.

— Будуць! Дай выраўняцца! Яблуко ж яшчэ горкае, зялёнае. Вырасце — адбою не будзе, чую!

— Скажаце! — Хадоська пяшчотна тузанула маці за руку, загадала маўчаць…

Вярталася Ганна дамоў тою ж слізкаю дарожкай цераз мокрыя агароды і платы, пад тым жа бясконцым дажджом. У чарнаце ночы думала пра Хадосьчыну радасць, пра заляцанні да абедзвюх. «Глядзі ты, Корч які спрытны: адразу ў дзвюх меціць!..» — мімаволі падумалася ёй, але думку гэтую тут жа змяніла развага: з чаго яна ўзяла, што Корч меціць і ў яе? Паплёўся адзін раз услед — паглядзець, не інакш, хацеў, якая яна бліжэй, ці такая, за якую ўдае сябе. Падступіцца паспрабаваў, як бы па-добраму, каб пасмяяцца потым, а яна, недарэка, паверыла, што ён напраўду ўсё кажа. Разгубілася, як малая, руку вырваць з яго рукі забыла, язык прыкусіла! А ён, можа, вярнуўся ды смяяцца стаў з яе, даверлівай дурніцы. І заўтра смяяцца будзе!..

І ўсё ж, не зважаючы на гэтыя думкі, яна глядзела цяпер на працу сваю ў Карчоў без асаблівай трывогі. Што ёй з таго, што здарылася ў той вечар, хіба ж яна не можа трымацца з Карчом так, як бы ў іх ніякай гаворкі і не было! Нібы яна яго не ведае і ведаць не хоча! А калі трэба будзе, калі ён абсмяяць захоча, хіба яна не знойдзе, што сказаць! Не паглядзіць, што Карчоў сынок!

Да таго ж яна будзе не адна, а з Хадоськай — гэта ўжо само па сабе мяняе многае. «Дзівачка, як яна радуецца, што будзе рабіць у свайго Яўхіма, — як бы не на працу, а на свята збіраецца!» — падумала Ганна, пералазячы цераз мокры, халодны плот, за якім быў ужо родны двор.

Дома ўсе даўно спалі, на яе прыход ніхто не азваўся. Яна вобмацкам, асцярожліва выставіўшы ўперад рукі, дайшла на цыпках да свайго ложка ў куце каля акна, дзе чутно было бесклапотнае сапенне Хведзькі, хутка скінула кофту, спадніцу і нырнула пад коўдру…

На другі дзень Хадоська забегла да Ганны, як было яшчэ цёмна. Ганна, якая акурат уставала з-за стала, хутка надзела старую даматканую паддзёўку, і праз момант яны ўжо ішлі па двары. Вакол было даволі відно, у халаднаватай шэрані добра акрэсліваліся дрэвы наводдаль, хлявы, гумны. Дажджу ўжо не было, толькі мутныя кроплі на жэрдках, на скручаным лісці напаміналі аб ім.

У каляінах на загуменні, якім яны ішлі, усюды холадна бялела вада, там і тут разліваліся лужыны. Вада ў ранішняй шэрані здавалася густой і важкай, як волава.

Вялікае, толькі летась пабудаванае гумно, строгая, роўная страха якога яшчэ нідзе не зелянела мохам, а сцены толькі пачалі цямнець, было адчынена. Дзяўчатам абедзвюм падумалася, што Корч, напэўна, іх даўно чакае, і яны мімаволі заспяшаліся. У той час калі яны падышлі да гумна, адтуль якраз паявіўся Халімон Глушак, маленькі, сухенькі, такі дробны ў параўнанні са сваёй шырокай, самай вялікай у Куранях будынінай.

Ён кінуў на дзяўчат востры позірк тхарыных вачэй, адказаў на прывітанне і дробнай, па-старэчы асцярожнай хадой, цягнучы ногі, падаўся к прываду. «Пляцецца, як бы ледзьве кеўляе, — падумала Ганна, пазіраючы ўслед яму. — Дзьмухне вецер — і, здаецца, паляціць, як пясчынка тая, рассыплецца, бы трухля…» Яна глядзела ўслед, хоць не першы раз бачыла, дзівілася: ведала, што, пэўна, ветру такога ў свеце няма, які б мог не тое што сарваць з зямлі яго, хоць бы з ног збіць!..

У Карча ў руцэ была маслёнка. Ён нахіліўся з ёй над прывадам, там, дзе быў кулачок каля прывадной шасцярні, уткнуўся носам амаль упрытык, агледзеў, падліў масла, нахіліўся над шасцярнёй. Рабіў ён усё не хапаючыся, паважна, нават урачыста, з нейкім набожным выглядам, з якім, мабыць, і ў царкве на малітве стаяў.

Калі Халімон, наўколенцах, згорбіўшыся, штосьці разглядаў у шасцярні, падышоў яго сын Сцяпан, папрасіў:

— Тато, дайце я абгледжу!..

Стары нават не паварухнуўся, не сказаў слова. Такая звычка была: нічога важнага нікому не давяраў, сынам нават, рабіў сам. Тут жа было не што якое, не драбяза, тут было яго багацце, яго гонар — конная малатарня. Ганна чула, што з усяго свайго набытку Халімон найбольш даражыў новым гумном і купленаю ў Мазыры малатарняю. Але гумно ўсё ж было гумно, і ў другіх ёсць гумны, няхай горшыя, а малатарня — рэч, якая тут у аднаго яго на ўсю акругу. Ні ў каго тут, прайдзі сёлы на дзесяткі вёрст між гэтых балот і хмызнякоў, не знойдзеш яшчэ такога. Такое калісьці не ў кожнага і памешчыка вадзілася, а гэта ж трапіла ў гумно к яму…

Сцяпан хвіліну для прыліку пастаяў пры бацьку, паглядзеў на яго працу, падышоў да дзяўчат.

— Усё яму самому хочацца… — сказаў ён ветліва, абы не маўчаць. — Бы я горай зрабіў бы.

Сцяпан выглядаў бледным, хваравітым. «З навукі, пэўне», — падумала Ганна. Ён, было відаць, хацеў трымацца з імі, як дарослы кавалер. Не толькі Хадосьцы, а і Ганне гэта падабалася. «Не грэбуе, значыцца…» Як-ніяк ён быў у сяле самы вучоны, можна лічыць, гарадскі чалавек.

— Надоўга да нас? — запытала Ганна, адказваючы далікатнасцю на далікатнасць.

— Дак от бацько сказаў — пакуль не ўправімся…

— Яно, канешне, не да вучэння, калі дома няўпраўка…

— Канешне, — падтрымала гаворку і Хадоська, якая ўвесь час паглядвала то на вароты ў гумно, то на двор.

— Ты, казалі, у Ёселя жывеш, каторы булкамі таргуе?

— У Ёселя. З Аронам яго ўдваіх. Там закутак е такі, што як паставілі ложкі, дак і размінуцца няма як…

— А які ён да цябе, Ёсель? Не крыўдзіць?

— Не-а. Бацько ж плоціць за мяне. Ён, Ёсель, — засмяяўся Сцяпан, — добры да ўсіх, хто дае зарабіць… Надысь мех пшаніцы завезлі…

— А не нудно там, на чужыне? Аднаму, без маткі?

— Цяпер не-а. А спачатку, калі меншы буў, і без прывычкі, нудзіўся. Проста суботы дачакацца не мог, кеб дадому бегці… А цяпер прывык…

Ганна зірнула на яго хваравіта-бледны твар, прамовіла спачувальна:

— Трудно, мабуць, вучыцца? Сухота адна.

— Не-а. Мне не трудно. Мне лёгко даецца. Асабліва — пісьмо. Па пісьму я самы першы ў класе… Толькі арыхмеціка падводзіць…

— Якая карых… меціка? — адарвала позірк ад двара Хадоська.

— Ну, задачы. Складанне, дзяленне.

Паўз іх назад у гумно прашаргаў ботамі стары з маслёнкай, хутка, але востра, пільна зірнуў на сына, і ўсе прымоўклі.

— Значыцца, жыць там — непагано?

— Не-а. Можно жыць. Толькі адно, што коса глядзяць каторыя…

— Чаму?

— З багацеяў. — Ён пачырванеў, дадаў жорстка: — Кулацкі сынок!

Хадоська спачувальна ўздыхнула, але сказаць нічога суцяшальнага не паспела, бо ўбачыла, што на дарозе ад хлявоў паявіўся Яўхім, а за ім рабаваты хлопец Іван, які парабкаваў у Глушакоў, — вялі коней. Яўхім ішоў першы, трымаючы гладкага, агністага колеру каня на кароткім повадзе, сам такі ж гладкі, дужы, як конь….

— А што мне, трэба яно, етае багацце? — усхвалявана, з нечаканай крыўдай прамовіў Сцяпан. — Што, я яго нажываў? Ды па мне што яно е, што яго няма…

— Скажаце бо!

Яўхім быў ужо зусім блізка. Ганна, і не пазіраючы ў яго бок, чула, як ён падыходзіць, чула яго крокі, фырканне каня і ўсё больш насцярожвалася. Зноў успомніўся той вечар, яго праводзіны, але няёмкасці такой, як раней, ужо не было, мацней за ўсё брала насцярожанасць…

Яўхім, дайшоўшы да іх, дужай рукой прыпыніў неслухмянага каня, весела паздароўкаўся. Вольную руку падаў спачатку Хадосьцы, якая пры гэтым адразу паружавела, потым Ганне. Ён і знаку не паказаў, што між ім і Ганнаю было штосьці асаблівае.

Яўхім стаў толькі на хвіліну, адразу ж павёў каня к прываду. Калі ён запрагаў гнядога, з варот выйшаў стары, павёў вочкамі па хмурным небе:

— Матка калі ж будзе?

— Сабіраліся ўжэ…

— Абедаць трэба будзе, пакуль саберацеся!..

Халімон гаварыў ціха, роўна, але Ганна пачула, што ён вельмі недавольны. Стары Глушак, усе ў Куранях ведалі, любіў парадак, дысцыпліну і ўмеў стрымлівацца. Ніколі не ўзвышаў голасу.

— Пазаві! — ціха кінуў стары Сцяпану.

Але маці ўжо ішла сама. Убачыўшы старога, што стаяў і глядзеў на яе, здагадалася, напэўна, што запазнілася, адразу заспяшалася, пайшла ўподбег. Корч жа як стаяў, так і стаяў, глядзеў ёй насустрач, чакаў, аж пакуль яна не падышла.

— Будзеш са Сцяпанам коней ганяць, — сказаў Халімон загадным тонам. Ён мелькам зірнуў на Сцяпана і, не чакаючы ні ў сына, ні ў жонкі згоды, павярнуўся да Хадоські і Ганны.

— А вы к малатарні. У гумно.

Дзяўчаты пакорліва пайшлі за ім. Глушакова гумно здалося ім не ў меру светлым — і ток вельмі гладкі, чысценька падмецены, і смалістыя новыя плашкі як бы вымытыя. Акуратна абкораныя дубовыя сохі аж паблісквалі, а страха знізу нібы ззяла: жоўценькі паплёт, жоўценькая салома. Палавіна гумна была прасторная, пустая, у застаронку каля сцяны ляжала толькі купа саломы — другую старану цесна, ледзь не да самага вільчыка, поўнілі роўныя рады снапоў. Але самым важным, што асабліва прыцягвала ўвагу, што, можа быць, і надавала гумну святочнасці, — было маленькае ярка-чырвонае дзіва на таку — малатарня…

«Чырвоная, як тая скула, нарываючы…» — прыйшло раптам Ганне.

Стары ўзяў з кутка ля варот вілы, падаў Хадосьцы, сказаў, што яна будзе з Іванам адграбаць салому, а Ганне кіўнуў галавой наверх:

— Палезеш туды!.. Падаваць снапы…

— Не баішся? — спачувальна азваўся Яўхім.

— Чаго?

— Высоко! Галава кеб не закружылася!

Ён зарагатаў і ўраз абарваў смех, перахапіўшы строгі позірк, што кінуў бацька.

— Не на вячоркі пазваны… — прамовіў Халімон.

Яўхім паслухмяна прамаўчаў, паказваючы сыноўнюю пакору.

— Драбіну прынясі!

Яўхім кінуўся на двор. Стаўляючы драбіну к снапам, павёў вокам да бацькі, і калі ўбачыў, што той адвярнуўся, па-прыяцельску падміргнуў Ганне: не бойся, няма чаго!..

— Патрымай трохі, — папрасіла Ганна сяброўку, беручыся за драбіну. — Кеб я часам не забілася!

Драбіна ледзь даставала да верху і стаяла крута. Здавалася — вось-вось адарвецца ад снапоў, стане на момант роўна — і паляціць назад, і Ганна паляціць спіной на застаронак, на вострую яго агароджу з плашак. У яе халадзела ўсярэдзіне, але трэба было лезці і лезці, не марудзіць, бо там, унізе, чакаў стары Корч.

Ледзь яна з палёгкай стала на снапы каля сахі, рабаваты парабак падаў ёй вілы, схіліў набок, узваліў на плечы драбіну, Глушак крыкнуў к прываду пачынаць, і малатарня лёгка і звонка загаманіла. Ганна заспяшалася, падчапіла пад перавясла першы сноп, напружыўшы рукі, узняла і спусціла ўніз к мастку, дзе стаяў побач з бацькам Яўхім. Вілы, аднак, не даставалі да мастка, і сноп прыйшлося скінуць Яўхіму на рукі.

Яўхім, ухапіўшы сноп, мігам развязаў яго, падсунуў па мастку да бацькі, які ўзяў, звыкла разраўняў і пасмай пусціў на барабан. Барабан, што ашалела круціўся, прагна ўхапіў жыта, замалаціў па ім, задаволена, аж надрываючыся, засвістаў, завыў.

З гэтага часу Глушакова гумно было поўна гулу, ляскату, пылу, што разыходзіўся да сцен, падымаўся да Ганны, да вільчыка, вырываўся недзе ў расчыненыя вароты, у шчыліны. Ганна сноп за снопам пад�апляла на вілы, узважвала, кідала Яўхіму, які спрытна хапаў на ляту, клаў на масток. Позіркі іх час ад часу сустракаліся, Яўхім лавіў яе вачыма, ад якіх цяжка, немагчыма было ўцячы. Было ў яго вачах штосьці такое, што напамінала пра той вечар, ад чаго ёй зноў станавілася няёмка, трывожна. Яна старалася паказваць, што не заўважае і не разумее гэтага позірку, помніць цяпер толькі адно, хто яна і для чаго тут — работніца, парабчанка.

Барабан, што выў і выў шалёна, ненасытна, як бы напамінаў Ганне пра яе абавязак, ён не даваў марнавацца. Не да думак лішніх было, не да разваг, трэба было выбіраць снапы, падчэпліваць так, каб не спадалі з віл, кідаць удала ўніз. Вось адзін сноп, ледзь узняла яго на вілах, стаў разлазіцца, аб'язджаць, пэўна, перавясла было нямоцнае ці адкруцілася. Яна хутчэй апусціла сноп, узялася перавязваць яго. Зірнуўшы ўніз, каб кінуць сноп, заўважыла, што стары ўжо чакае, нецярпліва, нездаволена…

Калі брала снапы блізка, пад рукамі, то можна было і не спяшацца асабліва, перадыхнуць хвіліну. Снапы ж, аднак, ляжалі не толькі блізка. Былі і далей, і, можна сказаць, далёка, дзе-небудзь у дальнім кутку, тут ужо нельга было не хапацца, не гнацца. Пакуль данясеш, трымаючы на вілах, стараючыся не паслізнуцца, не спаткнуцца, не вывіхнуць нагі, хадзіць па снапах — гэта не па зямлі, ледзь управішся ў пару. Пахадзіла, пабегала так — дыхаць пачала часта, засаплася, рукі, ногі, спіна наліліся цяжарам утомы…

Але яна як бы і не заўважала ўтомы: не ў навіну гэта. Усе клопаты, усе думкі былі аб адным: не пазніцца, упраўляцца; яе ўзялі рабіць, а рабіць — гэта не цешыцца, не радавацца. Рабіць — гэта: пот плыве на вочы, шыю, спіна чыгунее, рукі ломіць ад натугі, а ты не зважай ні на што, падчэплівай сноп пад перавясла, кідай на масток. На тое Корч і пазваў, а Корч не любіць, каб рабілі абы-як, абы адбыць. Рабіць — гэта рабіць, пакутаваць. У гэтай пакуце адно жыве цярплівае, тупое, салодкае, як мара, жаданне: некалі ж павінна гэта спыніцца, гэты ляскат, гул, гэты гон, і можна будзе разагнуцца добра і пастаяць, і аддацца радасці спачыну. Толькі калі будзе гэта — невядома, адно ведае — няскора, няскора…

Гудзе, грыміць гумно, пыл круціцца, устае да вільчыка.

Сноп, яшчэ адзін… Яшчэ адзін… Яшчэ…

Калі стары махнуў ёй, што падаваць ужо не трэба, Ганна ледзь магла стаяць. Ногі падгіналіся, рукі зняможана дрыжалі, хацелася паваліцца і нічога не бачыць, не чуць. Як праз сон, дайшло да яе, што барабан гудзе ўжо зноў звонка, пуста — не малоціць. Неўзабаве ён і зусім змоўк, гумно як бы амярцвела, адно чуліся галасы за сцяной…

— Пакармі коней! — сказаў стары Глушак сваім роўным, сіплаватым галаском Яўхіму, потым падняў вочы на Ганну. — А ты — злазь ды, пакуль тое, саломы адграбці памажы…

На дварэ было ўжо не так хмурна, як раніцай, праз хмары гатова было вось-вось прарвацца сонца; пасля змроку і пылу ў гумне Ганна аж зажмурылася ад яркага, здалося, святла. Густы, але нямоцны вецер крануў спатнелы твар свежасцю, пагнаў па спіне, па руках халадок, і ёй стала лягчэй.

Амаль адразу ж услед выйшаў і стары Глушак. Запылены, з саломінкай у шырокай, коратка падстрыжанай рудой барадзе, паглядзеў на стог саломы, паморшчыўся:

— Рэпа, расселася… Утаптаць трэба! — Ён заўважыў, што Хадоська хацела штосьці сказаць, напэўна, апраўдацца, апярэдзіў: — Пакуль Іван вернецца!..

Іван павёў з Яўхімам карміць коней. Хадоська заспяшалася пакорліва, супакойваючы:

— Зараз, зараз, дзядзечко!..

Халімон не сказаў больш нічога, ціхай, дробнай хадой падаўся да прывада, нахіліўся над прывадным колам, штосьці стаў разглядаць…

Утоптваючы стог з Хадоськай, Ганна бачыла, як вярнуліся ад хаты старая Глушачыха, што несла чыгун, накрыты латкай, і Сцяпан з лазоваю каробкай за плячыма. Каля гумна ляжала тоўстае ўчарнелае шула, старая паставіла чыгун пры ім, узяла ад Сцяпана каробку, пачала выкладваць на шула хлеб, нож, лыжкі. Калі ўсё падрыхтавала, зірнула на чалавека, што важдаўся каля прывада, але не пазвала, села на шула, стала чакаць. Толькі як Халімон падышоў сам, узяўся рэзаць хлеб, замітусілася:

— Сцяпанко!.. Дзе ты падзеўся?.. Абедаць ідзі! Бацько сядзіць, чакае!.. Дзеўкі! І вы — злазьце бо!.. Пасёрбайце боршчыку!..

Калі ўсе сышліся, паселі, дзе каму ўдалося, — не толькі Ганна і Хадоська, чужыя, але і Сцяпан, і старая, з асцярогай, чынна, — стары Глушак пачакаў, як бы даючы ўсім адчуць важнасць моманту, перахрысціўся.

— Дай Божа!..

Ён узяў лыжку, зачэрпнуў з чыгуна баршчу, тхарынымі вачыма павёў па ўсіх, хто сядзеў. Усе хрысціліся, браліся за лыжкі, такія ж стрыманыя, паважныя, як стары Глушак, нібы стараліся быць падобнымі да яго. На Хадосьчыным твары Ганна заўважыла зачараванне і страх. «Усё адно як не Корч стары, а цар перад ёй!» — мімаволі ўсміхнулася Ганна, але ўсмешка адразу ж і згасла: стары так зірнуў, нібы пачуў яе. «Як, скажы ты, чытае ўсярэдзіне!» — мільганула ў яе галаве.

Абед здаўся ёй нясмачным і доўгім, і яна ўзрадавалася, калі Глушак падняўся: дзякуй Богу, кончылася! Адышоўшы крыху з Хадоськай, пачула, як Глушачыха, збіраючы лыжкі, пажалілася старому:

— Нацягалася я за канём!.. — У голасе яе пачулася пакорлівая просьба: — Хай мо б хто маладзейшы?..

— Ля малатарні ўвішнасць патрэбна! — прамовіў Халімон строга. Ён памаўчаў. — Ну, няхай… Будзеш салому адкідаць…

Глушак пазваў Хадоську, загадаў станавіцца к коням. Іх акурат прывялі з двара, і стары сам пайшоў да іх. Ганна чула, як ён запытаўся, ці добра накармілі, напаілі, бачыла, як ён узяў нагу ў гнядога, памацаў пад капытом. За гэтым ён павёў парабка к шулу, падсунуў яму чыгун, даў хлеб, моўчкі стаяў, калі той, хапаючыся, жаваў і сёрбаў.

Ганна не стала чакаць Глушаковай каманды, пайшла сама ў гумно, хацела паляжаць на снапах у зацішку. Але як толькі ўвайшла, заўважыла, што следам хтосьці ідзе. Гэта быў Яўхім.

— Утамілася?

— Можа буць…

— Я сам запарыўся… Бацько, можа, запарыць усякаго… — Яўхім кіўнуў на снапы, з-за якіх ужо выглядвалі верхнія два рады бярвенняў: — Палезеш? Хочаш — пасаблю?

— Абыдуся!..

Яна чакала, што ён адыдзе, але Яўхім як бы не разумеў ці знарок хацеў збянтэжыць, падсмяяцца. Ганна пастаяла і раптам узлавалася: што ж, няхай стаіць, няхай глядзіць! Ухапілася адной рукой у шчыліну за бервяно, другой — за сноп, абаперлася наскамі аб бярвенні і снапы, стараючыся прытульваць спадніцу, падзерлася наверх. Ужо на снапах азірнулася, перахапіла яго гарачы, прагны позірк.

Але сказаць нічога не ўправілася: у гумно ўваходзіў стары…

5

Да вечара змалацілі ўсё: што значыць малатарня — столькі жыта за адзін дзень увабраць! На другі дзень да самага вечара круцілі веялку, ссыпалі чыстае збожжа ў мяхі, адграбалі мякіну. Стары Корч рабіў усё разам з іншымі, і сам хвіліны не пастаяў, і другім стаяць не даў.

Яўхім рабіў тут жа, каля веялкі. Быў ён, здавалася, такі ж, як заўсёды, і рабіў, як усе. Але калі б хто мог зазірнуць у яго душу, то пабачыў бы, што не жыта, не веялка, іншае зусім цікавіць і трывожыць яго. Дзе б ён ні быў, што б ні рабіў, ён адчуваў, бачыў адну Ганну.

Ён добра ведаў, што не закаханы. Яўхім нават з пагардай думаў пра яе. «Було б аб чым думаць, па чым сохнуць! Дзеўка б була якая асаблівая. А то ж грудзі як грудзі, ногі як ногі… Грудзі — нават дробныя, як яблукі. І ногі танкаватыя, кволыя…» І прыкра было думаць, што з-за гэтых дурных ног заснуць не мог паўночы, бачыў усё іх, смуглую пругкую лытку, голае калена. Лепш бы не глядзеў, калі яна лезла на снапы.

«І так сабой не асабліва відная — драбната. Паглядзець няма на што. І твар — худы, косткі на шчаках выпінаюць… Толькі і красы, што язык як брытва!..» Але колькі ні абгаворваў яе сам сабе, колькі ні хаяў, не памагала ўсё ж — нібы апоены зеллем, думаў і думаў пра яе, сачыў за ёй неспакойным позіркам.

«А чаго — дзело маладое! Наша дзело — не раджаць!» — засмяяўся ён, задаволены такім простым, ясным тлумачэннем. Яўхім быў грубы па натуры, схільны да цынізму, які ён лічыў абавязковай адзнакаю сапраўднага мужчынскага характару. Пры ўсім гэтым вывад яго быў блізкі да праўды: Яўхім тады і сам не верыў у сур'ёзнасць сваёй прыхільнасці да Ганны…

Стары Глушак хутка заўважыў яго позіркі, асцярожныя, нібы незнарок, заляцанні да Ганны, адвёў Яўхіма за рог гумна і стукнуў па галаве лапаткай.

— За што?

— Кеб не рабіў, чаго не трэба. Жарабец дурны!

— Ужэ і пасмяяцца з дзеўкамі няможно!..

— Не для таго пазваны! — адрэзаў бацька і дадаў з папрокам: — Знайшоў каго!

Глушак адаслаў сына з гумна, далей ад дзяўчат, і Яўхім тут за ўвесь дзень больш не паяўляўся. Але калі вечарам стары павёз у свіран апошні мех, калі на гумнішчы засталіся толькі Хадоська і Ганна, якім Халімон загадаў падгрэбці, прыбраць усё, Яўхім паявіўся зноў.

— Ой! — убачыўшы ўпоцемку яго, узрадавалася Хадоська.

Ганна сустрэла едкаватай усмешкай:

— Дзе ето прападаў так доўго?

— Работку даў стары, — адказаў няпэўна Яўхім. І каб змяніць небяспечны кірунак размовы, непрыемныя роспыты, запытаў: — Ну, а вы як тут?

— Дзякуй Богу, — адказала Ганна, — не сумавалі адны!

Хадоська ціха, з дакорам шмарганула яе за рукаў. Яўхім жа як бы не пачуў, не зразумеў кпіны, пастаяў, павёў вачыма па гумнішчы, прамовіў спакойна:

— Цёмно ўжэ!.. Можно і канчаць!.. — Ён раптам папрасіў: — Знаеш што, Хадоська, ідзі ў свіран, мо там бацьку трэба што памагці. А ты, — кіўнуў Яўхім Ганне, — даграбі да стога, ды і дадому…

Але як толькі Хадоська знікла, ён падышоў да Ганны, стаў перад ёю.

— Злая ж ты! — Яўхім памаўчаў, чакаў, што яна скажа. Ганна не сказала нічога. — Ты — век такая?

Ён гаварыў весела, хацеў добрай гаворкі.

— А табе не ўсё адно? — Ганна варухнула граблямі, як бы прасіла адысці, не замінаць грэбці.

— Кеб усё адно, то не пытаўся б.

— Дак не скажу!

— Гарачая ты, мабуць? — Ён узяў Ганніну руку, як у той вечар, але яна спакойна, цвёрда забрала яе.

— Мабуць… Ды адышоў бы ты, грэбці не даеш…

— Управішся!.. Гарачая, значыцца!..

— Для каго як!

— Для каго — як печка, а для каго — лёд?

— Угадаў. Здагадлівы!..

— А для мяне — як?

— Для цябе? Папраўдзе, не думала ніколі… Пэўне, для цябе — ніяк!

— Як ето? Ні тое ні сёе? Сярэдне?

— А так. Ты для мяне — як кукаль на разоры. Што ты е, што цябе няма — адно.

— Бо не знаеш!.. Ты ўсё пра Дзятліка свайго думаеш. Таксамо — кавалера знайшла!

— Які е, абы да душы.

— Попусту сохнеш! Цяпер ён не хутка выберацца! За такія штучкі мало не даюць! Бандзіцізм! За ето так запратораць, што і свету белаго не ўбачыць!.. От птушка: такі з выгляду рахманы, цішэй вады, ніжэй травы, а глядзі — з бандзюкамі знюхаўся!

Ганна абарвала — дадзеў усё ж ёй:

— Не радуйся чужой бядзе!..

Яўхім зразумеў, што перахапіў, схібіў, паспрабаваў паправіцца:

— Я і не радуюся. Шкода проста цябе!..

— А ты не шкадуй! Няма чаго!

— Я чалавек не злы. Спагадлівы… Асабліва да дзевак!.. — Ён жартам стараўся як можна загладзіць памылку, растапіць яе непрыхільнасць, якая стала такой калючай. — Тут час такі — збыту матка не дае! Жаніся ды жаніся!.. От я і прыглядаюся!

— Калі так, то не туды глядзіш. Не выгледзіш тут нічога… У другі бок глядзеў бы. Хадоська вунь ночы не спіць!

— Хадоська…

— Любіць, дурная! За што толькі, даўмець не магу?

— Хадоська… Што — Хадоська? Вада — смаку ніякаго!.. От ты, ты па-мойму, — са смакам!

— Дак яна ж у сто разоў лепей за цябе!

— Ты, па-мойму, — не слухаў яе Яўхім, — як самагонка! Пяршак! — Яўхім раптам схапіў яе за руку, Ганна паспрабавала вырвацца. — Не вырывайся!.. У, а, мабуць, такі гарачая!

— Пусці!

Ганна рэзка крутанула руку і вырвалася. Але ў той жа момант, адкінуўшы яе руку з граблямі, якія яна трымала між сабой і ім, Яўхім абхапіў Ганну аберуч, сціснуў так, што ёй зацяло дыханне. Ад валасоў яе, ад твару пахла Яўхіму ветрам, саломай, нечым такім завабным, жаночым, што ў галаве яго муцілася. Ён адчуваў тугія грудзі яе, жывот, цвёрдыя калені, усё цела яго поўнілася нецярплівай, гарачай прагай, якая ап'яняла, паліла, туманіла развагу.

— Пусці! Чуеш?! Ой, балюча!.. Не цісні, ой… — ірвалася яна, непрыхільная, гнеўная, усё яшчэ трымаючы граблі.

Яе вочы былі блізка, былі добра відны ў поцемках — непакорныя, дзікаватыя, як у птушкі, што б'ецца з сілка. І плечы, і рукі, і ногі яе — уся яна была наліта непакорай, але ён не зважаў на гэта.

— Пусці, чуеш?.. Адыдзі!..

— От, нецярплівая!.. — паспрабаваў ён пажартаваць. — Патрывай бо… трохі…

— Пусці! Закрычу!.. Ей-богу, закрычу!..

Ён не адказаў. Не мог гаварыць, лавіў, лавіў яе рот, а яна не давалася, адварочвалася: перад ім была то скроня, то раскудлачаная галава з хусткай, ссунутай назад. Яўхім, аднак, не адступаўся, усё дужэй сціскаў дзяўчыну, і не было, здавалася, такой сілы, якая б разарвала гэты абдымак.

І раптам у Ганны вырвалася спалоханае, як маланка ўдарыла:

— Бацько!!!

Яўхім адразу выпусціў яе, адскочыў. Трывожна азірнуўся: спачатку на дарогу к свірну, туды, адкуль ён мог паявіцца, але там не было нікога, тады кінуў позірк убок, к суседскаму гумну, на загуменне. Не відаць нікога… Яўхім мімаволі глянуў на яе, як бы просячы яе памагчы, убачыў — яна ўжо стаіць наводдаль, папраўляе валасы і хустку.

— Не шукай! Няма яго!.. — кпліва прамовіла яна.

Ён са злосці аж вылаяўся:

— Т-ты, чорт! — Але тут жа адчуў, што паказваць злосць сваю — значыць, страціць зусім мужчынскую годнасць, стаць проста нікчэмным. Паспрабаваў засмяяцца: — А я — паверыў! Лоўко ты… выдумляеш!..

«Так абдурыла! Так у лужыну пляснула, подлая!.. Дурань!»

— Палахлівы ж ты, аказваецца!

Ад гэтага здзеку ён гатовы быў рынуцца да яе, як разгневаны звер, але яна наставіла граблі, пагрозна папярэдзіла:

— Падыдзі толькі!

Яўхім прыпыніўся, як бы разважаючы. А думаць было цяжка: сэрца шалёна калацілася, у скроні біла кроў, у галаве стаяў важкі туман. Яна ж, хітрая, не траціла часу марна, скарыстала замінку: заўважыла постаць, што праходзіла непадалёк па загуменні, крыкнула:

— Цётка Алена, то вы?

Постаць стала, прыгледзелася да іх.

— Ето я, Аўдоцця, — пазналі абое голас удавы Сарокі. — А то ты, Ганна?

— Аге…

— Пераказаць мо што Алене?

— Не-е. Сама ўжэ скажу…

Яўхім, слухаючы гаворку, аж кіпеў: і гэта ўсё было здзекам з яго. Знарок спыніла жанчыну, смяецца кожным словам. Пачакай, няхай адыдзе толькі…

І трэба ж, знарок, каб чула жанчына, Ганна лагодна прамовіла:

— Дак я ўжэ зрабіла ўсё… Пайду ўжэ?

Ён прасіпеў:

— Ідзі…

Яўхім не глядзеў ёй услед, але чуў яе крокі, чуў, здаецца, смех, які яна несла ў сабе. «І трэба ж даць так абдурыць!» — не мог ніяк супакоіцца ён. Яму было так прыкра, што хацелася лаяцца. Але ён разам з тым адчуваў, што прыкрасць гэта не толькі на тое, што даў ашукаць сябе, але і ад таго, што яна так працівіцца яму, такая непадступная. «Як прынцэса! Каралева зрэбная! Галадранка!..»

Плынь яго думак пра куранёўскую прынцэсу, аднак, тут жа абарвалася, бо на сцежцы ад дому паявілася постаць. Ён пазнаў Хадоську, падумаў мімаволі: «А мо яна тут паблізу была, не захацела падыходзіць, калі я з Ганнай… Бачыла, як Ганна адшыла мяне… Ну і хай, калі на тое, — пляваць мне на ўсё!..»

Хадоська, падышоўшы да Яўхіма, азірнулася:

— А дзе Ганна?

— Пайшла ўжэ…

«Не бачыла, значыцца. Кеб трохі, наляцела б, але — не бачыла…» Яўхім і Хадоська нейкі час стаялі моўчкі, яму проста не хацелася гаварыць, яго яшчэ хвалявала перажытая прыкрасць, а яна як бы чакала чагосьці, што ён павінен быў абавязкова сказаць. Можа, ёй тады было дастаткова аднаго добрага: «Ну, і ты ідзі ўжо, Канапляначка!» — і яна б пайшла, тоячы радасную надзею. Але ён не гаварыў нічога, і яна стаяла, адчуваючы, як цесна робіцца ў грудзях сэрцу, узрушана круцячы пальцам ражок хусткі.

Яўхім заўважыў, як яна круціць, мне ражок, і як бы прачнуўся. Акінуў вачыма ўсю яе — Хадоська стаяла, апусціўшы галаву, добрая, пакорлівая, — і раптам падумаў: чаго ён тлуміць попусту галаву сабе, чаго шукае, дабіваецца? Нашто яму здалася ганарыстая Чарнушкава каралева?

Яўхім абняў Хадоську, адчуў, як яна радасна, аддана прытулілася, аж затрапятала ад шчасця.

— Канапляначка…

Ён пацалаваў, і яна не адвярнулася, адказала доўгім-доўгім пацалункам, такім, што ён ледзь не задыхнуўся.

— Утаміўся я… — сказаў ён, нібы адкрыўся другу ў бядзе. — Пасядзім давай.

Пяшчотна трымаючы яе за стан, Яўхім павёў Хадоську к стогу. Яна ішла спачатку лёгка, з той жа добрай пакорлівасцю, але раптам заўпарцілася.

— Не трэба!.. Я не хочу!..

— Ну, пасядзім трохі! Ногі баляць… Пасядзім, і толькі!..

Ён гаварыў ціха, ласкава, нібы прасіў пашкадаваць. Голас яго пераконваў: нічога баяцца не трэба, нічога кепскага не будзе.

— Глядзі ж, кеб… без глупства!..

Хадоська паслухалася, села каля яго. Ён абняў яе, прыцягнуў, стаў, задыхаючыся, цалаваць, шаптаць штосьці гарачае, бязладнае, разарванае. Яна спачатку, хоць і стрымана, адказвала на яго пацалункі, потым стала трывожна кідацца, стараючыся вырвацца з яго абдымкаў.

— Ой, не трэба! Не хочу!..

— Дурная!.. Ну, чаго ты? Ну, чаго?.. Няўжэ я так не падабаюся табе?.. Такі паганы?

— Не…

— Ну, дак чаго ж ты?

— Баюся я! Устанем лепей!..

— Не любіш, значыцца?

— Устанем давай!..

— Не любіш?

— Люблю…

— А калі любіш… Дурная!.. Канапляначка!.. Канапляначка мая!..

Ён не чуў сваіх слоў, ён адчуваў толькі яе, маладую, жаданую, непадатную. Хто б мог падумаць, што і яна, такая добрая, мяккая, здаецца, закаханая без памяці, будзе так працівіцца! Ён злаваў ад гэтага непаслушэнства, ад упартасці яе, нецярпліва гарэў.

— Яўхімко, мілы!.. Не трэба!..

— Чаму? От выдумала! Баязліўка ты!

— Яўхімко! Не жаніўшыся!.. Грэх!..

— Граху цяпер няма! Грэх выдумалі… Усе грашаць…

— Пабойся Бога, Яўхімко!

— Бог не асудзіць!

— Татачко!.. Як дазнаюцца ўсе!..

— Ніхто не дазнаецца! — Яму нясцерпна надакучылі яе трывогі, надакучыла ўгаворваць, і, каб скончыць гэта, ён сказаў: — Жанюся ж з табою…

— Жэнішся?

— Жанюся, сказаў!..

— Дак — пачакай!.. Пасля вяселля!..

Яўхім ашалеў. Яна гэта адчула і прысмірнела. Яна яшчэ з адчаем змагалася і з Яўхімам, і з сабою, са сваім каханнем, змагалася, чуючы пад сабой страшную бездань, але змагацца станавілася ўсё цяжэй. Яна ўсё слабела, яна адчувала, што не ўтрымаецца…

— Яўхімко… мілы!.. Пасля… Адразу…

— Ну, заныла! Калі ты зараз!..

— Божачко ж!..

Гэта быў апошні вокліч, апошняя надзея, мальба аб літасці…

Калі Яўхім праводзіў яе па загуменні, спадылба, зладзейкавата сочачы, ці не падглядвае хто-небудзь за імі, Хадоська была ўжо ціхая, ласкавая, пакорлівая.

Развіталіся каля яе гумна. Яўхім, шкадуючы, вінавата абняў яе за плечы, Хадоська сама паднялася на пальчыках, дацягнулася да яго губ, пацалавала.

— Яўхімко! Што ж… — голас яе, кволы, пакутлівы, задрыжаў. — Што ж мы… нарабілі!

— От, дурная, нібы што такое!

— Грэх які!

Ён хацеў сказаць што-небудзь бесклапотна-жартаўлівае, але Хадоська раптам прыпала да яго грудзей, горка, з глухім, поўным трывогі, адчаю стогнам зарыдала. Яўхім азірнуўся: «От, плакса! Як у дамавіну жывая кладзецца!.. Яшчэ пачуе хто, угледзіць… Бацькам напляце… Будзе гаворкі!..»

— Ну, ціхо ты! — прамовіў, як мог, лагодна і строга. — Людзі ходзяць!

Яна сціхла, адступілася, выцерла слёзы.

— Дак не… падманіш?.. Яўхімко?..

— Не… Сказаў…

— Не кінеш?..

— От бо! Зноў!

Ён ужо амаль злосна павярнуўся і пайшоў назад. «Трэба було етае, звязаўся з дурною, — ад душы пашкадаваў ён цяпер. — Мало було клопату!» Але, адышоўшы крыху, супакоіўшыся, разважліва падумаў: «А калі на тое, чым я вінаваты! На тое і лавец, кеб рыба не драмала. Хіба б лепей було, кеб упусціў такі кавалак!..» Ён са здзіўленнем і разам з тым ужо з прыемнасцю ўспомніў: «А трымалася ж як! Хто б падумаў!.. А ўсё-такі не абераглася, дабіўся!..»

Падымаючы на гумнішчы кінутыя граблі, ён успомніў другую, успомніў, як непрыхільна рвалася, як пасмяялася, і радасць астыла. «От каго б абламаць!.. Толькі — цяжэй будзе!.. Нічога, усяму свая пара…»


Читать далее

Раздзел чацверты

Нецензурные выражения и дубли удаляются автоматически. Избегайте повторов, наш робот обожает их сжирать. Правила и причины удаления

закрыть