Раздзел другі

Онлайн чтение книги Люди на болоте Людзі на балоце
Раздзел другі

1

Зіма дужэла патроху. То ціснулі зямлю халады і чыстай беллю — аж адбірала вочы — шырыліся палі, то мокла адліга — снег цямнеў, і, нудны, беспрасветны, церусіў дождж. Толькі пад самы Новы год маразы скавалі зямлю як след і зіма стала ўладарыць адна: засцілала абшары новымі і новымі выбеленымі палотнамі, абложвала хаты і хлявы гурбамі, пераразала вуліцы белымі гарамі…

З дня на дзень Міканор усе больш абвыкаўся зноў з колішняю сваёй дамоўкай, з новымі клопатамі і абавязкамі. З дня ў дзень трэба было памагаць дома бацьку і матцы — напаіць, накарміць жывёлу, прывезці сена, дастаць, нарэзаць дроў. А больш турботы было па-за домам, з грэбляю. Па цвёрдых санных дарогах вазілі к узболатку каля цагельні дручкі, галлё, бярвенні. Кожны дзень, калі хто-небудзь ехаў у лес дзеля грэблі, Міканор выбіраўся ці разам у лес, ці да цагельні — сустракаў возчыкаў, памагаў складваць прывезенае, запісваў у блакнот, хто што зрабіў. Ледзь не кожны вечар хадзіў Міканор па куранёўскіх хатах, дамаўляўся пра падводы «на грэблю».

І для дамоўкі, і для грэблі рабіў Міканор усё з ахвотаю — асабліва тады, калі ўсталяваліся звонкія маразы, калі так весела зіхцелі пад чырвоным сонцам палі, калі лес поўніўся такой вусцішнасцю, што хацелася, як малому, дурасліва паваліцца ў снег ці закрычаць на ўвесь свет! У такія дні ў лесе за вярсту было чуваць, як недзе падае, рассыпаючыся на ляту, белы камяк з патрывожанай галіны…

Ці ішоў па лясному цаліку, правальваючыся часам да пояса, ці абтоптваў снег вакол дрэўца, ці памагаў пілаваць і лажыць на воз — радасна было чуць, як хораша, молада поўніць цела дужая гарачыня. Дрэўцы, галлё танулі ў снезе; калі абсякаў галлё, цягнуў іх — мокрыя рукі пякло, як крапівою. Абціраў рукі аб палу світы, хукаў — грэў — і зноў з вясёлай ахвотаю пілаваў, абсякаў, валок да саней. А якое шчасце было потым — ехаць назад, чуць, як тонка пяюць палазы на выслізганых, жоўтых каляінах, як прыгожа, звонка рыпіць пад намерзлымі пасталамі: рып-рып. А якое шчасце было бачыць, што растуць і растуць аснежаныя горкі галля і дрэў каля цагельні, ехаць на лёгкіх санях дахаты, з лагодным, дружбацкі настроеным дзядзькам!..

Шчасце было і калоць дровы дома — пад павеццю, у адной гімнасцёрцы з расшпіленым каўняром; унесці па рыпучым ганку ў хату, звонка кінуць у кутку, чуць, як маці глядзіць з удзячнасцю і замілаваннем…

Сваё хараство было на лузе. Змерзлае сена адрывалася ад стажка, лажылася ў сані з сухім, ломкім шамаценнем, з сярэдзіны патыхала цеплынёй, густым, казытлівым настоем зляжалай травы, здавалася, было такое смачнае, што і сам быццам з'еў бы!.. Пасля марозу дзённых дарог добра было чуць цяпло хаты, бавіць вечары на вячорках з дзяўчатамі, у гаворках з таварышамі, з дзядзькамі, што часта сыходзіліся ў дымную ад лучыны бацькаву хату.

Вячоркі амаль заўсёды былі вясёлыя, з бесклапотным смехам, з сумнымі і гарэзнымі песнямі, з жартачкамі і дзявочым віскам. Круціліся, шархацелі коламі самапрадкі — здавалася, таксама то весела, то сумна, то задуменна. Пад спевы самапрадак, пад жартачкі і песні Міканор, які па прыкладу Хоні насіў шынель зухавата напашкі, прыглядаўся да падрослых куранёўскіх дзяўчат — прыглядаўся з цікавасцю, з тамлівым прадчуваннем нязнанага шчасця. Вочы яго вельмі хутка выбралі з усіх, хто рупіўся каля прасніц, бялявую «канапляначку» Хадоську і Чарнушкаву Ганну. Хоць адзеты былі не так, як мазырскія, якія гулялі па прыпяцкаму берагу, — у зрэб'е ды вясковыя андаракі былі адзеты, — нават у гэтым адзенні з любой мазырскай хараством маглі б паспрачацца!

Асабліва ўпадабалася Міканору Хадоська. Але Міканор не кінуўся са сваімі заляцаннямі адразу, толькі глядзеў прыхільна здалёк ды ўздыхаў на адзіноце. Нават у сваім вайсковым адзенні, якое вельмі выгадна вылучала яго сярод хлопцаў, помніў Міканор пра свой васпаваты твар, пра белаватыя бровы і блеклыя, нібы выцвілыя, вочы, — але была тут і іншая прычына: Хадоська падабалася Хоню. І хоць Хоня сам прызнаўся з нейкім вясёлым, адчайным шкадаваннем, што душа Хадоські не ляжыць да яго і «нічога людскага» ў іх, відаць, не выйдзе, Міканор, пэўна, усё ж не стаў бы на дарозе таварышу.

Хоня быстрым вострым позіркам сам улавіў, як глядзіць Міканор на Хадоську, прыгледзеўся, праверыў і, калі ішлі ўдвух з вячорак, бесклапотна павёў плячыма, зарагатаў, параіў:

— Ідзі, паспрабуй, мо да цябе весялейшая будзе! Не прападаць жа ёй адной цераз мяне!..

На другі вечар ён сам выйшаў з вячорак разам з Хадоськай і Міканорам, нёс самапрадку лёгка, зухавата пасвістваў, пасмейваўся; правёў трохі, раптам сунуў самапрадку Міканору, сказаў, што трэба дахаты: табар дамашні, мабыць, чакае! На развітанне падбадзёрліва стукнуў Міканора па плячы: ідзі, брат, жадаю шчасця!..

Але і з Міканорам Канапляначка не павесялела: ішла ў кароценькім кажушку з чорным барановым каўнерыкам, у акуратных лапціках і белых анучках, амаль да кален аперазаных аборкамі; быццам бы і слухала Міканораву гаворку, а сама — чулася — была далёкая ад гаворкі гэтай, абыякавая была. Як дайшлі да яе хаты, Міканор вольнай рукой узяў за Хадосьчыну дробную ручку, хацеў затрымаць каля варот — такая лагодная цішыня ляжала над сялом, так мякка кружыўся снег, таяў на твары, бяліў яе каўнерык! — але Канапляначка ўзяла руку, пакруціла галавою: не, няма чаго стаяць!

Нічога не змянілася і ў другі вечар: ішла побач, а нібы не бачыла і не чула яго, была недзе далёка, з нейкім другім. Яшчэ да таго, як дайшлі да Хадосьчынай хаты, Міканор перастаў жартаваць, забаўляць: чаго гаварыць глухой! Яму стала нудна. У трэці раз ён сам не пайшоў з ёю…

Цікавей было ісці з Чарнушкавай Ганнай, якая хоць і кпіла то з яго армейскага хараства, то з яго заляцанняў да Хадоські, але ж чула, бачыла яго, была дасціпная, вясёлая. Было б з ёй зусім добра, калі б па абодва бакі Ганны не ішлі хмурны, насцярожаны сусед Васіль, што амаль увесь час цяжка маўчаў ды з падазронасцю прыслухоўваўся, і — гаварлівы, упэўнены, нахабны Яўхім Глушак. Яны тапталі снег побач, і Міканор чуў, увесь час чуў, што Ганну, хоць яна і гаворыць больш з ім, хвалююць папраўдзе толькі яны. Да Васіля Ганна ласкавейшая, не тоіць, нават нібы знарок паказвае, што горнецца да яго, аднак Глушака гэта ні трохі не бянтэжыць, не збівае яго то ліслівай, то нахабнай упэўненасці. Ён нібы цвёрда ведае загадзя, што, як бы там ні было, удача дастанецца яму…

«Ну і задавака, ну і нахаба! — падзівіўся, зазлаваў Міканор. — Дзержыцца, як бы роўнаго яму нікого няма, багацей паганы!.. — Ён пагразіўся думкаю: — Пахадзі, пахадзі шчэ — прыгнем пысу тваю к зямлі, род увесь ваш паганы к зямлі прыгнем, карчоўскае насенне!..»

Але хочаш не хочаш — трэба было прызнацца, што і тут, каля Ганны, хадзіць яму няма чаго. Ён тут ужо не тое што трэці, а — чацверты лішні!

«Не шанцуе мне — не сакрэт — па етай часці! — вывеў, нібы падсмейваючыся з сябе, Міканор. — Па ўсяму відаць, перамяніць цэль трэба!..» Аднак, хоць і цяпер хадзіў на вячоркі, як і раней, амаль кожны вольны вечар, праводзіў ужо каго давядзецца…

У іншыя вечары і вольныя дні бавіўся ў гурце прыяцеляў — найчасцей з Хонем і Алёшам Губатым. Калі сыходзіліся ў цёмнай і такой нізенькай, што верх Міканоравай будзёнаўкі чапляў столь, хаце адзікага куранёўскага гарманіста, Алёша звычайна выцягваў са скрыні беражліва загорнуты ў матчыну хустку гармонік. Садзіўся ён заўсёды на адзін і той жа ўслончык, між сталом і скрыняю, заўсёды, пачынаючы іграць, прыкладваў галаву вухам да гармоніка. Пачынаў Алёша часцей за ўсё з песень, і песні любіў найбольш сумныя, жаллівыя. Асабліва шчыра, журботна іграў і спяваў Алёша песню пра бедака-салдата. Вялікай тугою бралі не вельмі чулае Міканорава сэрца словы-скаргі:


Ізмучаны, скалечаны

Крывавай той вайной,

З адной нагой аторваной

Гранатай праклятой…


Да ціхага хрыплаватага спеву далучыўся звонкі і чысты Хонеў галасок, і скарга-боль як бы стала шырыцца, мацнець, ірвацца з хаты, у свет:


Ідзёт бядняк дай думае,

Кружыцца ў галаве.

Зачым, зачым я ўбіт не буў

Ў крывавай той вайне…

Зачым прыйду калекаю

Ў радзіцельскі свой дом,

А там сям'я галодная,

А я — лішон трудом…


Міканор бачыў, як — мабыць, не ў першы раз — каля печы Алёшава маці выцірае слёзы, як сумная ціснецца да падаконніка немаладая Алёшава сястра, як дыміць люлькаю, спусціўшы ногі з печы, яго бацька. Ды і сам Міканор чуў сябе растрывожана, спачуваў бедаку-калеку, якіх столькі перабачыў і ў Куранях, і ў Мазыры…

— Давай што весялейшае! — не вытрываў смутку першы, крыкнуў Алёшу Хоня.

Міканор і рота не паспеў адкрыць, каб падтрымаць таварыша, як Алёша спрытна пабег пальцамі па гузіках на гармоніку, даў «барыню». Хоня гэтага толькі і чакаў — ускочыў з услона, ссунуў шапку яшчэ далей на макаўку, тупнуў лапцем, — эх, шкада, падлога была земляная, — крыкнуў гарэзна, зазыўна і дробнай чачоткай пакіраваў на сярэдзіну хаты. Тупаў лапцямі, ківаўся ўпрысядку, ускокваў, круціўся, падганяў:

— Давай, давай! Не шкадуй гармоніка!

Ён вярнуўся к услону, к Міканору, змораны нашчэнт, — соп важка, выціраў шапкаю змакрэлы, учырванелы, шчаслівы твар. І Алёшава маці ад прыпека, і бацька з печы хвалілі яго, ён і сам ведаў, што хваліць ёсць за што, але сядзеў сціпла. Сціпла ж, пасміхваючыся з сябе, сказаў:

— Було б на што добрае такая ахвота!.. От кеб рабіў так!

— І на работу ж — не зломак! — запярэчыла Алёшава сястра.

— Зломак не зломак, а пагуляць люблю. Болей як трэба!..

Згадваючы потым, на адзіноце, песню пра калеку-салдата, Міканор раптам пачуў, што яна ўжо як бы і не падабаецца. Не такая яна і добрая: вельмі ж багата ў ёй плачу, слёз. «Усё ные і ные, бы выстарцаваць скарынку хлеба хоча. Не савецкая песня, царскага рэжыму шчэ, відно. Не перадавая песня, не сакрэт…» Пачуўшы песню ў другі раз, Міканор, хоць і ведаў, што Алёша можа пакрыўдзіцца, не прамаўчаў, бязлітасна ўрэзаў праўду-матку пра песню. Алёша, як і чакаў Міканор, пачырванеў, пакрыўдзіўся, было відаць, моцна; адразу ж з выглядам чалавека, якога вельмі абразілі, сабраў, зняў гармонік з пляча, стаў загортваць у хустку.

Хоня першы кінуўся ратаваць надламаную дружбу.

— Нядобрая, ну няхай табе — нядобрая! А мне — дак падабаецца, за душу бярэ! Алёша шчэ так грае, так спявае — лепшай, здаецца, век не чуў! — Хоня пайшоў у наступ на Міканора: — А мо ў цябе лепшая е? Давай сваю лепшую, як не падабаецца етая! Пабачым!

— А магу і даць! — не саступіў Міканор.

— Давай, давай! Пабачым!

— Дак знаеш жа, як я спяваю…

— А мы ўсё адно разбяромся! Давай!

Міканор тым голасам, якім ён спяваў з аддзяленнем ці ўзводам, калі ішоў у страі мазырскімі вуліцамі, пачаў «Марш Будзённага». Узяў трохі высакавата і вельмі звонка, сарваўся і, абараняючы песню, сказаў:

— Аднаму яе трудно! Яна вельмі добра выходзіць, калі строй спявае!..

— Дай спяваць умее! — Хоня стрымаў усмешку. — А песня, дак і праўда, нічого, а, Алёша? — Алёша прамаўчаў. — Толькі, канешне, не таму спеваку дасталася! От кеб хто з людскім голасам узяўся за яе!

Хоня не адразу ўгаварыў Алёшу, але ўсё ж угаварыў: не быў бы то Хоня! Калі Алёша падабраў лады, калі заіграў як трэба, калі ўтрох за Міканорам сталі падпяваць, дык і Алёша крыўдаваць перастаў: песня і праўда была добрая. Разам з Хонем і Міканорам разоў дзесяць падрад ахвотна вялі, паўтаралі:


З неба палудзённага жара не падступі,

Конніца Будзённаго раскінулась ў сцепі…


Нібы самі імчаліся на быстрых конях цераз вецер нязнаных казачных стэпаў, дружна, нецярпліва звалі:


Кар'ерам, кар'ерам — давай, давай, давай!

Рота кулямётная, ў баю не адставай!


— Харошая песня! — пахваліў і Алёшаў бацька, які сам «некалі на вайне састаяў пры конях».

Алёшавы бацькі былі на ўсе Курані беднякі з беднякоў: Алёша, памагаючы ім, ахвотна хадзіў з гармонікам на ігрышчы і ў Алешнікі, і ў Мокуць, і разам з ім цяпер хадзіў усюды «Марш Будзённага». Міканорава песня скора разышлася па цэлай балотнай акрузе…

Калі збіраліся ў Міканоравай хаце дзядзькі, гаворкі ішлі найбольш разважныя, сур'ёзныя: аб важных падзеях у дамашнім быцці, аб падзеях у жыцці суседзяў, аб навінах — ці чутках — цэлага куранёўскага маштабу. Перамешваючыся з успамінамі і рознымі павучальнымі гісторыямі, да якіх пажылыя куранёўцы былі заўсёды ахвочыя і якія пераканаўча паказвалі, што і таму, хто іх казаў, давялося нямала пабачыць і зазнаць на вяку, — чуткі і навіны смела пераходзілі межы Куранёўскай рэспублікі, звязвалі дзядзькоў з Мокуццю, з Алешнікамі, з валасной сталіцаю. Гаворкі, падобныя на тыя, што карова ела нешта пагана і нейкая млявая, што Міця-ляснік прывалокся зноў у дым п'яны, змяняліся паведамленнем аб тым, якую новую паперу з воласці атрымаў сельсавецкі Дубадзел, усебаковым, грунтоўным абмеркаваннем яе. Чуткі пра тое, што дзеецца ў сельсавеце, няўхільна вялі дзядзькоў у воласць, уводзілі ў гаворкі-меркаванні Юравічы, Апейку, Харчава…

Няхай не так часта і не ўсе, найбольш Андрэй Руды і Міканораў бацька, зазіралі разважныя куранёўскія палітыкі і ў Менск, і ў Маскву, к самому Калініну, выбраліся ў шырокі, неспакойны свет. Было гэта амаль заўсёды, калі Міканор, падсеўшы бліжэй да комінка, на якім трашчала ў агні лучына, павольна і цяжка чытаў газету «Беларуская вёска», што прыходзіла з Менска.

З усіх навін, якія вычытваў Міканор, асабліва хвалявала тое, што робіцца за мяжой. Сваё было добрае, прыемнае — слухаючы яго, цешыліся, ад яго спакайнелі, — адтуль жа, з-за мяжы, часта ішло трывожнае, пагрознае, страшнае — вайна.

— Дакуль жа ето яно, грэц яго, будзе! — не ўтрываў, наслухаўшыся такіх вестак, Чарнушка. — Сычаць усе ды сычаць!

— Капітал, буржуазея! Без вайны, следавацельно, жыць не можа! — паясніў Руды. — З вайны, та-сказаць, сіла ўся ў іх, як у каня з аўса!

— Сіла-то сіла, ды адзін аднаго не вельмі ядзяць! — апярэдзіў Міканора Хоня.

Чарнушка і яшчэ некалькі дзядзькоў згодна заківалі, падтрымалі Хоню гоманам.

— Гад, та-сказаць, гада не любіць есці! — Руды пусціў з ноздры далікатны, тоненькі струменьчык дыму. — Класавая барба, як вучыў Карл Маркс і Фрыдрых Энгельс.

— Няўжэ ж так, браткі, і будзе ўвесь век? Ето ж і да вайны недалеко! — не таіў трывогі Грыбок.

— Недалеко!

Тут ужо ўмяшаўся Міканор: яснасць поўную ў праблеме вайны і міру можна было зрабіць, толькі нагадаўшы моц савецкіх ваенных і марскіх сіл, якія ён цяпер нібы прадстаўляў у Куранях.

2

Не адзін раз уступаў ці ўрываўся Міканор у гаворкі, якія ўсё ж часцей высвятлялі не праблемы свету, а, калі можна сказаць, праблемы Куранёў. Праблемы гэтыя хвалявалі і здаваліся ніколькі не менш важныя, чым праблемы свету, — яны проста лезлі ў душу. Батата, багата што ў Куранях тачыла сумам і клопатам Міканора, непакоіла, трывожыла, абурала. Багата, багата што бачылася не такім, як трэба, як павінна быць.

Пачалося ўсё яшчэ тады, калі з Грыбком і яго калёсамі, якія знайшоў у Юравічах, вяртаючыся са службы, прабіваўся дадому. Калі лез, тануў у халоднай твані перад недалёкімі ўжо Куранямі, радасць вяртання, блізкай сустрэчы з роднай дамоўкай перамяшалася з няўчасным сумам. Сум гэты гнёў, калі ўгледзеў куцыя, слепаватыя хаткі пад чорнымі саламянымі і чаратовымі стрэхамі, калі зноў улез у амаль забытую гразь куранёўскай вуліцы. Пасля мазырскага бруку, жывой люднасці на вуліцах, прыпяцкага вясёлага прастору — як бы сплюшчаным, затопленым гразёю, дрымотным і балюча бедным убачылася дарагое сяло. Сум зашчымеў яшчэ горш, калі ступіў на свой ганак, у сенцы — якая ж яна крывая і гнілая, бацькава хата! І цесная, і цёмная якая!..

Так было ледзь не ўвесь час: амаль усюды побач з радасцю ішлі смутак, клопат, нязгода. Ішлі дома, ішлі ў лесе, прабіваліся на вячорках, дзе таксама ж, як і ва ўсіх хатах, сляпіліся пры чаднай лучыне, ледзь не ўсе прыбраныя ў зрэб'е. Асабліва ж вярэдзілі душу незадавальненне і турботы доўгімі начамі, калі лажыўся на палаці ля замаляванага марозам, з пабялелымі рамамі акна, з якога лоб, шыю, плечы студзіла холадам.

Трэба было нешта рабіць з хатай. Бацька казаў, што добра было б падвесці падваліны, перабраць сцены — замяніць некаторыя бярвенні здаровымі, — і жыві яшчэ хоць пяцьдзесят гадоў! Але мяняць падваліны, перабіраць сцены было справай такой няпростай, што Міканору думалася, ці не лепей ужо новую пастарацца агораць хату. Ды і, па праўдзе кажучы, вельмі ж не дадушы чорная і цёмная цяперашняя дамоўка, каб старацца, пяцца для яе, каб яшчэ век векаваць у ёй! Але ж і з тым не лічыцца нельга: як ты агораеш новыя харомы з дашчанай падлогай, з добрай печчу, хоць бы з аднаго пакоя, калі дастатку ніякага, калі лес узяць невядома за што, невядома за што зруб скласці. Няхай — зруб і самому налаўчыцца, скласці можна, і кроквы прыляпіць, і накрыць чаротам, — але ж столяра — хочаш не хочаш — наняць трэба! Дзверы ды рамы сам не зробіш! І печ не злепіш! І без шкла не абыдзешся! Шыбы як-ніяк трэба зрабіць большыя!.. Багата чаго трэба! І на ўсё трэба дастатак! А тут — і конь такі, што гадай, ці адужае прывалакчы столькі лесу. І каровы няма; без каровы, без малака — жыццё не жыццё; перш чым за хату брацца, хоць бы цялушку якую прыдбаць! І збожжа ў застаронку — на дне: да канца зімы ці ўдасца перабіцца! І картоплі наўрад ці хопіць да новай! А трэба ж будзе яшчэ ўзяць з яе, каб пасадзіць!..

І хлеў — дзіва як стаіць яшчэ; страха на ім, чорная, замшэлая, уся ў дзірках, у латках з саломы, цячэ! І зруб у калодзежы — зялёны, збуцвелы, зямля ўжо дзе-нідзе сыплецца ў ваду! Усё, усё — куды, здаецца, ні зірні, просіць рук, забівае галаву клопатам!

Але хіба гэта адно вярэдзіць душу? Перайначваць, мяняць багата што трэба ў заведзеным ад веку парадку — от што асабліва точыць. Нядобра думаць што паганае пра родны кут, але ж у сенцы зайсці брыдка, такім смуродам б'е там, дзе чвякаюць, вішчаць парасяты. Нібы нельга трымаць парасят у закутку ў хляве! Цвілы, кіслы нейкі пах не выходзіць з хаты: можа, ад тых жа парасят, якіх іншы раз — от парадак жа — кармілі ў хаце! Спрабаваў — як калісьці казарму — праветрываць хату, але толку мала — пах не выходзіць. І невядома, як выжыць яго! Ды і як тут выжывеш, калі бацька і матка прывыклі, як бы і не чуюць яго. Заікнуўся раз Міканор пра гэты пах, дык матка зірнула так, нібы ён гаворыць абы-што.

— Ето табе здаецца, Міканорко, — сказала спакойна, упэўнена. — Здаецца, што нядобра пахне. Як помню, так пахло. І ў другіх так жа ж…

От жа адказ — у другіх так! А калі ў другіх нядобра робяць, дык і ўсім так трэба? Гэта ж праўда: нядаўна заходзіў да Зайчыка — дык парасяты ў хаце, можна сказаць, побач з дзецьмі. Дзеці лазяць, гуляюць каля іх, між іх, у разлітай парасячай паліўцы, а Зайчыкам — хоць бы што, як бы так і трэба. Калі сказаў ім, дык Зайчык пажартаваў, што невядома каго яшчэ даглядаць лепей трэба! Дзяцей, маўляў, вунь сколькі, а парасят — двое! Зайчыха на яго, Міканора, як на дзівака пазірала!

Проста бяда — ніякай санітарыі! Гэта ж калі б у казарме ў палку хоць бы адна дзесятая, ды што дзесятая — сотая частка такога непарадку была, дык камандзіра палка мятлой вымелі б з арміі, судом судзілі б, як злачынца! А тут жывуць так — і нічога! Як бы так і трэба!

«Мало культуры! Можно сказаць, што багато ў каго дак культуры саўсім няма! А некаторых відаў культуры дак — не сакрэт — не хапае ўсяму сялу…»

Прывык у палку кожныя дзесяць дзён са скруткам бялізны, з ручніком, з кавалкам добрага мыла крочыць у мазырскую лазню. Папарыцца, пасцябаць сябе венікам прывык, а тут — ліха яго ведае — як за ўсю зіму памыцца! Летам — то любая сажалка, копанка кожная прыняць можа, а зімой — як? Калі меншы быў — маці ў начоўкі, у цэбар саджала, а цяпер — вельмі ты вымыешся ў начоўках! І сесці толкам няма дзе ў іх, не тое што ў цэбары!

«Лазню, лазню будаваць трэба! — не адступае, дужэе думка. — Не такую няхай, як у Мозыры ці ў Юравічах; стопку якую-небудзь злажыць. А толькі каб была лазня як лазня — з печкаю, з полкамі, з параю! І каб усё сяло карысталася — і старыя, і малыя! Можно — як у Мозыры — адзін дзень для мужчын назначаць, другі — для жанчын. А можно і так: да абеду мужчыны, пасля абеду — жанкі. А толькі — каб была лазня! На ўсё сяло, на ўсіх!..»

І лазні няма, і школы няма. І чытальні. І ўсё трэба, трэба, а як зрабіць усё, калі тут з грэбляй столькі клопату? Чым больш думаеш, тым больш бачыш, што з іншым трэба чакаць: і з малочным таварыствам, і з меліярацыяй. Усяго не зробіш адразу, з сілаю трэба лічыцца людской — грэблі і адной пакуль хопіць. І на грэблю адну сілы колькі трэба!

І вінаваціць вельмі людзей нельга — беднасць, нішчымніца. І без таго кожны часта ні дня, ні ночы не бачыць з турботы: б'юцца як рыба аб лёд, каб скарынку хлеба, расол мець, каб прабавіцца неяк ад лета да лета…

Але і сядзець склаўшы рукі, ды слухаць скаргі, ды бедаваць — таксама не метад. Варушыць трэба соннае, гіблае гэта балота, самому варушыць: ніхто другі — не сакрэт — рабіць за цябе не будзе. Камісар палка Курбацкі што казаў, калі сабраліся ў палкавым клубе перад раз'ездам па хатах, калі кожнаму, як прэмію за службу і для кіраўніцтва на будучае, далі падпіску на «Беларускую вёску»? Вы прайшлі добрую армейскую школу, казаў камісар, навучыліся грамаце, палітычна выраслі, набылі культуры; вы будзеце — самая культурная, перадавая сіла на сяле. Нясіце ж туды ўсё перадавое, будзьце і там байцамі, байцамі за новы лад, за новае жыццё, за камуну!..

Каму-каму, а яму, Міканору, дык, калі толкам разабрацца, удвайне рабіць трэба: не радавы ж чырвонаармеец, і не толькі малодшы чырвоны камандзір, а і камсамолец жа, адзін на ўсе Курані. Адзін; у тым — не сакрэт — і бяда, што адзін. Не вельмі разгорнешся адзін, без супольнікаў, калі столькі работы і так цяжка ўгаворваць людзей. Камсамольскую ячэйку сарганізаваць — не сакрэт — трэба б. Ёсць з каго, тут і сляпому відна, толькі б падрыхтаваць, свядомымі для камсамола зрабіць, каб ведалі, што такое камуна, і нашто яна мужыку, і што такое Бог. І што такое сусветны Інтэрнацыянал і гідра-імперыялізм. Хоня, можна загадзя сказаць, падыходзіць. І Алёша, ды і, калі пагаварыць добра, растлумачыць усё пэўна, і — Хадоська. Ёсць з каго арганізаваць, калі прасвятліць, пачысціць папярэдне…

Успаміналася нядаўняя спрэчка з Хонем аб грэблі. «Як ты, а я, брат, дак думаю — не вельмі-то багато толку з етай тваёй грэблі будзе!» — «Чаму ето?» — «А таму, што, начальнік, мала чаго яна пераменіць! Каму добра було і так, таму і патом добра будзе, а хто як сядзеў без хлеба, так і сядзець будзе!..» Міканор тады спрачаўся, даказваў карысць грэблі, але Хоня ўсё гнуў сваё. Горш было, што ён, Міканор, і сам чуў у Хоневых словах праўду. «І ўсё-такі — недарэмно, — думаў Міканор у цішыні ночы, пад няўціхны гул завірухі ў коміне. — Меней дзікасці будзе, святла болей. І няхай людзі вучацца разам рабіць. У камуну няхай гатовяцца… А што да багацеяў, то — не сакрэт — і за іх возьмемся! Дай толькі час — падраўняем!..»

3

Чым далей жыў Міканор у Куранях, тым больш чуў, што чакаць ціха, трываць — няхай сабе і да часу — нельга. З дня на дзень усё больш нецярплівай станавілася нязгода з цемраю, з неразумнасцю, з прывыкласцю людской да дурных звычаяў.

Звычаі, даўнія, адвечныя, бачыліся Міканору нібы тая горкая, ні на што добрае няздатная балотная расліннасць, што зелянела, буяла летам усюды на куп'істых куранёўскіх узболатках і балотах. Як тая непатрэбная расліннасць, што ўчэплівалася глыбока ў торф, жылі моцна ў людзях, пусціўшы ўсюды сваё нявіднае карэнне, даўнія, дурныя звычаі. Як і балотнай непатрэбшчыне, ім ніхто і не дзівіўся, нібы няможна было і ўявіць, што магло расці на балоце тым нешта іншае, карыснае! Нібы без звычаяў тых, без забабонаў і жыць няможна было б!

Трэба было, чуў Міканор, ірваць гэтае шкоднае пустазелле, ірваць, не чакаючы, не спадзяваючыся на грэблю: грэбля пакуль яшчэ будзе, — не сядзець жа да таго часу склаўшы рукі! Ды і сама па сабе грэбля мала што тут пераменіць, і пры грэблі работы рукам будзе не на год — пакуль выпалеш шкоду гэту ды пасееш культурныя расліны! Адным словам, сядзець няма чаго, трэба брацца за праполку зараз жа!

Але ж задача якая — палоць, перайначваць звычаі трэба — не сакрэт — не толькі дзе-небудзь у другіх хатах, а і ў сваёй. І нават, калі падумаць толкам, то — перш за ўсё ў сваёй хаце, у сваёй сям'і; бо кожны ж, толькі заікнешся са сваёй крытыкай, адразу ж на тваю хату пакажа — а які ў самога парадак?

Ясна і дзіцяці: калі хочаш хоць чаго-небудзь дабіцца, трэба паказваць перш за ўсё прыклад самому. А тут, як назло, у сваёй хаце парадку такога, каб прыклад іншым паказваць, ані знаку. І не таму, што не хацеў, не спрабаваў парадак гэты ўстанавіць. Спрабаваў, і нават не раз, але што ж ты зробіш, калі матка ды, можна сказаць, і бацька і разумець толкам нічога не хочуць. Матка, дык ледзь возьмешся рабіць што не па-заведзенаму, адразу ад страху бялее, хрысціцца, божкае.

Ледзь толькі ўзяўся калоць дровы ў нядзелю, дык прыбегла, слёзна прасіць, маліць пачала, каб не гнявіў Бога. Тады ён заявіў ясна, што Бога няма, але яна слухаць не стала, кінулася да яго, як да нейкага злачынца ці да вар'ята.

— Міканорко! Ты сам не знаеш, што кажаш! Не знаеш!.. Божачко! Не думай нічого!..

— Не бойся, мамо! Не думае ён нічого, бо — няма яго, не сакрэт!

— Святы Божа! Святы бяссмертны!.. Не слухай яго!..

— Не слухае ён, мамо! Няма каму слухаць! Выдумка ўсё ето!..

— Міканорко! Міканорко! Богам прашу!

Яна тулілася да яго грудзей, заходзілася плачам, проста стагнала ад страху, і Міканор, як ні ваяўніча быў настроены, прыціх, пашкадаваў старую. Маці ж, калі супакоілася трохі, выціраючы ражком хусткі твар, паглядзела на яго пільна, сказала неспакойна:

— Нагаворвае ето нехто табе на Бога, анціхрыстаў нейкі голас!

— Ніхто не нагаворвае, мамо! Сам знаю! От толькі на вас дзіўлюся!..

— Нагаворвае! Чую, Міканорко!.. — Яна запытала з трывогай: — Ці не занядужаў ты?

Здаровы. У тым і аснова, што здаровы, і бачыць такое, што іншыя — не сакрэт — не бачаць; і сярод іх свая матка, якую і шкода за яе страхі і за якую не тое што сорамна, але балюча. Бо баіцца яна ўсяго, што супраць рэлігіі, ад свае цемнаты, ад несвядомасці, — так што, калі меркаваць па ўсіх правілах, сама па сабе яна не вінавата і саромецца за яе — ясна — няма чаго. Але ж, хоць і шкода яе і нялёгка бачыць, як яна перажывае, сядзець, як на прывале, склаўшы рукі, таксама — не метад. Трэба ісці ўперад і ўперад, па ленінскаму маршруту.

Канешне, тут няможна не ўлічваць, што матка ёсць матка, не вораг які, а свой чалавек, толькі што несвядомы; трэба неяк лічыцца з ёю, тлумачыць і тлумачыць, наступаць разумна, можна сказаць, з тактыкай, з манеўрам, з усякім подступам, абходам і таму падобным. Але наступаць, канешне, трэба — бо інакш ніколі нічога не даб'ешся. Няхай прывыкае і яна, і бацька таксама, што не такія цвёрдыя іх старыя парадкі і што багі — не такія паны, пра якіх і падумаць, не тое што сказаць, няможна нічога непачцівага…

Багі і ўсялякія святыя — от з чым ваяваць трэба. У кожнай куранёўскай хаце ў кутку, пад ручнікамі — як прусакі якія ў золаце! Усюды, куды ні зірну ў хаце, зрэб'е, цвіль, беднасць, а тут — бляск, раскоша. Як у царскіх палацах, мабыць! Цара скінулі, косці даўно згнілі яго, а гэтыя жывуць, людской цёмнасцю карыстаючыся! Жывуць, і анігадкі!

З самага пачатку, як вярнуўся са службы, знелюбіў Міканор гэту плойму, што, як нейкія вартавыя, строга сцерагла чалавечую бяду, — ні разу не ўзнялася рука, каб перахрысціцца да іх. З часам нелюбоў яго яшчэ памацнела, спакойна зірнуць не мог на ашуканства гэта, так і хацелася сказаць пра іх што-небудзь насмешлівае, едкае. Доўга стрымліваўся, шануючы матку, але ж трэба было нарэшце пайсці наперад. Не век жа цярпець, мірыцца з матчынай цемнатою.

Устаў пасля абеду з-за стала, тады, як трэба было б перахрысціцца, падступіўся бліжэй да абразоў, прыгледзеўся, запытаў з самым сур'ёзным тварам:

— Хто ето — верхні Бог, — бы на старого Глушака падобны?

Маці ледзь не выпусціла міску, якую ўзяла са стала.

— Міканорко! — Ён заўважыў: у матчыных вачах былі трывога, роспач. — Нашто табе ето? Нашто чапаць табе яго? Ці ж ён паганае табе што зрабіў?

— Не, не зрабіў, бо і не мог зрабіць! Чаго не было, таго не было! Толькі ж — чысты Глушак! Як, скажы ты, з Карча малявалі!

— Пакарае ён цябе за такія твае словы, Міканорко! Ой, не сцерпіць ён, баліць мая душа!

— Дошка маляваная, мамо, усё сцерпіць! Глушак, ну праўда ж, чысты Глушак!..

— Не чапай матку! — перахрысціўшыся, пазяхнуўшы санліва, заступіўся за старую бацька. — Не падабаецца, дак не глядзі, а не чапай. — Ён яшчэ пазяхнуў, са смачным крэктам пачухаў за спіною, мірна прамовіў да жонкі: — І ты не трасіся вельмі! Мо яно, як той казаў, і праўда… Не даказаў ніхто, не бачыў на свае вочы… Дак можно думаць і так і так…

— Як ето — так і так? — сумелася матка. — Як у цябе язык паварочваецца! Няхай ён — малады, а ты ж — жыццё ўжэ пражыў, пабачыў усяго!..

Бацька пакрактаў, пачухаўся.

— У тым і соль, што пабачыў. Па-рознаму — пабачыў — распісуюць усе — святых і Бога… Як буў у Маньжурыі, дак там — саўсім іначы Бог. Жоўты, касавокі, хітры такі паглядам… Усё адно як іх некалькі, багоў…

— Саўсім здурнеў на старасці! — з адчаем сказала матка.

Бацька зноў пачухаўся.

— І святыя ва ўсіх розныя… — Белы ўвесь, у сваіх зрэбных сподніках і доўгай, ледзь не да кален сарочцы, ён пасунуўся к палацям, калі сеў на край, сказаў Міканору: — І ты не вельмі — на абразы!.. Не намі заведзено…

— Дак што, як не намі! Вочы заплюшчыць?

— Не канешне заплюшчуваць… — Бацька салодка пазяхнуў.

— А што ж? Калі душа просто не трывае етаго глупства?!

— Усякаго глупства багато…

— Дак што ж, цярпець век?

— А што… — Наступнае бацькава слова разадраў позех.

Бацька, як бы паказваючы, што гаворка гэта нецікавая я�у, адвярнуўся, лёг на рыззё, пацягнуў на плечы коўдру, — амаль адразу ж захроп. Міканор пастаяў хвіліну з прыкрасцю: нібы чакаў, што бацька заварушыцца, зноў загаворыць — нельга ж так недарэчна перарываць іх спрэчку! Але з ложка чулася адно мірнае, з тонкім, як аб павуціну, подсвістам храпенне; тады Міканор павёў вачыма на маці — тая стаяла перад абразамі з паніклай галавой, сумная, строгая, ціха мармытала нейкую малітву…

Міканор сарваў з цвіка будзёнаўку, накінуў на плечы шынель і хуткім, парывістым крокам выйшаў на скрыпучы ганак.

От дзе ён — цяжкі рубеж, у сваёй жа хаце. І каб жа на гэтым рубяжы быў хто чужы, праціўнік які, то тут задача была б простая, абучаны — не сакрэт — таму, як браць такія рубяжы, дзе праціўнік сядзіць; дык жа — свае людзі там, свая матка, свой бацька!

Ад таго і тактыка цяжкая. Самому маркотна ад такой тактыкі, ад матчыных страхаў, ад пякучых яе слёз. Але нічога — няхай паперажывае, нічога не зробіш інакш; калі-небудзь дзякаваць, можа, будзе, а не будзе — і не трэба! Не за тое, не за падзяку змагаемся!..

4

За гэтым рубяжом бачыўся Міканору другі, багата большы, — можна сказаць, цэлая лінія.

Адна пазіцыя гэтай лініі прайшла ўбаку, у Мокуці, з якой бацьку прывезлі такога п'янага, што давялося несці яго ў хату, нібы мех. Таксама сп'янелая матка і Міканор ужо на палацях знялі з яго халодную світу, узяліся церці снегам белыя рукі і вуха. Доўга, доўга давялося церці, пакуль старэчыя крывыя пальцы не наліліся жывой ружовасцю. Ён жа то стагнаў, нібы ў сне, то скрыпеў зубамі і нешта мармытаў без складу, без ладу.

Балюча і прыкра было бачыць сівую, к святу падстрыжаную бараду з камякамі нейкай яды, з падмерзлай слінай. Разуўшы цвёрдыя лапці, маці накрыла бацьку коўдрай, потым світай, аб'ехала на падлогу і, прытуліўшы раскудлачаную галаву са ссунутай хусткай да краю палацяў, нядобра, неяк не па-людску завыла. І яе было шкода, і прыкра было за яе — у шчырым, поўным тугі плачы чулася п'яная, брыдкая атупеласць…

На другі дзень бацька ўстаў позна, пазелянелы, пастарэлы, нібы вымачаны, доўга чухаўся на палацях, глядзеў спадылба хмурна, пакутліва. Босы пацёгся да вядра каля парога, доўга піў ледзяную ваду, не мог здаволіцца. Маці не ўтрывала, папракнула ад печы:

— Добры буў, Дамецько! Налізаўся як… Чуць давезла!.. Усё з саней каціўся!

Бацька прамаўчаў на яе дакор, зірнуў спадылба на Міканора і хутчэй адвярнуўся. Усё ж не ўтрываў, прахрыпеў да старой, ці не знайшла б чаго апахмяліцца.

Матка пашкадавала — прынесла з каморкі ў корчыку самагонкі. Ставячы перад ім на стол, зноў упікнула:

— Кеб не Чарнушка, не знаю, як давезла б! Скоціцца з саней і ляжыць, як палено!..

Выпіўшы, бацька павесялеў. Сказаў раптам здаволены, нібы хвалячыся:

— Пагуляў добра! Не пашкадаваў зяць гарэлкі!..

— І вас не пашкадаваў, мабуць! — адгукнуўся сумна Міканор.

— Я — што? Чаго мяне шкадаваць?.. От што ты сястру не ўважыў, Вольга шкадавала!.. І чалавек яе пакрыўдзіўся…

— Нічога, уважу! Не канешне — на вашаго п'янаго Мікалая! — сказаў Міканор.

І от зноў ішло. Як нейкая рэлігійная эстафета: ці даўно мінуўся той святы Мікалай, а ўжо блізка былі Каляды; з кожным днём набліжаліся, усё больш поўнілі Курані сваім клопатам. Чым бліжэй падступалі, тым больш брала Курані як бы ліхаманка. Як ні злаваў Міканор, а бачыў — ліхаманку гэтую не толькі не гналі, як хваробу паганую, а проста-такі рады былі ёй; к дурной папоўскай выдумцы — Калядам — не ішлі ціха сабе, з пакоры перад папом, царквою, а — спяшаліся, з ахвотай, з нейкай вясёлай нецярплівасцю! Як бы там і праўда — свята сапраўднае было! Нібы навыперадкі адзін перад адным, хапаліся дарабіць усё па гаспадарцы, — запасаліся на святы: везлі, складвалі ў хлявы сена, калолі дровы. Запасаліся не на дзень, на два — на ўсе Каляды, на два тыдні: у Каляды, па папоўскаму закону, нічога рабіць няможна, грэх!..

Зіма нібы прыяла Калядам. Халады дала ядраныя, дужыя. Раніцы ўставалі ружовыя, з ружовым снегам і ружовым інеем, якога багата пушылася на сценах, у падстрэшшах, на галлі дрэваў. Куранёўскія двары, уся вуліца поўніліся звонкасцю: звонкімі галасамі, звонкім іржаннем і рыкам, звонкім крэктам варот. Дымы над куранёўскімі хатамі стаялі ў ружовым небе, як лес…

Сонца амаль не меншыла холаду: твар шчыпала, калола тысячамі дробных іголак. У полі грудзі аж захлыналіся ад чысціні, ад холаду не тое што цераз світу, але і цераз добрую чуйку мароз неўзабаве сцінаў усё цела. Толькі і ратунку было саслізнуць з саней ды патрухаць услед, прытоптваючы, бы ў скоках. І ў лесе, і каля стагоў рабілі, але пакуль вярталіся, устывалі так, што потым, як казаў Чарнушка, студзіла і на гарачым чаране.

Ночы былі светлыя, такія ціхія, што, калі Міканор прыходзіў з вячорак, душу таміла самота. Самота чулася мацней, калі пракідваўся сярод ночы і — спачатку ў дрымотнай няцямнасці — слухаў, як цераз цьмяны, марозны роспіс шыб прасочваецца галоднае выццё ваўкоў, што кружылі ў халодным полі і ў голых зарасніках вакол Куранёў. Неспакойны сон ноччу не раз перабівалі гулкія ўдары абухом — мароз калоў бярвенні…

Мусіць, не было ў Куранях такой хаты, дзе б не думалі, не дбалі пра Каляды. Хочаш не хочаш, давялося думаць пра іх, дбаць і Міканору; але дбаў Міканор аб Калядах так, як, напэўна, ні адзін другі куранёвец за ўсе гады, як стаяць тут гэтыя старыя хаты. Не было, мабыць, такой гаворкі, такой сустрэчы, дзе б пры зручнай нагодзе, а то і без такой нагоды — па-вайсковаму, без далікацтва — не біў Міканор па Калядах. Дзе толькі мог, вучыў людзей, рэзаў праўду: Каляды гэтыя — забабоны з цемнаты, опіум папоўскі, рэлігійная выдумка.

Васіль-сусед, з якім Міканор такую гаворку зачапіў каля калодзежа, толькі коса, спадылба паглядзеў ды з вядром хутчэй парыпаў лапцямі да хлява. Хоня ж, калі ўрэзаў такое Міканор у Алёшавай хаце, не толькі не набычыўся, але нібы ўзрадаваўся: вядома — выдумка, глупства, выгаднае папам. У хаце, акрамя іх траіх, не было нікога, і за Хонем лёгка згадзіўся з Міканорам Алёша…

Іншыя хлопцы і дзядзькі хто спрачаўся, хто, хоць і не вельмі пэўна, ківаў галавою, хто — такіх было найбольш — перамоўчваў. Вельмі, вельмі часта Міканор у гэтых гаворках спатыкаў абыякавасць: чаго тут гаварыць, чаго мудрагеліць, як бы чуў ён! Таму гаворкі такія хутка ж вельмі гаслі, танулі між іншых жыццёвых меркаванняў і разваг. Гарачэй на размову пра Каляды адгукаліся дзяўчаты і жанкі, але тыя ледзь не ўсе люта кідаліся на Міканора, строга судзілі. Думаць не хацелі, як бы баяліся, што думаць — ужо грэх! Толькі Ганна Чарнушкава — запомнілася Міканору — не божкала, не пужалася; не пужалася, слухала, але з якім недавер'ем, з усмешачкай якой!

Усё ж і тое добра, што слухала: паслухала, можа, калі і падумае! Неспакойнае, разумнае ў вачах яе заўсёды бачыў, от што цешыла і радавала Міканора, асабліва ў гэтыя дні, калі так расчаравала яго Хадоська. Хадоська, пра якую ён нядаўна думаў, што ёй скора і ў камсамол дарогу можна будзе даць, аказалася ні трохі не лепшай за Васіля Дзятла. Гаварыць не дала не толькі пра Бога, а і пра папоў, пра папоўскія хітрасці. Ясна стала Міканору, што такому чалавку не тое што ўперадзе, у першых радах, а ў і тыле невядома як плесціся давядзецца!..

Мала калі выпадала Міканору столькі расчаравання, як у гэтыя дні. Колькі ні стараўся, а перадсвяточная вясёлая ліхаманка ў Куранях не толькі не ападала, а — было чутна — усё мацнела. У гэтую ліхаманку ўсё часцей упляталі свае роспачныя, перадсмяротныя галасы парасяты, свінні, авечкі, якіх калолі і рэзалі каму можна было і каму няможна. Не было такога дня, каб не чулася ці з аднаго, ці з другога хлява спалоханага бэлькання ці пранізлівага віску, каб не чырванеў ці на адным, ці на другім агародзе за хлявом вясёлы агеньчык, не плыў угару дым. Цэлымі днямі яшчэ нядаўна марозна-чыстае паветра поўнілася пахамі дымнага смуроду, паленай шчаціны, падсмажанай свінячай скуры.

«От жа дзікасць! — злаваў Міканор. — Зубы заўтра не адзін на паліцу пакладзе, а — не думае, не беражэцца! Усё пад нож пусціць гатоў для дурного свята!..»

Учора дакараў суседа Васіля, які свежаваў авечку, а сёння, як ні стараўся аберагчыся, пошасць улезла ў хату к самому. Вярнуўшыся ад Грыбка, з якім хацеў пагаварыць, каб падвезці яшчэ галля на грэблю, убачыў раптам, што бацька каля прыпека точыць аб цэглу шыла. Нават каб не бачыў, як нахмурыўся бацька, як адвёў вочы ўбок, здагадаўся б адразу, нашто рыхтуе ён шыла. Але з гэтай бацькавай хмурнасці і ніякаватасці зразумеў Міканор яшчэ і тое, што без яго ў бацькі была з маткай нядобрая гаворка і што бацька саступіў…

— Усё-такі рашылі пакланіцца Богу? — не ўтрываў Міканор пасля нярэдкага ўжо ў хаце няёмкага маўчання.

— Не кажы, Міканорко! — адразу адгукнулася маці, нібы толькі і чакала гэтай гаворкі. — Трэба! Ты як хочаш думай, а — Коляды ето Коляды! Па-людску трэба з імі!

— Дак штоб па-людску — свіней канешне рэзаць?

— Трэба, Міканорко! Добрыя будуць Коляды, дак і ўраджай добры будзе, і худобе прыплод добры! Сабярэш патом нешто!

— Само расці ўсё будзе! Чакайце толькі!..

Тут ужо, выціраючы нізам сарочкі шыла, нібы апраўдваючыся, загаварыў бацька:

— Насця з Сяменам і Вольга са сваім буць павінны! Частаваць нечым трэба будзе!..

— Ды дзяцей прывязуць сколькі к дзеду і бабе! — падхапіла маці. — У Вольгі ўжэ пятае нешто агукае!

— Дак канешне ўсё ето ў святы дзень рабіць!

— А калі ж?

Міканор толькі рукой махнуў: пусты занятак — спрэчкі гэтыя весці! Мала толку з гэтых спрэчак! Падумаў сумна — як усё пераблыталася, сплялося: тут каб каторы і не хацеў святкаваць, дак нібы ўжо абавязаны — госці ж, дзеці, зяці, сваты прыедуць! Трэба старацца для іх, не зняславіцца! Хітра аблытала людзей папоўская гайня!..

Дома не сядзелася, і Міканор выйшаў на вуліцу, пакрочыў да Хоні: хацелася пагаманіць па шчырасці з тым, хто цябе разумее, да каго дойдзе твая трывога-журба. Адвесці душу ў добрага таварыша хацелася!

Задуменны, паглыблены ў сябе, не бачыў, калі ўвайшоў на Хонеў двор, узяўся за халодную сянечную клямку. Схамянуўся толькі тады, калі, забыўшыся нагнуць галаву, стукнуўся аб верхні вушак дзвярэй. Трымаючы ў руцэ будзёнаўку, мацаючы ніякавата гузак, што ўраз пачаў шчымець пад валасамі, агледзеўся ў змроку: у хаце толькі была, нерухома глядзела на яго з палацяў Хонева маці. Страшэнна худая, нібы ўся высахлая, у хатняй цемры яна здалася Міканору нежывой. І хата — маўклівая, няўтульная без звычайнай дзіцячай валтузні і гоману — здалася як склеп…

Міканору няёмка было чуць на сабе нерухомы, нібы мёртвы позірк, але ён стаіў гэта, спакойна прывітаўся, спытаў, дзе Хоня.

— На агародзе Хоня, — не так пачуў, як здагадаўся Міканор.

Толькі калі выйшаў цяпер на двор, заўважыў, што з-за хлява паўзе ўгару дымок, чорны дымок ад згарэлай саломы. Адразу ж за гэтым улавіў з-за хлява вясёлыя дзіцячыя галасы: от дзе ўсе былі цяпер! — мімаволі закрочыў хутчэй. Ледзь высунуўся на агарод, убачыў чародку малых, якія гаманілі, штурхалі адзін аднаго, завіхаліся, адзетыя, як жабракі, але шчаслівыя.

Усярэдзіне гэтага акружэння стаяў на кукішках такі ж, як і ўсе, вясёлы Хоня, кульком падпаленай саломы вадзіў па спіне ўжо амаль абсмаленага худога падсвінка…

Заўважыўшы Міканора, ён кінуў недагарэлы кулёк саломы, выпраміўся, расчырванелы пры агні, з плямай сажы на шчацэ, весела крыкнуў дзятве, каб прымоўклі, па-дружбацку падаў руку.

— Усё-такі паддаўся агульнай пошасці?

— Не пошасці, а — жывату! — засмяяўся Хоня. — Куды ні павярніся носам, адусюль так смашно пахне, што кішкі стогнуць! Хіба ўдзержышся?

— Усё-такі — не сакрэт — як бы Богу кланяешся!

— Не Богу, Міканор, а жывату свайму! Ці мо і жывот — бог таксамо?.. — Ён перастаў смяяцца. — Матка занудзілася вельмі, папрасіла, штоб закалоў на Коляды… Ды і дзятва — бачыш сам!..

Пастаялі, пакурылі, пагаманілі абы пра што — пра зіму, што нарэшце ўзялася як трэба, пра дзяўчат, што нібы пашалелі перад Калядамі, памеркавалі, куды на вячоркі падацца. Непрыкметна зноў вярнулася шчырая таварыскасць, і Міканор, сумна пасміхваючыся, расказаў пра спрэчку сваю з бацькамі. Хоня нібы толькі і чакаў гэтага, вельмі ж весела ўхапіўся: от бачыш, Міканор; але ты не бядуй, не лёгка і дрэвы гнуцца! Не тое што людзі, ды яшчэ старыя!..

Пасля гаворкі з Хонем заўсёды весялей на душы робіцца. Але бесклапотнасць гэта была нядоўгая: ідучы ад Хоні, убачыў каля Алёшавай хаты купку дзяўчат, што вельмі ж ласкава гаманілі з гарманістам.

— Дак глядзі ж, штоб помніў угавор! — крыкнула яму, ужо трохі адышоўшы з іншымі, Чарнушкава Ганна.

Алёша з годнасцю прамаўчаў. Ён сабраўся ўжо вяртацца ў хату, але заўважыў Міканора і стаў.

— Пайграць, мабуць, прасілі? — падаў руку Міканор.

— А то чаго ж! — Алёша шмаргануў чырвоным носам, для пэўнасці правёў пад носам яшчэ рукавом сарочкі.

Нос у яго, як помніў Міканор, у сцюжу заўсёды быў чырвоны, аж сіняваты, і заўсёды Алёша верашчаў ім; але стаяў цяпер, на такім марозе, хлопец у адным белым зрэб'і.

— На Коляды — не сакрэт — дагаварваліся?

— Аге… — У Алёшы яшчэ чуўся гонар сабою, адзіным на ўсё сяло гарманістам.

— Пойдзеш, сказаў?

— А чаго ж.

— У папоўскае свято?

— Дак жа за плату.

— А як за плату — дак усё можно?

Алёша зноў заверашчаў чырвоным носам.

— Зарабіць трэба.

Не пазіраючы на яго, Міканор разгладзіў складкі шыняля пад папругай.

— Усякі заработак бувае!

Як і ў гаворцы з Хонем, а яшчэ часцей з бацькамі, хоць і паказваў сябе за чалавека непахіснага, зноў пачуў Міканор з тугою, што не можа судзіць «па ўсяму закону». Няпрошанае, непатрэбнае, проста-такі — шкоднае ўзяло спачуванне: праўду Алёша кажа, зарабіць трэба яму!..

Ад гэтай кволасці, ад таго, што бачыў — кволасць — не сакрэт, была на шкоду справе; ад таго, што ўсё навокал было такое пераблытанае, ішло насуперак, Міканора зноў апанавала маркота. Маркотны, з нейкай тужлівай няпэўнасцю, цвёрдым камандзірскім крокам вяртаўся ён вясёлай, марознай вуліцай дахаты.

5

Увесь дзень перад «святым вечарам» маці шкрабла нажом стол, лавы, мыла ўсё. Ад ранку ледзь не да самага вечара не тух у печы агонь, варыла, варыла, пякла. Вячэра мусіла быць посная, але ж трэба было згатаваць ні мала ні многа: дванаццаць страў!

Маці не ела ўвесь дзень і другім не давала. Міканор адрэзаў скібу хлеба, сам дастаў гуркоў і тым перабіў голад. Яна бачыла гэта, але не сказала нічога, толькі перахрысцілася на абразы: і маці, і сын нібы загадзя бачылі марнасць спрэчак і не вельмі стараліся ўсчынаць іх.

Толькі як добра сцямнела ў хаце, унесла рэшата з сенам, паклала на покуце; паставіла наверх гаршчок з куццёю.

— Выперлася еты год цераз край! — сказала пра куццю, што распарылася ў печы. — Добры ўраджай на збожжа павінен буць!

— Дай Бог! — сказаў бацька.

З пашанай і нейкай урачыстасцю сачыў бацька, як матка слала на вымытым стале сена, як накрывала яго чыстым настольнікам, як клала бохан хлеба, нож, лыжкі, ставіла конаўку з соллю. Памыўшы ў кутку над цэбрам рукі, ён, белы, у лапцях, у зрэбных штанах, у доўгай, да кален, сарочцы, падпяразанай святочным паяском, пачакаў, калі падыдзе маці, і, не глянуўшы на Міканора, першы момант няёмка, стаў голасна маліцца. Міканор слухаў яго малітву спачатку, як усякую малітву, толькі болей шкадаваў тых, хто верыў у цуд і моц малення, бо цёмнымі людзьмі гэтымі былі яго матка і бацька; але калі бацька раптам з журбою памянуў дзеда Амяляна, калі ў голасе яго нешта нібы напялася, задрыжала, Міканор неспадзеўкі пачуў, што і ў ім затлела туга. Дзед Амялян, які памёр перад самай Міканоравай службай, ідучы з гумна! Дзед, які столькі ведаў казак, з якім столькі вечароў грэліся, калі Міканор малы быў, на чаране. Дзед, які зрабіў яму калісьці санкі, пра якога столькі добрага помнілася!.. А бацька называў ужо імёны нябожчыкаў дзяцей сваіх, Міканоравых братоў і сясцёр — памінаў Ілюшу, Маню, Матруну, Петрыка, Мотрыка. Ілюшу і Маню Міканор не бачыў ніколі, а Матруна ж і Петрык на вачах яго задушыліся ад гарлавой; ледзь не ў адзін дзень памерлі. Ён помніць, Петрык задыхнуўся, калі Матрунку яшчэ не занеслі на могілкі, калі яшчэ ляжала ў труне. Іх павезлі разам, палажылі ў адну яму… А Мотрык утапіўся, калі пасціў каня на ўзболатку. Хацеў пакупацца, ды як нырнуў у балотнае азярцо, дык там і астаўся. Выцяглі з-пад карча толькі на другі дзень, усё не маглі знайсці. Сіні быў ён, страшны. Бедная матка, як яна білася, гаравала тады над Мотрыкам, над неспадзяванай бядою, што ўзяла дарослага ўжо сына. І колькі ж ёй, калі падумаць, давялося перажыць за ўсё жыццё, пабедаваць над дарагімі магіламі!..

У гэты момант Міканор пачуў сябе нібы вінаватым перад маткаю, не зазлаваў за тое, што ўткнула ў гаршчок з куццёю, запаліла свечачку. Як было, калі разабрацца, злаваць на яе, цёмную, сагнутую такімі бядотамі, поўную такой любові да тых, каго адабралі ад яе хваробы ды неспадзяваныя няшчасці!.. Але ж як хітра прыплялася да чалавечага гора рэлігія, і тут не мінула пакарыстацца!

За сталом матка і бацька сядзелі, вячэралі як ніколі маўкліва, нібы чулі за сабою цені тых, хто даўно ўжо не прасіў яды. Абое, было відаць, думалі, успаміналі; бацька, перш чым браць якой стравы самому, адліваў лыжку яе ў місу, пастаўленую на акне, дзядам, нябожчыкам. Маці сядзела за сталом, толькі перастаўляла міскі, нічога не прыбірала. Вячэра здалася Міканору вельмі доўгаю і сумнаю; ён ледзь дачакаўся, калі бацька нарэшце паставіць на стол гаршчок з куццёю, налье салодкай вадзіцы-сыты з маку і мёду, паспытаўшы якія, можна, не крыўдзячы старых, устаць…

Калі адзяваўся, каб пахадзіць па марознаму вячэрняму двару, заўважыў: непустыя міскі пасля вячэры так і асталіся на стале — каб дзядам было чаго пад'есці!

Стаяў на ганку, думаў вечную думку сваю пра цемнату людскую, пра тое, як цяпер, мабыць, хораша на замерзлай Прыпяці — лёгка, весела бягуць лыжы! Нехта, не сакрэт, як і ён, ляціць з гары, аж дух зацінае! Згадаў вясёлага таварыша свайго Івана Мароза, што паехаў аж у Менск на курсы, — раптам зашчымела скруха: пабачыцца б, паштурхацца, пакпіць адзін з аднаго!.. Абяцаў лісты пісаць, а няма ўсё чамусьці!..

Як і не чуў гамонкі, смеху на вуліцы, нікуды ў гэты вечар не хацелася ісці. Стаяў, нібы на нявіднай варце. Прайшло некалькі постацей, дзве-тры вясёлыя купкі. Дзве постаці, ужо ледзь не абмінуўшы, раптам спыніліся, прыгледзеліся.

— Ці не Міканор ето? — сказала, тоячы смех, адна.

Міканор пазнаў Чарнушкаву Ганну і ахвотна падаўся да яе. З Ганнай была Хадоська.

Ён прывітаўся.

— А я думала, ці не акалеў часам! — пакпіла Ганна. — Стаіць, як слуп пры шляху!

— Замерз! Не шкодзіло б і пагрэць, штоб було каму! — прыкметна павесялеў Міканор.

— Дак жа чарэн, мабуць, е? Ці заняты, можа, бацькам?

— Ды не. Але мне болей даўпадобы — жывы!

— Унё! Дак пашукаў бы! Можа, і знайшоў бы, калі не вельмі пераборлівы!

— Пераборлівы! Адны мне не падабаюцца, а другім я не даўпадобы. А трэція — дак занятыя! Адразу па два кавалеры, як стража па баках! Падступіцца няма як!

— От найшлі пра што гаварыць! — умяшалася Хадоська, тупаючы акуратнымі лапцікамі. — Лепей скажы, што табе суджано? Гадаў жа, пэўне?

— Не-а. Бо і так знаю: у халасцяках хадзіць буду, пакуль не надаесць вельмі.

— І мне нічого добраго не выйшло! — сказала Ганна, знарок журачыся. — Гадалі мы з Хадоськай, цягнулі саломіны. Дак ёй выцягнулася доўгая саломіна і — з коласам! Скора замуж пойдзе і — за багатого хлопца.

— От скажаш! — засаромелася Хадоська.

— А можа ж, я выдумляю?

— Не выдумляеш, але… — Хадоська, чутна было, уся поўнілася радасцю. — Але — не трэба казаць!..

— А мне, — пакпіла над сваёй няўдачай Ганна, — нічого добраго не выйшло! Кароценечкая саломінка і пустая! І возьмуць не скоро і — удавец стары будзе! От шчасце якое!

— Удавец! — раптам засмяяўся Міканор. — Дак ето ж добра! Ето ж ты, мабуць, выцягнула мяне! Я ж, можно сказаць, удавец. Бо ў мяне ж була… жонка!

— Була ў старца торба!

— Не, праўда, була! У Мозыры, на службе! Чорненькая, стройненькая, красівая! Вінтовачка трохлінейная!..

— Я ж і кажу: була торба!..

Хадоська, якая ўвесь час паглядвала на вуліцу, заўважыла непадалёк дзве постаці, нецярпліва пацягнула Ганну за рукаў:

— Хадзем!

Ганна таксама ўбачыла тых, што рыпелі снегам, падыходзілі, але адразу адвярнулася, папрасіла Міканора:

— Правядзі нас… Паварожым у Сарокі…

Штосьці было ў яе голасе такое шчырае, давернае, што прымусіла Міканора на момант завагацца. Міканор вытрымаў характар.

— Варажыце ўжэ адны…

Яна, было відаць, пакрыўдзілася трохі, але не сказала нічога: падышлі Яўхім з Ларывонам. Яўхім паздароўкаўся, зухавата пацікавіўся:

— Дак аб чым жа тут сакрэты?

— А аб тым, — сказала, знарок пазяхаючы, Ганна: — Час ці не час ісці спаць?.. Міканор кажа, што — час…

— Дак няхай і ідзе…

— І мяне нешто на дрымоту хіліць…

— У такі вечар! — зарагатаў, хацеў перавесці гаворку ў жарт Яўхім.

Але яна жартаваць не захацела — невядома, чым і закончылася б гэта гаворка, калі б Хадоська не пацягнула Ганну за рукаў.

— Што ты ето выдумала! Хадзем!

Хадоська ледзь не сілком павяла з сабой яе. Міканор астаўся адзін. Ужо на сваім двары пачуў ён здалёк Яўхімаў рогат, падумаў: а не вельмі ж яна да цябе хіліцца, Глушачок! Не цябе, не сакрэт, пабачыць хацела б; не цябе і — не мяне, канешне. Толькі ж — учэплівы ты, усё — думаеш — тваім быць павінна!..

6

Вёску нібы апанавала дрымота. Цэлымі днямі цяпер ніхто нікуды не спяшаўся, усе хадзілі павольныя, паважныя, бесклапотныя; маладзейшыя бавілі час у гаворках, старэйшыя цэлымі днямі грэліся, спалі на чаранах. Драмалі ў хлявах коні, стаялі, умярзалі ў снег сані, нават вароты і жураўлі над калодзежамі рыпелі неяк санліва, нудна…

Мабыць, ніколі не паўзлі так марудна, нецікава дні ў Міканоравым жыцці, як у гэты калядны тыдзень. Маці тое-сёе рабіла па гаспадарцы, а бацька ледзь не цэлымі суткамі пасвістваў носам на печы. Злезе, крэкчучы, чухаючыся, пашаргае пасталамі па падлозе, пад'есць ды зноў на чарэн, і хоць бы што. Міканор жа чым толькі ні спрабаваў запоўніць нудную калядную пустэчу — і па гаспадарцы рабіў усё за сябе і за бацьку, і газеты чытаў, перачытваў, аж цямнела ў вачах, і ўсё чуў: нуда, пустэча не адступаецца…

Мала цешылі яго і вечары, калі моладзь доўга снавала па вуліцы, галёкала, будзіла марозную цішыню смехам. Маці раіла пайсці, не нудзіцца, Хоня і Алёша прыходзілі некалькі разоў, звалі — не згадзіўся: не яго гэта свята, не яму радасць!..

К канцу тыдня Курані зноў заварушыліся. З самага ранку перад шчодрым вечарам пацягнуліся ў неба дружныя дымы, пацягнуліся і не ападалі ўжо ўвесь дзень. Не ўціхаў агонь і ў печы ў Міканоравай хаце: кіпела варыва ў чыгунах і чыгунках, цяпер ужо не поснае! — скварчэлі сала і каўбасы на скаварадзе. Недарэмна мёрз у каморцы разрэзаны, разабраны, дачасна загублены кабанчык!

Недарэмна загублена было і жыта на брагу: чуў Міканор, бацька толькі і чакае, каб ён сышоў куды-небудзь, — каб разліць гарэлку з барыла, што ў склепе, па пляшках. Пляшкі, вымытыя маткаю, стаялі напагатове пад услонам.

Яшчэ добра і не ўцямнела за акном, як непадалёк пачулася песня-шчадроўка. Неўзабаве танклявыя дзіцячыя галасы пішчалі ўжо каля яго вокан:


На новае лето

Нехай родзіцца жыто!..

Святы вечар!


Пажадаўшы Міканораваму бацьку — гаспадару, каб радзіла не толькі жыта, але і пшаніца, і «ўсякая пашніца», галасы пад вокнамі, на момант перапыніўшы спеў, аб нечым паспрачаўшыся, нядружна запішчалі-зазычылі:


Піво варыць,

Міканора жаніць.

Святы вечар!


Бацька на гэтае пажаданне ахвотна засмяяўся, весела зірнуў на Міканора, маці, усцешаная, прытулілася тварам да незамерзлага ражочка акна, угледзелася:

— Зайчыкавы! От малайцы! Як дарослыя — разумныя!

— Сам Зайчык, не сакрэт, навучыў розуму, пасылаючы!

— А хоць і Зайчык, дак што! Усё адно — малайцы!

Дзеці з-за акна ўжо раілі Міканоравым бацьку ці матцы:


Залезь на баляску,

Дастань каўбаску!

Святы вечар!

Стань на драбінку,

Дастань саланінку!

Святы вечар!


— Інструктаж палучылі — па ўсіх правілах! — пахваліў па-свойму Міканор, але не засмяяўся, ведаў: не з выгоды выпер дацямна сваіх Зайчык! Як старцаваць прыслаў, Калядамі карыстаючыся!..

Расчуленая маці, не апранаючыся, вынесла раннім спевакам добры кавалак каўбасы, акраец свежага хлеба. Але не ўправілася яна вярнуцца, не паспелі Зайчыкавы, мабыць, выйсці на вуліцу, як пад вокнамі зноў запішчалі: на гэты раз ужо суседскі малы — Валодзька з Чарнушкавым Хведзькам, — запішчалі няцвёрда, баязліва, з няпэўнай надзеяй, мусіць, першы раз у жыцці! Яны хутка збіліся, збянтэжыліся зусім і змоўклі дачасна. За імі, таксама амаль без перапынку, нібы толькі і чакалі, калі гэтыя скончаць, азвалася пад вокнамі новая чародка.

— Ето ж — Хоневы! — аб'явіла радасна матка, вярнуўшыся з двара.

Песні пад вокнамі цяпер амаль не змаўкалі, за дзецьмі неўзабаве пацягнуліся купка за купкай падлеткі, нават дарослыя, гэтыя ўжо часта не з пустымі рукамі, а са звяздою, што чырвона, варухліва адбівалася на марозных узорах, выглядвала ў ражок чыстай шыбы. Потым некалькі хлопцаў гаманліва ўваліліся ў хату разам з клубамі халоднай пары і «казою». «Каза» — нехта ў перавернутым кажусе — сагнулася, закруцілася, затупала, так смешна падкідвала нагамі, так пацешна мэкнула, тоненька, жаласна, што бацька зачухаўся ад уцехі:

— Чысто — юравіцкія козы! Што па гарэ лазяць!..

З уцехай глядзела і маці, якая адно пахвальна ківала галавой — от жа майстар! Міканор, які таксама не мог не прызнаць таленту «казы», падумаў пра бацькоў: уліплі вачыма, як бы ім спектакль, кіно прывезлі! Тут жа сам з сабою разважыў: а ці ж не спектакль для іх гэта, не кіно, калі пра тое кіно да яго, Міканора, гаворак яны і чуць не чулі нічога! І спектаклі — от яны куранёўскія спектаклі! Толькі ж і тут — рэлігія цемнатою людской пакарысталася!..

Якая ні ўдалая была «каза», але без прыхільнасці слухаў Міканор святую песню, што заспявалі хлопцы над ёю. Не ўтрываў, каб не пакпіць:

— Нічого ваш баран! Толькі штоб на базар завезці, дак падкарміць трэба було б!..

— Міканорко! — перапыніла яго маці.

Яна больш як каго шчодра надзяліла хлопцаў, укінула ў торбу і большы кавалак каўбас, і падсмажанага мяса, і хлеба; як ні з кім была ласкавая, як магла, старалася, каб хлопцы, не дай Бог, не панеслі з хаты ад Міканоравай кпіны якой крыўды…

На другі дзень ледзь не з самага ранку хата гаманіла гасцямі. Першыя прыбылі на санях — Вольга са сваім чалавекам, з цэлай чарадою адзетых у світкі, абкручаных, перавязаных хусткамі, змерзлых, дзікаватых дзяцей. Прывезла і самае дробнае, паклала на палаці. Не ўціхлі аханне, радасныя крыкі сустрэчы, папрокі Міканору, што не прыехаў быў у Мокуць, як Вольга з чалавекам, з бацькам і маткаю сталі выпраўляцца зноў на вуліцу, ехаць у Алешнікі на абедню. Вольга пазвала нават Міканора, але бацька сказаў коратка, значна:

— Не прызнае! Кансамолец!..

Маці кіўнула дачцэ, уздыхнула. Малыя госці, без світ, без хустак, адны — бялявыя, кірпатыя, у матку, другія — з чорнымі неслухмянымі хібамі, як дзікія кабаняты, абліччам на бацьку — спачатку ў чужой хаце, перад чужым дзядзькам ніякавелі, ціснуліся адно да аднаго ды азіраліся. Нібы ў палоне былі. Міканор пасарамаціў іх за нясмеласць, сказаў, што хлопцам гэта ды асабліва пагана, але ад жартаў яго ўсе надзьмуліся яшчэ больш. Заўважыўшы, што адзін са старэйшых вельмі ж глядзіць на яго будзёнаўку, зняў шапку з цвіка, надзеў яму на галаву, дадаў:

— Ты самы смелы!

Малы ад уцехі аж вылупіў чарніцы воч, так надзьмуўся. Не мінула і хвіліны, як надзець шапку захацелася другому хлопцу, а ледзь той схаваў паўгалавы ў будзёнаўцы, і абедзве дзяўчынкі таксама загарэліся — і нам дай, дзядзько, і мы смелыя. Першы ж — наравісты «кабанчык» з хібам — мірыцца з гэтым не захацеў, нецярпліва тузануў шапку да сябе. Але бялявая малая толькі мацней учапілася за яе, — быць бы бою, каб не ўмяшаўся Міканор. Дастаў дзяўчатам з чамадана кніжку з малюнкамі…

Неўзабаве Вольчына чарада — асабліва «кабанчыкі» — расхадзілася так, што скакалі і на печы, і на палацях, і пад палацямі лазілі. Міканору ўжо стрымліваць іх давялося, адабраць шынель, які сталі валачыць па падлозе. Давялося, за старэйшую бялянку, на якую больш спадзявалася Вольга, гушкаць, карміць малаком з пляшкі тую, каторая была на палацях…

Вясёлы гэта быў час, поўны гоману, добрых уражанняў, дзейнасці. І нажартаваўся Міканор, і насмяяўся, гледзячы на малых, і нарабіўся, пакуль вярнулася з царквы Вольга з бацькамі і чалавекам.

Хутка пасля таго як яны вярнуліся, гасцей у хаце стала большаць. Прыехала з Алешнікаў двое дзядзькоў з маладзіцамі, прыбіўся нейкі матчын сваяк з Хвоенкі, барадаты, шапялявы; нарэшце, прыдыбаў з другога канца Куранёў кульгавы Сямен з Насцяй, Міканоравай сястрой. Пакуль дзядзькі гаварылі з Міканорам, а жанкі растарэквалі каля прыпека, матка з Вольгай і Насцяй, а потым і з бацькам узяліся клапаціцца каля стала.

— Дак, можа, ужэ сядзем, — сказала ласкава маці. — Папробуем, чым Бог надзяліў… — Пасадзіўшы жанок, дзядзькоў, тады, як бацька стаў наліваць гарэлку, адазвала Міканора ў дальні кут, занепакоена зашаптала: — Памаўчы бо пра Бога і пра святых… Гасцей хоць не трывож…

— Пастараюся, калі сцерплю… — не то з жартам, не то зусім сур'ёзна паабяцаў ёй Міканор.

Ён не трывожыў ні гасцей, ні маці: тут трэба было лічыцца з законамі гасціннасці, законамі, якія ён не меў ніякага права не шанаваць; нельга ж было наганяць нядобры цень на бацькоў. Еў і піў, асабліва спачатку, усё ж без ахвоты: чуў, што нібы робіць саступку бацькам у спрэчцы з-за кабанчыка і брагі; але чым больш п'янеў пад пільным прыглядам гасцей, што насядалі кожны раз, калі спрабаваў паставіць шклянку недапітай, тым слабей чуў свой папрок сабе. Потым і зусім забыў ніякавасць: і піў, і жартаваў, і галёкаў, як усе.

Сп'янелы, не адразу ўстаў і тады, калі маці, якая ўнесла з сенцаў халадзец, сказала, што на вуліцы нейкія крыкі. Толькі калі Насця і бацька выйшлі на ганак, паслухалі ды, вярнуўшыся, сказалі, што крычаць не на жарт, б'юцца, здаецца, каламі, калі прыціхлі ўсе за сталом, устаў ён, не апранаючыся, пацягнуўся з хаты. Маці выбегла ўслед, вынесла шынель, хацела накінуць на плечы, але ён не ўзяў. Надзеў толькі шапку. Трохі стаяў каля варот з гасцямі, слухаў, паволі нібы прытомнеў.

Ад сярэдзіны сяла наляталі злыя воклічы, крыкі болю, мацюкі, якія часам счапляліся ў дзікі, люты роў…

— Паламаюць камусьці рэбра!.. — сказаў доўгі алешнікавец.

Кульгавы Насцін Сямен жвава адгукнуўся:

— Тут і на той свет — нядоўго!

— От дурасць, — Вольгу, здаецца, аж закалаціла ад абурэння, — абы выпілі трохі — дак кроў пушчаць адзін аднаму!..

Міканор толькі варухнуўся, нібы скідаючы рэшткі п'янай няцямнасці, толькі ступіў крок рашуча к галасам, як маці кінулася наперад:

— Не ідзі! Міканорко, прашу!

Ён узяў яе за плечы, мякка, але цвёрда адарваў ад сябе:

— Мамо! Не мяшайце! І не бойцеся!.. Біцца не буду! Разбараню толькі!.. Чуеце, мамо?

— Адыдзі! Нічого яму не будзе! — памог Міканору бацька. Затрымаў старую.

Ужо набліжаючыся да тых, што біліся, Міканор, нібы аглядваючы сваё войска, убачыў, што з ім ідуць даўгі алешнікавец, Вольчын Пятро і борзда падскоквае са сваім кастылём Сямен. За мужчынамі, як верная падмога, смела рушыла Вольга і маладзіца алешнікаўца… Галава ў Міканора была цяпер зусім ясная: мароз, што сцінаў рэбры пад гімнасцёркаю, добра цверазіў, даваў дужасці. Ішоў Міканор цвёрда і рашуча.

Яшчэ не дайшлі, як шум бойкі пачаў хутка ападаць; постаці, якія толькі што бегалі, круціліся, крычалі, чамусьці дзіўна прыціхлі, сталі расступацца. Усе адыходзілі к платам, к хатам. Міканор, не разумеючы яшчэ нічога, мімаволі насцеражыўся.

Тады халодную вуліцу з цёмнымі постацямі і цёмнымі стрэхамі абапал пранізаў тонкі, жахлівы жаночы крык:

— Забілі!!!

Міканор угледзеў — на шэрым ад цемры снезе, пасярод вуліцы, чарнее нерухомая постаць, подбегам кінуўся да яе. Нахіліўся над чалавекам — бядак быў як нежывы, вочы заплюшчаны, губы сціснуты, выбіты лапцямі і ботамі снег чарнеў крывёю. Недзе глыбока і далёка ў галаве прайшла думка: хлопец — не куранёўскі, незнаёмы, — у той жа час, помнячы вайсковую навуку, ухапіўшы кісць хлапечай рукі, мацаў пальцамі, шукаў пульс — знак надзеі, нязгаслага жыцця. Знайшоў не адразу: ад хвалявання ці з непрывычкі; аж горача стала, пакуль пачуў, што пульс б'ецца. Жывы!..

— Патры снегам твар, шыю! — сказаў сястры, а сам стаў мацаць галаву хлопца.

Хтосьці падышоў — некалькі чалавек, хтосьці нахіліўся каля Вольгі над хлопцам. Першы момант усе маўчалі, не маглі вымавіць слова.

Вакол усё больш мацнеў шум, цяпер ужо трывожны, шум, у якім часта можна было б чуць страшнае: «забілі». Хтосьці з жанок залямантаваў… Народу ўсё прыбывала…

— А можа, не саўсім яго?.. — пачуў Міканор нясмелае Хадосьчына пытанне; гэта яна, значыцца, была каля Вольгі.

— Галава, здаецца, цэлая… — Натоўп абступаў з усіх бакоў усё цясней, усё гаманлівей. Але і ў гэтым гомане Міканор пачуў хрыпаты стогн — хлопец на снезе цяжка варухнуўся.

— Косцічак! Дзякуй Богу!.. — вырваўся ў Хадоські ўзрадаваны шэпт.

Вольга сказала, параіла Міканору:

— Трэба ў хату занесці яго…

— К нам яго! У нас у гасцях ён буў! — папрасіла Хадоська і зноў забедавала: — Божачко ж, Божа! Ето ж трэба!..

Утрох — Міканор, Хоня і Нібыто-Ігнат — узялі хлопца пад пахі, за ногі, паднялі. Калі неслі, Хоня пакрыкваў на людзей, каб расступіліся, людзі прапускалі іх, але не адставалі, гаманліва цягнуліся ўслед да самай Ігнатавай хаты. У гомане, Міканор чуў, адны вінавацілі Ларывона — ён, казалі, пачаў усё, другія вінавацілі ўсіх: усе былі добрыя, трэція — нехта з жанок — клялі гарэлку. Дзіўна, сярод гэтай гамонкі разы два згадвалі Ганну…

Багата хто з натоўпу пацягнуўся і ў Ігнатаву хату. Набілася столькі, што цяжка было павярнуцца, глядзелі, гаманілі, чакалі. Ігнаціха ціха, стрымана галасіла, Хадоська, дастаючы па Міканораваму загаду чыстую латку, божкала.

Міканор агледзеў яшчэ раз галаву хлопца, папрасіў чыстай гарэлкі — узяўся прамываць рану. Але толькі пачаў, як хлопец скрывіўся ад болю, расплюшчыў вочы. Момант ён глядзеў, нібы не цямячы нічога, нібы стараючыся зразумець, павёў позіркам па Міканору, па тых, хто стаяў побач. Ігнаціха, Хадоська радасна загаманілі, весялейшы гоман пайшоў і па ўсёй хаце…

Калі Міканор перавязаў рану Хадосьчынай латкай, Хоня параіў даць хлопцу гарэлкі. Ён сам наліў, падаў Міканору; але толькі Міканор паднёс шклянку да рота хлопца, той моцна сціснуў губы. Міканор здзіўлена глянуў у вочы хлопца і сумеўся — такая крыўда і такая нянавісць была на твары ў таго.

— С-сволачы!.. — пачулі раптам усе, хто быў блізка. — Гады вы!..

Ужо вяртаючыся дамоў, Міканор даведаўся ад Хоні, што хлопец — з Глінішчаў, што яму вельмі даспадобы Ганна, з-за яе яго, мабыць, і пабілі — Яўхім тут пастараўся, не інакш.

— Іх тут трое, з Глінішчаў. Дак дурань еты, Ларывон, адзін не палез, а падгаварыў шчэ на помач. Ну, а — п'яныя ўсе, рады старацца!.. Папробуваць сілу на чужом чалавеку!.. А як пачалі, дак як падурнелі — раз'ятрыло шчэ болей! Я хацеў памагці проціў Ларывона, сунуўся таксамо!.. Ну, далей-болей!.. — Хоня сказаў раптам весела: — Усё-такі я пераламаў дручок на яго галаве! Мацае, мабуць, Бугай, добры гузак!..

Доўга не спаў Міканор у гэту ноч. Круціўся, шамацеў саломаю, пасланай на падлозе, побач з Вольчыным чалавекам, з хвоенцам, з адным алешнікаўцам. Чуў, як Алёша з гармонікам прайшоў: абарваўшы полечку, ударыў «Марш Будзённага», некалькі маладых галасоў хвацкі падхапілі:


Кар'ерам, кар'ерам — давай, давай, давай!

Рота кулямётная, ў баю не адставай!..


Радасць прайшла ў душы, калі пачуў дарагі марш, — спадабалася, палюбілася Кураням песня! Але радасць сышла скора: думкі апаноўвалі клопатныя, неспакойныя. Зноў і зноў згадвалася, як хлопец у Ігнатавай хаце сказаў: «Сволачы! Гады!..», не цярпелася пагаварыць пра ўсё з Шабетам і Дубадзелам — перадаць у суд, каб прыпаялі каму-нікаму! Каб другія каламі махаць закаяліся, каб кончыць дзікасць гэту — бойкі!

«От дзе яно, балото другое, шчэ, мабуць, горшае за тое, — паплыла невясёлая развага. — Тут мілірацыю сваю рабіць, можа, шчэ цяжэй!..» Пад п'янае храпенне і мармытанне дзядзькоў побач — не першы раз за гэтыя дні — падумаў-памарыў: «Асветы, газет паболей бы! Кіно б сюды!.. Іншы звон буў бы!..» Тачылі думкі пра сваю вінаватасць: няма ў яго цвёрдасці, жаллівы аж вельмі — увесь у матку! Але гэтым думкам пярэчылі іншыя: жаллівы не жаллівы, а і напралом лезці — не метад, калі ўсё так пераблыталася, сплялося, урасло!.. Строгі суддзя ўсярэдзіне, што ніяк не хацеў спаць, не мог утрываць, каб не ўпікнуць: сплялося-то сплялося, а характар усё-ткі — мяккаваты! Не сакрэт, піць на рэлігійныя святы ў другі раз не трэба!.. Пабачыў бы камісар Курбацкі, як ты за сталом сядзеў, які быў! Як ты надзею яго на цябе спраўдзіў!..

Ад гэтага, напэўна, найбольш і пякла вінаватасць. Як бы камісар, хлопцы — Мароз, Кісель, усе таварышы па службе — былі поруч, чулі, — кляўся: усё-такі вы не думайце нічога паганага! Хоць і саступаю я дзе-нідзе — з-за тактыкі і па другіх прычынах — з жаласці, не сакрэт — сораму не зраблю вам! Не скрыўлю камсамольскую нашу лінію, можаце не сумнявацца!..


Читать далее

Раздзел другі

Нецензурные выражения и дубли удаляются автоматически. Избегайте повторов, наш робот обожает их сжирать. Правила и причины удаления

закрыть