Раздзел другі

Онлайн чтение книги Люди на болоте Людзі на балоце
Раздзел другі

1

Перад самым вяселлем прыйшла ў дом Глушака яшчэ непрыемнасць: чутка, што будуць рабіць перадзел зямлі. Хоць даўно ведаў, што землеўпарадкаванне павінна быць, усё ж спадзяваўся: можа, неяк абыдзе, мінецца. І цяпер, калі спадзяванню гэтаму прыходзіў канец, вельмі затрывожыўся.

Праз гэта думкі пра вяселле прыціхлі, не балела ўжо так душа ад баламутнага ўчынку сына — бяда іншая, куды большая, насоўвалася, як хмара з градам, гразілася яго дабрабыту. Ад таго, што бяда гэтая была такая вялікая, ён, чалавек цвярозага погляду, хоць і чуў небяспечную блізкасць яе, усё ж неяк не хацеў паверыць. Не хацеў траціць надзею на добрае.

Ціхі, лагодны, востры позіркам і слыхам, снаваў ён у дзіравым кажушку па сяле, прыліпаў да людскіх купак, прыслухоўваўся: амаль усюды толькі і было гаворкі што пра ўпарадкаванне зямлі.

— Усё-такі зробяць, дзетачкі? — казаў у купцы куранёўцаў, што курылі на прызбе, Зайчык. — Думалі — дуля, а нб табе — праўда!

— Каморніка ўжэ назначылі, — прамовіў Грыбок. — Толькі што ён другім пакуль робіць. А як толькі закончыць там, дак зразу да нас.

— Дак, можа, пакуль ён там убярэцца, тым часам тут снег ляжа?..

— Міканор тое ж казаў, але Апейка, та-скаць, аўтарыцетно заявіў: скора, — умяшаўся Андрэй Руды. — Вы, наказаў, куранёўскія грамадзяны, толькі ўпраўцеся падрыхтавацца! А яго, следавацельно, не зачакаецеся.

— Апейка — так? — перапытаў Дзятлікаў Васіль.

— Апейка.

— Апейка — цана капейка! — дурасліва ўставіў Зайчык, але ніхто не засмяяўся.

Хоня з павагай сказаў:

— Тут не тое што капейкі, а і рубля мало.

— А якая тут падрыхтоўка трэба? — не так запытаўся, як запярэчыў Васіль. — Чаго тут рыхтавацца!

— А таго, — ахвотна і павучальна адгукнуўся Руды Андрэй.

Стары Глушак, бачачы, з якой важнасцю сабраўся Руды тлумачыць, падумаў са злосцю: хлебам не кармі пустабрэха, дай яму слова ўтыркнуць! Стары насцярожыўся, здагадка падказвала — пачуе нешта непрыемнае.

— А таго! Тут такое дзело, абы-як, наўскасяк не зробіш! Народ увесь закранае яно — следавацельно, з навучным падыходам зрабіць трэба. Штоб камар носу не падтачыў. Найперш перапісаць трэ ўсіх: колькі ў каго зямлі і колькі душ, і рабочых, і дзяцей. Потым — узяць на ўлік усю агулам землю і ўсіх людзей. І, та-скаць, паглядзець — колькі ў каго на рот прыпадае!..

— Са ўсіх бакоў праверыць! — памог Рудому Грыбок.

— Са ўсіх-то са ўсіх бакоў! Да толькі ж зямля не ва ўсіх адзінакая! — накінуўся на іх Васіль.

— Ето правільно, — згадзіўся Ігнат. — У каго зямля нібыто зямля, а ў каго такі пясок, што ніякі чорт расці не хоча!

— Трэба, штоб яны разабраліся, якая дзе зямля!

— Аге, без падману!

— Разбяруцца! — запэўніў Хоня.

— Разбяруцца! Як прыедзе каморнік, дак яму і заслепіць вочы гарэлкай! — сказаў Васіль.

Алёша Губаты паспрабаваў супакоіць:

— Міканор сам правяраць будзе.

— Трэба, кеб — Міканор!..

— Таго Міканора каморнік сорак разоў абкруціць вакол пальца! Такога грамацея, як Міканор!..

— Не абкруціць!

Ляснік Міця, які прыблукаўся сюды са сваёй заўсёднай стрэльбай, засмяяўся:

— Яшчэ і дзяльба не пачалася, а ўжэ гатовы збгрудкі ўчапіцца!

— Добра табе — адзін у лесе, як цар, — пазайздросціў Грыбок.

— Жыву. Не плачу.

— Пачакай, мо і паплачаш, — адгукнуўся Зайчык.

Алёша ўпэўнена напрарочыў:

— Дабяруцца і да цябе!

— Няхай дабіраюцца! Дабраліся ўжэ. Толькі ў мяне ўсё чысто, як у царкве.

— Дакуль ето ты будзеш гайсаць, та-скаць, як бяздомны! Жонка ўся звялася з гаспадаркаю, з дзецьмі, шкілет, та-скаць, адзін застаўся, а ён хоць бы што! Яшчэ хваліцца!

— Аб маёй бабе — не твой клопат!.. Ты от пастарайся другі раз у лесе не пападацца, бо як запарву на шкодзе, упяку штрапу! Паенчыш…

— А ён — з паўлітрам! — падчапіў Хоня.

— Плюю я на таго паўлітра!

— Даўно ето?

Мужчыны зарагаталі. Пад рогат гэты Глушак устаў і ціха патупаў да сваёй хаты. З выгляду нібы спакойны, ён увесь поўніўся трывогаю, адчуваннем бяды, што сунулася ўсё больш блізка, неадхільна. "Паразяўляліся! — аж дрыжала штосьці ўсярэдзіне ад бездапаможнасці і лютасці. — Не ва ўсіх пароўну на рот прыпадае! Не пароўну!.. Толькі і знаюць, што разяўляць рот на чужое! Прымелі б — з'елі ўраз усяго. З'елі б — дай крычалі шчэ: не пароўну! Не пароўну! Галадранцы вашывыя! Трасцы вам, а не зямлі, саранча ненажэрная!.."

Ён успомніў, што сказаў малады Дзятлік: "Зямля не ва ўсіх адзінакая!" "Не адзінакая, бо і людзі не адзінакія. Адзін гнецца дзень пры дні, абрабляе кожную лапінку, а другі — вылежваецца, да і хоча, кеб дабро було! А потым — разяўляецца, што зямля не адзінакая!.."

Злосць была на ўсіх: усе, чуў, гатовы накінуцца, расцягаць яго зямлю. Але асабліва кіпела ўсярэдзіне, калі ўспамінаў Дзятліка, які ўсё пачаў. "Ты купіў яе, урабіў ету зямлю, што ўчапіцца хочаш, удод ты смярдзючы?"

Такое малое, а такое зяўластае! Шчэ мох і той на барадзе расці, мабуць, не хоча, а яно вунь куды сягае! Ці даўно ж, здаецца, як рыба, нямы туліўся пад Маслаковым абрэзам. Нябойся, і рота разявіць тады баяўся, дыхаць і то, можа, не асмельваўся, не тое каб падумаць што-небудзь насуперак…

Забыў! Пасмялеў, як пабілі Маслака! І ўсе пасмялелі! Хіба ж, бывала, наважыўся б хто разявіць так рот на чужое, на яго, Глушаковае? Жылі ціха, па-божаму жылі, баяліся.

Цяпер жа Грыбок і той галаву падымаць стаў. А гэты Руды, пустабрэх, дык балбоча смела, бы які юравіцкі камісар. Стары Глушак пашкадаваў: "Эх, кеб буў цяпер Маслак жывы, кеб чулі яго дух з лесу!.."

Увесь дзень стары нездаволена бурчаў сам сабе, крычаў на спалоханую жонку, на дзяцей.

2

Бяды давялося чакаць нядоўга. Ужо на другі дзень склікалі сход і выбралі камісію, якая павінна была праверыць нанава, ці правільна запісаны ў спісах сем'і, колькасць працаздольных, дзяцей, а таксама — колькі ў кожнай гаспадарцы запісана зямлі. Гэтай камісіі даручылі ўсю зямлю абмераць — дзе б яна ні была заарана: на агародзе, у полі ці на якой-небудзь паляне. Аб усім наказалі далажыць на наступным сходзе.

Апоўдні камісія ўвалілася ў хату Глушакоў. Дзядзькі на лапцях уцяглі з вуліцы ў хату ліпучай чорнай гразі, але толькі Глушачыха заікнулася буркнуць, як Глушак грозна абарваў яе. Лагодна запрасіў няпрошаных гасцей сесці на канапу, падсунуў табурэт.

Ніхто не сеў — нават, лічы ўжо сваяк, Чарнушка, які няёмка туліўся ззаду ўсіх, каля дзвярэй. Нельга сказаць, каб вельмі смела трымаліся і некаторыя іншыя. Затое Міканор, які ўвайшоў першы і стаяў наперадзе, паводзіў сябе так, быццам быў у сваёй хаце.

— У вас усё правільно запісано? — сказаў ён строга, бязлітаснымі блакітнымі вачыма гледзячы на Глушака.

— А што там запісано?

— Глушак… — Міканор павёў парэпаным пальцам па паперы: нібы не помніў: — Едакоў — семера… Якія ето ў вас семера едакоў?

— Семера? Семера і е. Калі запісано, то, значыць, е… Я, Куліна, жонка, значыць, сын Яўхім, Сцяпан, дачка Антося…

— Якая Антося?

— Якая? Дачка. Адна ў мяне дачка, Антося.

— Дак яна ж ужэ замужам. Замужам — не лічыцца.

— Чаму ето не лічыцца? Як усё адно ўжэ не мая. Була ж дасюль мая. — Глушак, не тоячы крыўды, нават знарок паказваючы яе, прасіпеў: — Адну аддаў, а другая от-от прыйдзе ў хату.

Глушак кіўнуў на Чарнушку, які ціха адгукнуўся:

— Змовіны булі…

— А спіскі, дзядзько, — улавіў Глушак у Хоневым голасе кпінку, — складалі шчэ ўвесну. Як ето вы загадзя вымеркавалі?..

Міканор зірнуў строга:

— Ну, няхай — пяць ужэ е, а дзе шчэ два?

— Шостая, казаў ужэ, Антося. — Глушак ледзь стрымліваў лютасць. — Як бы яна ўсё адно і не дзіця маё. Як бы не я выгадаваў яе… — Ён жаласна заморгаў вачыма, ледзь не заплакаў. Уздыхнуў. — А астатні — Іван…

— Іван — не ваш. Іван — парабак.

— Мне бацько яго, — зноў цвёрда загаварыў Глушак, — прыпаручыў як сына! Значыць, ён мне ўсё адно як сын!

— Што Сцяпан, што ён — адзінакія дзеці, — памагла Глушачыха.

— Вы, цётко, не кажыце! — Міканор заявіў, як канчатковае: — Івана, не сакрэт, мы запішам за парабка!

— Які ж ён, от бо, парабак?

— А мо ён не робіць на вас?! Каго вы абдурыць хочаце?

— Я не абдурваю. А як ён корміцца пры мне, то і рабіць нейкую драбніцу мусіць! Як і ўсе дзеці!

— Робіць на вас, на чужога чалавека. Значыцца, парабак. — Міканор не даў сказаць Глушаку. — А вы знаеце, які закон аб парабках?

Глушака прарвала:

— Дак калі вы гаворыце, што ён — парабак, то мне яго не трэба! Няхай хоць сягоння бяжыць дадому. Сам абыдуся!

— Дык тады павінны разлічыцца за ўсе дні, што ён рабіў на вас. Па закону.

— Я ўжэ разлічыўся.

— А можа, не саўсім? — зноў кальнуў Хоня.

— Саўсім. Шчэ і лішне. — Глушак забедаваў: — Колькі я скарміў на яго да колькі паперавёз яго бацьку ў Мокуць, то ён і палавіны таго не зарабіў!..

— Нічога, дзядзько. Мы, не сакрэт, усё праверым і зробім па закону! — Міканор строга запытаў: — А зямля правільно ў вас запісана?

— Зямля?

— Зямля.

— Уласць надзяляла, уласць і запісвала. — Сказаў абыякава, а сам падумаў са злосцю, з трывогай: "От яна, бяда!.."

— Вы на ўладу не ківайце. Вы кажыце прамо.

— Я і кажу. Налогу налічылі — процьму. Дыхнуць няма як. Капейку ніколі не агораеш на корт які…

— Ужо ж збяднелі!.. — не ўтрываў Хоня.

— Я не збяднеў! Кеб от байчэйшы буў, дак да начальства падаўся б, дабіўся б — няхай бы знялі хоць частку. Па справядлівасці далі…

— Значыцца, уся зямля запісана?

— Што ты, ей-бо, прыліп, як ліст: уся, уся? Була б шчэ там зямля як зямля, што столькі крыўды цераз яе.

— Вам, дзядзько, грэх жалувацца. Кеб ва ўсіх була такая!

— У другіх була б лепей, штоб другія гнуліся на ёй столькі, ні дня, ні ночы не бачачы. Ето з людской крывоты здаецца, што мне лепшая папалася. З зайздрасці. Людское вока — крывотлівае!..

— А ўсё-такі вы, дзядзько Глушак, так і не сказалі прамо: усё ці не ўсё запісано?

— Сказаў ужэ…

— Значыць — усё?

— Усё.

— Мы праверым!

— Правярайце!

Глушак пачырванеў ад злосці. Але ўсё ж утрымаўся, перамог сябе, нават нагнаў на твар лагоднасць.

— От бо недаверлівыя сталі ўсе. Хоць яно, сказаць, так і трэба — верыць цяперашнім часам асабліво нельга. Усякаго цяпер напладзілася… Ну, да і сказаць — выбраныя людзі, камісія!.. — Стары вінавата пакруціў галавою, папракнуў сябе: — А я, гнілы пень, так рассіпеўся. Да й шчэ перад сваім сватам. І Міканор, сказаць, першы раз у хату глянуў!

Глушак затупаў каля стала.

— Пасядзім от трохі! Дзе каму спадобней, той там няхай і садзіцца! Уважце сватоў ды маладых перад вяселлем! Не пагрэбуйце, сказаць!..

Ён хацеў ужо бегчы па пачастунак, але Міканор непахісна заявіў:

— Не трэба! Не час!

— Час, Міканорко. Самы час. Вяселле скоро, змовіны згулялі.

— Пакаштуй, што мы тут гасцям рыхтуем, — замітусілася Глушачыха. — І ўсе няхай пакаштуюць!

— Будзеш патом, мяркуючы, знаць, ісці ці не ісці к нам у госці. — Глушак заўважыў: некаторыя дзядзькі былі не супроць таго, каб пасядзець. Пажвавеў: — А часу заўсягды будзе мало. Управіцеся шчэ. Клопат — не воўк…

— Воўк не воўк. Няма калі, дзядзько!

— Дак жа — дзеля вяселля, дзеля маладых. Шануючы свата майго, выбранаго ў камісію!..

— Усё адно! — Не сказаўшы і слова Глушаку на развітанне, Міканор скамандаваў усім: — Пайшлі! — і сам першы рашуча затупаў чаравікамі ў сенцы.

Чарнушка, які ад самага прыходу ліп да дзвярэй, прапусціў усіх, памуляўся хвіліну ніякава, мнучы ў руках шапку. Вінавата падаў руку:

— І мне, тым часам, трэба…

Калі ён выйшаў услед за Міканорам, Глушак стаў тупаць у кутку, корпацца ў прыпеку, але рабіў усё без ладу, без мэты: перастаўляў з месца на месца, кідаў. Сам не ведаў, што робіць, у грудзях кіпелі крыўда і лютая злосць — на Дамецікавага смаркача, што ўзяў сабе сілу, на ўсіх, якія памагалі яму, на тое, што гнуўся перад імі, як парабак, на бездапаможнасць сваю перад імі. "Праверым!.. Праверым!.." — гняла душу страшная пагроза…

Жонка, што збірала са стала неўшанаваны пачастунак, не то пашкадавала, не то папракнула:

— Трэ було зразу пасадзіць, як увайшлі…

Глушак кінуў з раздражненнем:

— Зразу ці не зразу — адзін чорт!

— Як узялі б гарэлкі чарку ды сальца, дак памякчэлі б, буць не можа!..

— "Памякчэлі б"! Ета зараза памякчэе!

— Усё-такі ж — людзі! І Дамецікаў еты — чалавек…

— Знайшла чалавека! — Глушак не мог больш трываць, крыкнуў люта: — Не ўтыкай носа, куды не трэба!

Тут здарылася такое, чаго Глушак ніяк не чакаў. Далікатны, няхай сабе няўдалы, няздатны да гаспадаркі, але ж ціхі, паслухмяны сын Сцяпан, які, пакуль не пайшлі нязваныя госці, не абазваўся і адным словам, неспадзявана ўскочыў ад акна, стаў каля маткі, загадаў старому:

— Не крычыце!

Глушак заморгаў вачыма.

— Ш-што?

— Не крычыце, кажу! На матку! — паўтарыў ціха, строга Сцяпан.

— Т-ты ето — мне? Т-ты м-не — указ?!!

— Самі вінаватыя! Дак… не спаганяйце на другіх!..

— Я — вінаваты!!! Я!!! Ты ето — бацьку?

— А калі — праўда!

— Праўда?!! — Глушак наліўся крывёю. — Маўчы! Шчаня!!!

— Няхай — шчаня!.. А толькі трэба вам тая зямля, што пад лесам? Усё мало! Усё мало!

— Ты знаеш — колькі мне трэба зямлі!.. Ды калі б не тая зямля, калі б бацько не паперарываў на ёй жылы, ты б даўно з голаду апух!

— Хваціло б і без яе… А калі ўжэ прыбралі сабе, дак няхай бы прызналіся, што не ўся запісана. — Сцяпан зачапіў самае балючае. — Усё адно знойдуць!

Глушак затросся ад гневу:

— Замаўчы ты! Вош! Гніда!

— Можаце як ахвота зваць. А толькі…

Глушак не ўтрываў — не помнячы сябе ад шаленства, што напоўніла ўсяго гарачай лютасцю, даў сыну па твары. Той не зварухнуўся, слова не сказаў, толькі штосьці нядобрае, непрымірымае ўспыхнула ў незнаёмым — дарослым і самастойным — позірку. Але Глушак не хацеў бачыць гэтага: шалёная злосць, лютасць на сына, што асмеліўся пярэчыць, папракаць, вучыць яго, нясцерпна праглі патолі.

— Гніда! Смаркач! Вывучыўся!.. Вывучыўся на бацькаў хлеб! Вывучыўся дый падзякуваў!.. Чорта! Хваціць! Гной будзеш вазіць! Скаціну даглядаць! Мо трохі паменшае розуму!

Ніякія пагрозы нібы і не даходзілі да Сцяпана. Ён не толькі не паў ніц, але і выгляду не падаў, што шкадуе аб тым, што адразу страціў. Глушаку не давялося спазнаць палёгкі. Гневу не было патолі.

— За парабка будзеш рабіць! Ён паедзе дадому, а ты — за яго. Гной вазіць! Карміць свіней!..

Глушак стары яшчэ доўга сіпаў, гразіўся, злосна снуючы з кутка ў куток, аж пакуль не ахрып, не знямогся зусім. Тады зваліўся на калені, узняў дробны, бледны твар з пакутнымі вачыма насустрач Богу, што глядзеў з залочанага абраза. З надзеяй замыляў сухімі губамі, зашаптаў…

Але і пасля малення спакою на душы не было. Дзе б ні хадзіў, што б ні рабіў — помніў, ні на міг не забываў: там, на яго полі, ходзяць, мераюць. Як гаспадары, топчуць яго поле, яго дабро. Распараджаюцца, не пытаючыся. Злосць пякла асабліва, калі ўспамінаў сутычку з сынам, маўклівую постаць жонкі, якая слова не сказала гэтаму смаркачу!..

3

Калі вячэралі, Яўхім сказаў:

— Перамералі ўсё наша…

— Хай ім на тым свеце!.. — засіпеў стары Глушак, але не дакончыў, пільна зірнуў на Яўхіма. — Гаварыў з кім?

— З цесцем. З Чарнушкам. Тры дзесяціны найшлі, кажа, няўпісаныя…

— Найшлі! Як ляжала зямля век вечны без карысці, дак ахвоты не було нікому да яе! А як узяў, абрабіў, абсеяў — дак… Выражуць цяпер?

— Выражуць. Дай, мабуць, не тры дзесяціны, а ўсе пяць.

— Пяць?! Ето — чаму? Калі там усяго тры було?!

— І без таго, найшлі, лішак у нас буў.

— Лішак! Лішак! Усё — лішак! Мо і сам я ўжэ — лішак!.. Штоб ім на тым свеце! На гарачым вуголлі!..

Злосць змянялася крыўдаю, лютасць — кволасцю. Тады чуў сябе няшчасным, адзінокім, бездапаможным, ледзь утрымліваўся, каб не паскардзіцца. Ды і перад кім было кволіцца: перад дурною старою, перад гэтым смаркачом, які стаў супроць бацькі? Пасля вячэры, калі Сцяпан падаўся гуляць, а старая выйшла ў хлеў, сказаў Яўхіму:

— Паразяўляліся… Кеб прымелі, з'елі б…

— З'есці не з'ядзяць, — спакойна, з разважнасцю прамовіў Яўхім, — а кавалак сцягна, мабуць, уварвуць…

— Жывое рвуць клыкамі… Бога ім няма.

Яўхім зноў сказаў разважна, як бы старэйшы:

— Нічога не зробіце ім, тато…

— Волі багато далі ім!

— Уласць ім прыяе…

— Пасмялелі. — Зноў брала старога лютасць, раздзімала грудзі. — Пасмялелі, як Маслак прапаў! Жыў бы буў — нябось сядзелі б, як жабы ў карчах!.. — Шчыра, горка ўздыхнуў: — Эх, прапаў чалавек да пары!.. Як і не було!..

Маўчалі. Потым Яўхім дзіўна сказаў:

— А мо ён і не прапаў?

— Хто?

— Ён, Маслак…

Глушак аж тузануўся насустрач, дыхнуў горача ў Яўхімаў твар:

— Чутно што?

— Будзе чутно…

— Як ето — будзе чутно?

— А так — возьме ды зноў паявіцца!

— Дак ето — няпраўда? — Глушак быў так расчараваны, што гатоў быў зазлаваць.

— А як няпраўда — дак што? Не було праўды, дак няпраўда паможа. Абы — памагла…

Разумна гаворыць! Прыкрасць адразу прапала, Глушака занепакоіў клопат:

— А як не павераць?

— Павераць… Адзін не паверыць, другі, а багато хто і паверыць…

— Дай Бог, кеб паверылі. Прыціхлі б трохі!.. — Глушак падумаў уголас. — Ето праўда: е ён, Маслак, ці няма, абы пра яго чулі, зналі. Як будуць знаць, ён і будзе ўсё адно што жывы…

Яўхім сказаў:

— Яго і цень пужаць будзе. Абы ён варушыўся!..

— Аге. Ето ўсё праўда.

Ноччу Глушак доўга не мог заснуць. Апаноўвалі ўспаміны — як год за годам, можна сказаць, усё жыццё гнуўся, выжыльваўся дзеля сваёй зямлі, якую прагавітая галота за нішто хоча парэзаць. Колькі ўведаў гора, увабраў пакуты, каб адно прыдбаць тую лапіну, што каля цагельні. Усё дабро сваё, пасаг увесь жончын перавёз на кірмаш, збіраючы грошы… Долю сваю, можна сказаць, знявечыў праз гэта: з-за пасагу ж пабраўся з няўдаліцай Лантуховай Кулінай. Гнілога Лантуха, бацьку яе, усцёг сабе на шыю, каб прылічыць да сваіх блішчастыя лантухоўскія залатоўкі. Яго ашукалі — залатовак аказалася многа менш, чым думалася. Толькі ўдала прадаўшы лантухоўскую палоску, змог нарэшце купіць тую прываблівую лапіну, што каля цагельні. Усё рабіў, жыў, можна сказаць, дзеля тае зямелькі, што каля цагельні, потам, крывёю ўрабіў усю!..

А тая, што каля сажалкі, ці лёгка дасталася! Адзін Бог ведае, колькі паперадаў дабра таму Свістуну аднаногаму, пакуль не стаў гаспадаром на яго палосцы. Колькі потым яшчэ плётак перанёс, колькі людской крывоты перанёс за нішто!..

Усё-такі, што ні было тады, на Бога грэх скардзіцца: непагана ішло ўсё тады, у пачатку вайны з германцамі. І ад службы Бог паспрыяў уратавацца. Правая рука не служыла як мае быць, але, пэўна, не паглядзелі б на яе, каб не ўдалы кадоўбчык масла доктару.

Не, як каму, а яму ў тую вайну Бог прыяў, самы час быў жыць! У другіх няўпраўка, а яму ўдача сама ў рукі ішла! Неўзабаве пасля таго, як прылучыў зямельку ад аднаногага, прыдбаў яшчэ трохі ў Дзятлікавай удавы. Дзятліха не вельмі таргавалася: ёй усё адно нінашто была тая зямля, без чалавека, без працаўніка… Тады зяўласты яе смаркач, Васіль, толькі знаў, што цягнуць за падол ды ныць: дай есці! Ён даў смаркатаму, ледзь падрасло трохі, хлеба, заробак даў — узяў нібы за пастушка, хоць які там з яго пастух быў!.. Выратаваў, можна сказаць, а яно, убраўшыся ў сілу, як аддзячыла?..

Усё потым пайшло на глум, усё, што датуль быццам бы зычыла шчасце. За што, за якія грахі ўсёмагутны Божа пусціў на зямлю гэту страшную кару, навалу, пошасць — рэвалюцыю, якая ўсё перакруціла, пераблытала, дала волю рознай галадранай ненажэры! Як і не было, прапаў цвёрды грунт з-пад ног, знікла трываласць у жыцці! То бойся, як бы пасля пана, ашалелыя, і на цябе не накінуліся, як бы не ўчапіліся клыкамі, то бойся немца-прыблуды, то дурня-паляка асцерагайся. Немец-то яшчэ сюды-туды, з немцам ужыцца можна было б, а вось балахоўшчыкі — тыя, як прыпяклі іх бальшавікі, самі ж ледзь не ўкоцалі яго, калі хацеў уберагчы ад абозу каня. Не паглядзелі, што не галадранец, а гаспадар…

Зямля пад нагамі была — як дрыгва, вагалася, гатова была кожны момант прарвацца, праглынуць яго разам з усім дабром. Набачыўшыся ўсяго-ўсякага, натросшыся, ужо не вельмі давяраўся, калі стала патрохі аціхаць, наладжвацца. Але год ад году ішло раўней, і дыхнуць ужо лягчэй можна было, стаў зноў, здаецца, папраўляцца, убірацца ў сілу, весялей глядзець навокал, як нб табе — на якое зло, Божа! — гэтая бяда, новы перадзел зямлі!

Зноў успомніўся прыход камісіі — як трымаўся і што гаварыў Міканор, — і злосць закіпела гарачэй. Землю набываць не смей, нават да той, якая ляжыць без ужытку, пад хмызняком і травою, не датыкайся! Бо лішак будзе! Бо ў другіх меней! Бо другім, галечы гуляшчай, вочы коле!.. Мала таго, што да зямлі, дак шчэ й да парабка прычапіцца трэба! Парабка ім шкода! Парабку плаці, як пану! А мо шчэ і рабіць за яго, за парабка, загадаюць!.. Усё вочы коле, ва ўсё ўлезці гатовы з капытамі! Нібы не ты, а яны — на тваім двары, на тваёй зямлі — гаспадары-валадары, галадранцы вашывыя!.. Асабліва ж — гэта зараза васпаватая, Дамецікаў прыблуда! Без яго мо і ціха было б, дык — не ж, прынесла заразу, прыперла гада падкалоднага! Каб яму на тым і на гэтым свеце, як гадзюцы на ражне, круціцца!..

Думкі аб зямлі, аб Міканору мяшаліся з думкамі пра сыноў, пра жонку, і тады зноў ажывалі крыўда і гнеў на Сцяпана. Даўно прыкмеціў, што надзеі вялікай на малодшага мець не трэба, нязграбны, няўдалы да гаспадаркі, але думаў, цешыў сябе, што, можа, навукай карысны будзе. Аж вось табе, дачакаўся карысці! Вывучыўся сынок, няма чаго сказаць! Выадукаваўся — на бацьку гырчаць!.. І то падумаць: вельмі трэба было верыць цяперашнім настаўнікам, якія адно на бальшавікоў стараюцца і з Богам не лічацца. Трэба было спадзявацца, што яны чаму добраму вывучаць!.. Але не толькі іх тут віна. Нямала, мусіць, і жонка вінавата — шкадавала, песціла, няньчыла. І даняньчылася — выгадавала яблычка!

А Яўхім, дзякуй Богу, здаецца, за розум узяўся. Каб не звязаўся з гэтай галадранкай, дык можна было б адно радавацца, гледзячы на такое дзіця. Але, можа, і так яшчэ выправіцца — можа, гэта хвароба, любоў, не высушыць усе мазгі… Глушак падумаў, што хвароба-любоў перадалася сыну не інакш ад маткі — у той змоладу і пазней у галаве многа глупства ўсякага вадзілася. Думаў пра глупствы гэтыя не так горача, як раней, новыя бядоты глушылі даўнейшую крыўду, да таго ж ад гаворкі з Яўхімам у гэты вечар была ў душы нейкая прасветліна. Яўхім адзін разумеў яго, адзін быў надзейны супольнік…

"З Маслаком ето непагано прыдумано. Як прыстрашыць добра, дак мо ўся круцельня васпаватого і сыдзе на нішто…"

Злосць на Міканора ўсё ж не спадала, паліла няўціхна: "Гад, ну і гад!.. І ўсе гады — галеча ненажэрная!.."

4

Яўхім так спрытна пусціў чутку, што пад поўдзень у Куранях не было такога чалавека, які б не ведаў, што Маслак — жывы і дужы — аб'явіўся зноў і што ў любы зручны момант можа апынуцца тварам у твар. Ведалі ў Куранях, што Маслак зноў не адзін, а з бандаю, аб сіле якой хадзілі самыя розныя чуткі. Адны казалі, што ў ёй паўтара дзесятка, другія — што больш за сотню бандытаў. У тым, што Маслак і праўда аб'явіўся, амаль ніхто не сумняваўся, вельмі ж добра помніўся ён усім з нядаўняга, калі яго таксама не ўсе бачылі, але ўсе адчувалі. Да таго ж цяпер называлі сёлы, каля якіх ён быў, і людзей, якія натыкаліся на яго, прычым расказвалі да драбніц аб акалічнасцях гэтых сустрэч.

Задоўга да паўдня чутка з Сарокаю вярнулася назад у Глушакову хату.

— Жывы! — сказала са здзіўленнем, загадкава Сарока. — Не бярэ ні хвароба, ні згуба! Не зламала яму хоць бы зуба!

Глушак прасіпеў абыякава:

— Пра што ето ты?

— Век не ўгадаць, не знаючы!

— Цьфу! — Глушак нават пакрыўдзіўся. — Знайшла з кім дурэць! Я табе смаркач які, штоб у загадкі гуляць?

— Век не ўгадаў бы! Кеб і хацеў!

— Угадаў бы не ўгадаў, а не для мяне етае глупство!

— Глупство! Ето ён — глупство! — Сарока таямніча, важна памаўчала. — Маслак?!

— Што?!

У Глушака вочы палезлі на лоб, так уразіўся чалавек. Перахрысціўся ад страху. Не паверыў.

— Т-ты што пляцеш?

— От, як перад Богам! — паклялася Сарока.

— Брэшаш?

— Праўда чыстая!

Глушак аж аб'ехаў на канапу, так разгубіўся. Пашкадаваў ад душы:

— Выкруціўся, ваўкарэзіна! — Кінуўшы вострым вокам на Сароку, падумаў, што скора паўсяла будзе ведаць, як ён уразіўся і напалохаўся. Злосна папракнуў: — Чаго ж звоніш так, галава! Шчэ смешкі строіць!..

— А табе чаго баяцца? — лісліва супакоіла Сарока. — Ты ў чым-небудзь перад ім вінаваты?

— А то не? Не кляў яго, гада?.. Дык кеб не вінаваты буў, хіба ён пытацца стане — вінаваты ці не?

— Пытацца не будзе. Сам знае, які Ігнат вінават! Чуў, кажуць, пра Міканорчыка і пра другіх, наказуваў, кеб ждалі! От, мабуць, Грыбок трасецца! Ён, Маслак еты, калі сказаў, што прыйдзе, то няхай хоць зямля праваліцца, а ён — аб'явіцца!

— Зноў гайсаць стане поцемку пад вокнамі, ваўкарэзіна! — Глушак схамянуўся, трывожна агледзеўся. — Трэба ж такую хваробу на нашу галаву!

— І не кажы! — падтрымала Сарока.

Сапсаваўся настрой у Глушака. Так сапсаваўся, што не мог з сабой саўладаць, нездаволена папракнуў Сароку:

— От жа, прыперла навіну! Як нябожчыка прыцягла!..

Хмурны, нездаволены і развітаўся, нават і не памкнуўся пачаставаць чым-небудзь. Па ўсім было відаць: збіла з тропу, устрывожыла чалавека!

Толькі калі Сарока сышла з вачэй, Глушак даў волю радасці, цешыўся Яўхімам: "Маладзец, адно слова — маладзец! Бацькаво насенне!.." У радасці зацеплела надзея: "Цяпер, можа, астынуць тыя — упарадкавацелі!"

З такім настроем весялей было порацца ў гумне, на прыгуменні. Трывога, праўда, не прападала: не мог не бачыць, што ўсё ўперадзе тоне яшчэ ў няпэўнасці, якая невядома як павернецца. Усярэдзіне нядобра ныла. Але хоць спакою і не было, не было і ранейшай бездапаможнасці. Жыла, падбадзёрвала душу прасветлінка-надзея: чуючы пра Маслака, можа, не асмеляцца, пабаяцца на ражон перціся. Можа, і васпаваты гэты абвяне, адумаецца: як-ніяк, нікому няма ахвоты лішне рызыкаваць галавою. А не адумаецца ён, дык другія асцерагуцца — усё роўна яму аднаму разгарнуцца не будзе як…

Усё ж трывожнасць тачыла душу. Хацелася штосьці рабіць, чыніць штосьці такое, каб пагроза бяды адышла, прапала зусім.

Пачуў, як цупае за двума гумнамі цэп у Зайчыкавым гумне, пацягнуўся на гэтае цупанне. Малаціў сам Зайчык: пад латанай сарочкай хадзілі худыя рухавыя лапаткі, біч цэпа то, пабліскваючы, лёгка ўскідваўся, то лажыўся на снапы.

Глушак тхарынымі вострымі вочкамі акінуў амаль пустыя застаронкі, адзначыў на ўсякі выпадак: канчае малаціць. Мігам успомніў, колькі Зайчык звёз вазоў, падумаў: больш, як да Каляд, на сваім яму не пратрымацца!..

— Памагай Бог! — прасіпеў, улучыўшы момант.

Зайчык апусціў цэп, азірнуўся.

— І вам — таго ж! — Ён павесіў цэп на сучок сахі, пачухаў за спінаю, сеў на сценку застаронка. — Памагае ён, ліхо яму, неўпапад. Няма таго, штоб жытам памагці, дак ён адно — дзяцей падбаўляе…

Глушак перахрысціўся, папракнуў строга:

— Грэх казаць такое!

— А калі ж праўда?

У Зайчыка была, як казалі, поўная хата дзяцей, сам Зайчык, калі пыталіся, колькі ў яго іх, жартаваў, што ніяк падлічыць не можа. Лічыў-лічыў, ды і збіўся — адны на свет паяўляюцца, другіх Бог забірае. Глушак жа, і праўда, добра не ведаў, колькі ў Зайчыка дзяцей: не то восем, не то дзевяць, ды чацвера ці пяцёра на могілках…

— Чутно, жонка зноў скора рассыплецца? — сказаў Глушак, які даўно прыкмеціў, што Зайчыха цяжарная.

— Скора. Да кеб, чорта лысаго, зразу двума не стрэліла! Нешто ж тоўстая, як Дзянісава калода!

— Двума дак двума. Не з хаты, а ў хату. Прыбутак! — паспрабаваў пажартаваць Глушак.

— Прыбутак! Ето такі прыбутак, што ўсё — дай ды дай! З етым прыбуткам — бяры торбу ды ў старцы ідзі! — Пачухаўся зноў, папракнуў: — Няма таго, кеб хлебам урадзіць, дак падкінуў шчэ аднаго!.. Слепаваты ён на старасці, мабуць, — не бачыць, што трэба рабіць!..

Глушак строга пакруціў галавою:

— От ён і карае, пэўна, цябе за такія твае гаворкі! Ён, Бог, таксамо не любіць, калі не шануюць!

— Сам сатварыў такога мяне, сам і не любіць? — Зайчыку, відаць, хацелася падражніцца з Глушаком. — Я хіба вінаваты, што ён такі язык мне ўдзяліў?

— Язык языком, а нашто галаву ён на плечы даў? Кеб думаць, што да чаго! А не мянціць етым языком усякае глупство! — Глушак добра помніў, што прыйшоў сюды не лаяцца, сказаў мірна: — На хрысціны пазавеш?

— Як ахвота е, дак хоць хросным! — Зайчык засмяяўся. Думаў — падкалоў старога, але той прасіпеў проста, як роўны:

— Можна і хросным…

Зайчык жвава зірнуў: Глушак не жартаваў. Гарэза ўлавіў, што ў гэтай нечаканай згодзе нешта тоіцца, але і выгляду не падаў. Схаваў здагадку за жартам:

— А хросную пад пару папрашу — маладую, ядраную!

— Стары я для маладой.

— Э, ето шчэ паглядзець трэба!..

Глушак перавёў гаворку на іншы лад:

— Забуў ты нешто дарогу ў маю хату.

— Забуў. — Зайчык падумаў: не памыліўся — штосьці плясці намерыўся стары павук. Сказаў весела: — У сваю хату — і то іншы раз дарогу забуваю, як вып'ю…

Зайчык, як і многія куранёўцы, выпіць, пагуляць любіў. Глушак весела, у лад Зайчыку, папрасіў:

— Заходзь, пасядзім, сказаць. Пагамонім…

— Ды можно і пагаманіць, калі будзе на што паглядзець!

— Можа, выкапаю якую слязіну!

Увечары Зайчык сядзеў упоцемку ў Глушаковай хаце падвыпілы, чвякаў салёнымі гуркамі, усё ніяк не мог даўмецца, нашто спатрэбіўся хітраму старому.

Глушак, таксама не вельмі цвярозы, скардзіўся:

— І ў мяне еты год, сказаць, няўрода. Пустое вырасло. Так, толькі салома на выгляд, а калоссе — пустое.

— Не кажыце, дзядзько Халімон. Кеб у мяне такое вырасло, як у вас, дак я і ў вус бы не дуў! Буў бы самому каралю кум!

— Няўрода, пустое. Як перад Богам кажу… — Глушак падсунуўся бліжэй да Зайчыка, паклаў руку на плячо яму. — Але, калі на тое, і ты, Іван, сказаць, не вельмі бядуй. Калі што якое, чым-небудзь паддзержу!..

— Не знаю, як вам і дзякуваць за вашу ласку…

— А няма чаго дзякуваць. Я ад добрай душы паддзержую. Калі ты мяне паддзержуеш, дак і я цябе паддзержую! Хто мне прыяе, таму і я — усёй душой!..

Змушаны беднасцю хітраваць, кемлівы ад прыроды, Зайчык адразу пачуў, што размова вось-вось падыдзе да той мясцінкі, дзе схавана тайна. Ён насцярожыўся, падрыхтаваўся, каб не схібіць, не пралічыцца.

— Я к вам, дзядзько, і сам заўсёды, можно сказаць, з дарагою душой!..

— От жа і я, Іванко! От, калі на тое, хоць цяпер вазьмі кавалкі два сала! Кеб боршч ці булён які закрасіць. А то ж, мабуць, няма ўжэ свайго?

— Дзе там! Закалоў вясной парася — з кацяня ростам, — дак і агледзецца не ўправіўся. З-пад рук маіх пахапалі. Як гайня якая, ірвалі!

— Ведамо, сказаць, — галодная дзятва.

Глушак патупаў у каморку, вынес сала, паклаў перад Зайчыкам на стол.

— Вазьмі от пакуль што. А там — будзем бачыць…

— Як вам і дзякуваць, не знаю. Кеб я багаты буў, кароль які, то аддаў бы за вашу дабрату — усё царства!..

— Не трэба мне нічого. — Ужо не таіўся, паскардзіўся: — І тое, што е, некаторым вочы коле. Прымелі б, сказаць, з'елі б…

— Е такія. Штоб далі волю, горло паперагрызалі б адзін аднаму. — Зайчык ужо ведаў, што трывожыла старога. — То ж етае, ліхо яму, земляное ўпарадкаванне выдумалі! — Ён з пагардай плюнуў. — Трэба яно тут, як сабаку рогі ці карове чобаты! От няма чаго рабіць некаму! Выгуляецца на гарадской волі з якой вымаляванай пытляванай маладзіцай пад руку, пад'есць булак колькі хоча, дак ён і выдумляе. А цёмнае наша балото і рада! Нашым абы злосць спагнаць на кім-небудзь!

Ён гаварыў амаль шчыра: сала ж было проста перад вачыма, паддавала ахвоты. А што гаварыў не тое, што нядаўна думаў, не сваё, то гэта не толькі не турбавала, але нібы і не заўважалася самому. Хіба ж першы раз рабіў ён другому наспадобу!

Глушак ухапіўся за зачэпку:

— Ето ж, кажуць, ужэ абмералі ўсіх і сход сабіраюцца сазваць.

— Ат, толку, дзядзько, з етаго сходу!

— Не кажы, Іванко! Начальство нібыто будзе нейкае. І як усе выступяць да скажуць рабіць перадзел, дак і зробяць. Перарэжуць усю зямлю зноў…

— Ето шчэ, дзядзько, віламі па вадзе пісано! Чуў, можа, што кажуць, — Маслак аб'явіўся! Не вельмі-то кожны і асмеліцца вылазіць! Бо як Маслак возьме ды заявіцца!..

— Баяцца цяпер таго Маслака! Як я, сказаць, вужа якога! Цяперашнім часам е такія, што ні Бог, ні чорт яму ніпачом…

Зайчык скеміў, да чаго хіліць стары.

— А калі на тое, дзядзько, дак я самы першы выйду к сталу, к самому начальству, і заяўлю — проста ў вочы: не муціце ваду, не трывожце людзей! І едзьце сабе назад, па-добраму пакуль!..

— Смелыя мы ўсе, Іванко, пазавуголлю! А як прыйдзецца да дзела, дак і язык нібыто прысыхае!

— У каго прысыхае, а ў каго і не! У мяне, дзядзько, такога шчэ не було! Я не тое што Крываротаму — каму хочаш не пабаюся праўду ўрэзаць!

Па тым, як ахмялелы, гарачы Зайчык гаварыў, было відно: не попусту хваліцца, не пабаіцца ні перад кім, але Глушак не паверыў. Наліваючы чарку, сказаў, як хвальку:

— Дай Бог чутае бачыць!..

Зайчык загарэўся яшчэ больш:

— А і ўбачыце, калі на тое пайшло!

Ён рашуча перакуліў чарку.

Калі Зайчык, трымаючы пад пахай загорнутае ў латку сала, зачапіўшыся плячом за слуп, выбраўся са двара, Глушак яшчэ доўга не лажыўся спаць. Чуючы, як і яго трохі водзіць ад гарэлкі, стаяў перад абразамі, глядзеў у цёмны кут, шаптаў малітвы. Шэпт яго не ў час перабіла сабачае выццё. Ён пазнаў, што вые сляпы, падумаў, што, мусіць, пачуў ваўкоў на балоце. Сабака выў амаль безупынку, і Глушак збіваўся — выццё спляталася з малітвай, наганяла сум. Гэты сум застаўся і пасля малітвы, калі, накінуўшы кажушок, выцягнуўся на холад к свірну. Сабака перастаў выць, пачаў, скуголячы, бразгаючы ланцугом, церціся аб ногі. Ні тут, каля свірна, ні з ганка Глушак не ўбачыў, не ўчуў у цемры нічога падазронага. Ціха, пуста было і ў баку балота, і стары падумаў пра сабаку: "З нуды, мабуць, выў…"

Глушак вярнуўся ў хату, лёг побач з жонкай, але пачуў, што засне не хутка. Сон не браў. Было клопатна. А тут яшчэ ў цемры на двары зноў цягуча, як па нябожчыку, завыў сабака. Як ашалеў, ваўкарэзіна! Пад гэтае выццё і ішлі, круціліся ў неспакойнай Глушаковай галаве думкі. Хоць і верыў, што Зайчык можа спраўдзіць абяцанне, трывога ўсё ж не адыходзіла: небагата толку ад той Зайчыкавай падмогі. "Пралентарыят-то пралентарыят еты Зайчык. А от кеб начальство паддзержало, то саўсім іначай павярнулася б усё…"

Думка пра тое, каб дабіцца заступніцтва начальства, упарта зырчала ўсярэдзіне, вярэдзіла душу. Даўно думаў пра гэта, але стрымлівала звыклая асцярожлівасць. З начальствам не тое, што з Зайчыкам, там, паспяшаўшыся, не толькі насмяшыць людзей, але і загубіць усё нядоўга. Ды і прыкрасці якой набыць…

Таму і кружыў, як коршак, што выбраў небяспечную здабычу, і так, і гэтак выглядваў, вылічваў, вымяркоўваў. Даўно падвучыў Яўхіма, каб пазнаёміўся бліжэй, убіўся ў прыяцелі Крываротаму з сельсавета, сам, можна сказаць, амаль што ўлез у кампанію. Ужо тры разы, як Крывароты заходзіў, спрабаваў моц яго, глушакоўскай, гарэлкі, падвесялелы, ляпаў, як таварыша, Яўхіма па плячы, ды і з ім, са старым Глушаком, трымаўся, нібы са сваім чалавекам. Нават сп'яну абняў адзін раз. Змалацілі яму занішто жыта — цягалі малатарню чорт ведае куды, цераз такую пагібель, па багне, можна сказаць. І сала тарбіну жонцы ўручылі. Ён сам, праўда, зрабіў выгляд, нібы ведаць не ведае, але ж быць не можа, каб жанчына ўцярпела, не пераказала…

І ўсё-такі пэўнасці цвёрдай на яго падтрымку няма. І не толькі пэўнасці такой няма, але і чорт яго ведае — што ён потым яшчэ можа выкінуць! Нават як падступіцца да яго, каб намякнуць, закінуць слова, і то думаць-гадаць трэба. Старому ўспаміналася, як Крывароты, п'яны ў дым, хваліўся Яўхіму: "Ты, Глушак, не думай, што калі я п'ю, то і розум прапіваю. У жызні такога не було, штоб я прапіваў галаву з-за етай паскуды! Не було! Я, Глушак, п'ю, п'ю, а сам увесь час кумекаю — што да чаго! Увесь час! Не страчваю розуму! На маёй рабоце розуму страчваць няможно! Мне не тое, што другому: выпіў, ну, і выпіў, можаш хоць пад плотам валяцца! Я — выбраны чалавек, уласць, голаву павінен дзяржаць прамо і чуць увесь час, што да чаго! — Крывароты ўзяў Яўхіма за сарочку, падсунуў да яго чырвоны твар. — Я от сяджу з табою тут, Глушак, п'ю, і ты мне — таварыш, першы таварыш! А калі я на рабоце, ты мне — усё адно што незнаёмы! Я цябе — знаць не знаю, ты мне такі самы, як кожны другі! Што ты, Глушак, што другі — мне ўсё адно! Бо я — выбраны, уласць, а ўласць савецкая да ўсіх роўная! Ето не тое, што пры цары було: цяпер што багаты, што бедны, што брат, што сват — усе аднакія! І я да ўсіх аднакі, да ўсіх — па закону!.."

І праўда, чуў ад людзей стары Глушак: ні свату, ні брату палёгкі ніякай Крывароты не даваў. Гэта і непакоіла старога, стрымлівала дабівацца якой-небудзь падтрымкі ад непадступнага знаёмага. Але выбару не было, ісці больш не было да каго. А тут надзея хоць і няпэўная, а ўсё ж жыла, звала паспрабаваць. Чуў душою, што самому і патыкацца да Крываротага няма чаго. Калі і можна хоць драбніцы якой дабіцца, то толькі аднаму Яўхіму, папросту, па-прыяцельску.

Таму і не лажыўся, чакаў сына. Калі Яўхім, згаладалы, прагавіты, накінуўся на хлеб, на халодны боршч, прасіпеў:

— Ты ўжэ прасіў Крываротаго на вяселле?

Яўхім, жуючы, выціснуў:

— Не.

— Дак, можа б, заўтра схадзіў ды сказаў…

— Упраўлюся. Ці заўтра, ці паслязаўтра — усё адно.

— Лепей — заўтра. — Стары памаўчаў, перш чым прыступіць да галоўнага. — Як будзеш гаварыць, то, можа б, закінуў слова пра землю…

Яўхім не адказаў, жаваў па-ранейшаму, але стары чуў, што словы яго не прапусціў міма ўвагі, думае.

— Скажы яму, як і што: пра абмер і што, чутно, абрэзаць хочуць. І выведай, ці не памог бы ён…

— Чорта лысаго даб'ешся ў яго.

— Усё адно папробуваць трэба. А то ж ад етай васпаватай заразы ратунку ніякаго. З'есць, як маўчаць будзем!

— Усяго не з'есць. Укусіць, можа, укусіць, а там — падавіцца.

— Можа і з'есці! У етаго зубы здаровыя і зяпа шырокая.

— Абламаць можно, калі вельмі ашчэрыцца.

— Не вельмі-то абломіш. Не на тое ідзе.

— Абломім! — запэўніў Яўхім, і старому трохі палягчэла на душы: хоць ведаў цану сынавым словам, як бы паверыў, ухапіўся за падмогу.

— А ты ўсё-такі схадзі да етаго, — сказаў напаследак, залазячы пад коўдру.

— Схаджу.

Як і абяцаў, Глушак-малодшы на другі дзень выправіўся ў сельсавет. Стары ледзь дачакаўся, калі ён вернецца: што б ні рабіў, думкі кружылі каля Яўхіма — то няпэўна, недаверліва спадзяваўся, то ўвесь аддаваўся неспакою.

— Ну, што? — кінуў Яўхіму, ледзь той ступіў на двор.

— Прыйдзе, сказаў…

Па тым, як прамовіў сын, як нядобра павёў позіркам, стараючыся не сустракацца з яго вачыма, стары Глушак усё зразумеў. Але такая вялікая, неадольная была трывога за зямлю, што не вытрываў:

— Што пра абрэзку?

— Нічого.

— Усё-такі — сказаў што-небудзь?

— Сказаў.

— Што?

— Што трэба, тое і зробім.

— І пасля — на вяселле прысунецца?!

— Прыйдзе. Папрасілі ж!..

— Папрасілі!..

Стары Корч мацюкнуўся.

5

Даўно Глушак не чуў сябе так пагана, як у той вечар, калі выпраўляўся на сход аб перадзеле зямлі.

Мусіць, лепш, спакайней для душы было б не ісці на сход, каб не мець лішняй прыкрасці, але як ты не пойдзеш, калі не каго іншага, а цябе самога рэзаць павінны. А можа, трэба будзе сказаць што-небудзь, заступіцца за сябе, абараніцца?

Хоць радасці якой чакаць на сходзе не прыходзіцца, а ўсё-такі калі ты будзеш перад вачыма ўсіх, то, пэўна, не такія смелыя будуць, не так будуць плясці языкамі. Калі туліцца ў хаце сваёй будзеш, дрыжаць — чаго добрага, і зусім утапіць могуць.

Хочаш не хочаш, а ісці трэба. Глушак перахрысціўся, усцёг лаплены кажушок, насунуў пабітую моллю старую шапку. На крысе кажуха заўважыў закарэлыя белыя языкі картаплянай мешаніны для свіней, але сціраць не стаў: не ў царкву, не ў госці збіраецца. Ды і то падумаць: цяпер такія знакі ў пашане, як дакумент, што свой чалавек, не гуляшчы…

З картаплянымі языкамі на кажусе, з трухой на каўняры і на шапцы і патупаў па-старэчы з хаты. Так вымеркаваў выйсці, каб не быць на сходзе ні першым, ні апошнім. Прыпрэшся першы — кінецца ўсім, што баішся, пасмялеюць; апошні прыпаўзеш — каб позна не было. Абнюхаюцца са сваімі, згаворацца.

Народу, яшчэ з двара адзначыў, сабралася ўжо нямала. Трывога і непрыхільнасць варухнуліся ў душы, прымусілі сціснуцца, нарыхтавацца да небяспекі. "Збегліся! Навастрыліся клыкамі на чужое дабро! Толькі каманды чакаюць!.." Многа тоўпілася куранёўцаў і ў сенцах — праўда, больш не гаспадароў, нават не хлопцаў і дзяўчат дарослых, якім сваё кубло віць недалёка, а драбязы рознай, смаркатай дзятвы.

"Шпіктакль знайшлі! Дручком бы, поскудзь! Кеб не смярдзела!"

У хату нашылася таксама нямала маладых, але багата было і гаспадароў. Каля прыпечка Пракоп барадаты разважліва гаманіў з Чарнушкам, Сарока ўселася на палаці, таўхала ў грудзі Зайчыка, які весела рагатаў. Прыпёрся, вядома, Андрэй Руды, прыляпіўся к самаму сталу, к начальству.

Глушак падумаў быў прабіцца да Пракопа і Чарнушкі, але яны былі лішне на віду, а яму, можа, і ні да чаго было выпірацца на людскія вочы. Хто яго ведае, як там яно пойдзе, як там будзе сядзець на віду. А калі на тое, то і так усе прыкмецілі ўжо, што ён не дзе-небудзь, а тут жа, чуе ўсё і бачыць. Так што можна і тут, у куточку, сагнуцца ды выглядваць.

От толькі блізка аказаліся Хоня і Дзятлікаў Васіль. Дзятлік як заўважыў яго, Яўхімавага бацьку, позірк адвёў убок, ад злосці, вядома, за тое, што Яўхім адбіў Ганну. Бровы насунуў на вочы, затаіў штосьці нядобрае. "Бач ты, такое маладое, а таксамо — з хванабэрыяй! Таксамо — гаспадар, дзюба смаркатая!"

Але каб і не зважаў на Дзятліка, гнуцца ў куце было не ў ахвоту: хоць бы хто асеў поблізу людскі, каб сказаць слова, адвясці душу. Хаваў трывогу, пацеў у кажушку, таміўся, здавалася, бясконцым чаканнем і адзінотай. Калі ўсунуўся Ларывон і стаў, як дуб, узвышаючыся над усімі, Глушак узрадавана памкнуўся аклікнуць яго.

Не пазваў: з-за Ларывонавай спіны раптам паказаўся з сянец Міканор, за Міканорам паявіўся Дубадзел. Яны абышлі Ларывона, праціснуліся паўз Глушака, сталі прабірацца к сталу. Глушак пачуў, што трывога яго пацяжэла.

За Дубадзелам праціснуліся к сталу яшчэ двое, незнаёмых. "Каморнікі, мабуць", — падумаў стары, разглядаючы то аднаго, то другога, як бы хацеў уведаць пра свой лёс. Адзін быў ужо немалады, лысаваты, у зацяганай паддзёўцы, з выгляду нібы і незласлівы. Але Глушак, які ўсяго-ўсякага пабачыў і падрыхтаваўся да ўсяго, падумаў пераканана: "Ціхі-то ён ціхі. А толькі калі скамандуюць, то нож усадзіць, пэўне, і не паморшчыцца…" Другі, зусім не падобны да гэтага, маладжавы, далікатны тварам, трымаўся смела, важна: перад тым як сесці за стол, стройны, па-вайсковаму прамы, дзіўна пасміхваючыся, скінуў паважна фуражку, зняў вайсковы шынель, разгладзіў моцнаю рукой вайсковы ж мундзір з вялікімі кішэнямі на грудзях. Седзячы за сталом, аднаго за адным пачаў аглядваць куранёўцаў, спакойна, павольна падступіў позіркам да Глушака. Старому захацелася ўшыцца ў каўнер, калі вочы вайсковага пайшлі мацаць яго. Позірк быў востры, пранізлівы, нібы прабіваўся ўсярэдзіну, і такі ўпэўнены, што рабілася нядобра.

"У етаго рука не здрыганецца. Еты і бацьку роднаго ўтопіць, калі трэба за савецкую ўласць! К етаму і не падыходзь блізко, не прасіся на літасць! Парцейны ўвесь, да нітачкі! Зразу відно!" — падумаў Глушак, калі вайсковы пайшоў позіркам па другіх. За думкамі закарцела Глушаку дзіўнае адчуванне, нібы сустракаў ужо недзе гэтага чалавека, і ён колькі часу намагаўся прыпомніць, дзе гэта было. Але як ні стараўся, успомніць не мог: мабыць, бачыў выпадкам, мелькам. На вуліцы ці на дарозе — інакш хіба б забыў такога?

Глушак зноў паглядзеў на лысаватага: а гэты, можа, і праўда ціхманы і добры. Пэўна, можна было б асцярожна паспрабаваць падступіцца. Відаць здалёк, што не надта салодка жывецца: і паддзёвачка унь якая, і яды не лішне — шчокі аж уваліліся. Каб зрабіць акуратна, мусіць, не адмовіўся б ад сцягенца свінячага…

Але цяпер і думаць не думай такога — лысы і блізка не падпусціць, калі побач гэты партыйны "да нітачкі". У Глушака раптам з'явілася падазрэнне: а можа, партыйны гэты і не каморнік зусім, а які-небудзь начальнік. "З ГПУ, можа, прысунуўся, вынюхаць, што і як. Харчава прыяцель…"

Разважаючы, мяркуючы, стары ўважліва слухаў, што казаў Дубадзел. Але, хоць Глушак і не прапускаў ні слова, багата чаго, як і многія другія на сходзе, ён не разумеў ці лічыў нявартым увагі. Крывароты доўга і нудна нешта гаварыў не пра справу, а пра палітыку. Толькі калі Дубадзел перайшоў да землеўпарадкавання, стары насцярожыўся. Дубадзел, аднак, зноў доўга плёў пра тое, для чаго трэба перадзельваць зямлю і якая гэта важная задума — землеўпарадкаванне; таміў, палохаў Глушака туманам няпэўнасці. Чым больш плёў ён, тым больш прападала ў Глушака кволая надзея на тое, што, можа, абміне, абыдзе яго гэтай бядою. Стала прыкра-млосна ўсярэдзіне, калі Дубадзел абвясціў:

— У нас таксамо камісія, якая була выбрана па ўсім законам на агульным сходзе вёскі Курані, знайшла розныя факты. А іменна — няправільную запісь зямлі сельсавету, што прывяло ў сваю чаргу да няправільнай аплаты налогу з боку етых укрывацеляў…

— А хто такія етыя ўкрывацелі? — не ўтрываў Андрэй Руды.

— Можна і назваць, хоць выбраны старшыня етай камісіі вашай вёскі Дзяцел Міканор у сваім рапарце пасля мяне ўсё даложыць сам. Ето такія асобы, як Чарняк Пракоп, Дзяцел Змітро…

Ён, мусіць, выказаў бы ўсіх, але ляснік Міця, пачуўшы сваё прозвішча, абарваў яго, заявіў на ўвесь голас:

— Ето ўсё — ер-рунда!

Дубадзел абурыўся:

— Што — ерунда?!

— Усё! — з п'янай непахіснасцю растлумачыў Міця.

У хаце засмяяліся, зарагаталі.

— Няправільно запісано! — адгукнуўся не вельмі ўпэўнена, больш, відаць, для прыліку, Пракоп.

— Вы, дзядзько, памаўчалі б! — не ўтрываў, ускочыў Міканор, гатовы рынуцца абараняць свой гонар.

Дубадзел даў яму знак сесці.

— От тут грамадзянін вашай вёскі Курані Дзяцел Змітро, — загаварыў ён зноў паважна, тым жа тонам кіраўніка і прамоўцы, — заяўляе…

— Заяўляў і заяўляць буду — ерунда!

У хаце зноў засмяяліся. Дубадзел пачырванеў:

— Грамадзянін Дзяцел Змітро, вам слова не давалі. Прашу не перабіваць! Тым больш што сваімі выкрыкамі вы некультурно замахваецеся не толькі на сельсавет, але і на выбраны ўсім народам вашага сяла орган — камісію!..

— Пляваў я на тваю камісію! — Міця рваўся к сталу, але яго стрымлівалі. Ён кіпеў: — Камісія! Таксамо мне — указ! Начальство!.. Я ў лесе — сам начальство! Над усімі елкамі і палкамі! І сею — дзе хачу! І не суйся!

— Д-добра! — злавесна сказаў Дубадзел. — Мы табе пакажам, куды можно і куды няможно сунуцца выбранай камісіі і сельсавету, які ёсць поўная ўлада на месцы!..

— Пакажы! — Міця не слухаў угавораў бліжніх. Душыла крыўда. — Усякае лезе ў начальство! А таго не дапетрыць, што ў мяне свой закон, свая ўлась!

— Усё сваё ў цябе! Правільно! — падчапіў з рогатам Хоня.

Смех і вясёлы гоман, што ўсё мацнелі ў хаце, падагравалі Міцю. Невядома, як закончылася б гэтая перапалка, калі б за сталом не падняўся незнаёмы ў вайсковым кіцелі. Спакойна, цвёрда загадаў:

— Прашу вывесці п'янага!

Міцю акружылі, узялі пад рукі, пад вясёлыя смешкі Хоні сілком вывелі з хаты. Пачакаўшы, пакуль не ўціх гоман, чалавек абцягнуў кіцель, ужо дзіўна лагодным голасам абвясціў:

— Калі ёсць якія-небудзь прэтэнзіі да камісіі па землеўпарадкаванню і калі такія прэтэнзіі могуць з'явіцца заўтра, — як бы выдзеліў апошнія словы незнаёмы, — прашу заявіць іх або камісіі, або мне асабіста.

— А хто ты такі? — крыкнула яму Сарока.

Чалавек з усмешачкай глянуў на Дубадзела: ваша віна, што не здагадаліся пазнаёміць у час.

Дубадзел не так назваў, як папракнуў Сароку за невуцтва:

— Таварыш Зубрыч ето! Спіцыяльны ўпаўнаважаны з воласці!..

Зубрыч кіўком галавы пацвердзіў гэта, зноў загаварыў да ўсіх:

— Такім чынам, таварышы, са ўсімі скаргамі, якія ўзнікнуць, прашу звяртацца да мяне. Мы іх не адкладваючы тут жа на месцы разам з вамі праверым і вырашым, як быць далей.

Зубрыч лагодна ўсміхнуўся. Гэтая ўсмешка Зубрыча старога Глушака не толькі не супакойвала, але насцярожвала: нават калі смяяўся ўпаўнаважаны з воласці, чуў стары, што гэты чалавек заўсёды сабе наўме.

"Смяецца, а ўсмешка як бы не яго, — падумаў Глушак. — Чужая нібы".

Другім жа Зубрыч, было відаць, прыйшоўся даспадобы. У хаце пасля яго слоў стаяў гул ухвалы: правільна, па-справядліваму трэба разабрацца, разам з людзьмі.

Упэўненая строгасць Зубрыча да Міці і абыходлівасць з людзьмі выклікалі пашану да яго і давер'е. Зубрыч раптам стаў жывой надзеяй куранёўцаў.

Ён адчуў гэта, лёгка, непрыкметна ўзяў кіраўніцтва сходам у свае рукі, аб'явіў, што слова мае старшыня камісіі па землеўпарадкаванню Дзяцел Міканор. Міканор выйшаў з-за стала, і Дубадзелу, так і не дагаварыўшы, хочаш не хочаш, давялося сесці.

— Дак от, тут дзядзько Пракоп, — адразу рынуўся ў наступ Міканор, — сказаў, што камісія няправільно памерала…

— Не я адзін. Міця унь болей гаварыў… — прагуў, апраўдваючыся, Пракоп.

— Міця — той п'яны і выйшаў з хаты.

— Ну дак што, калі выйшаў?

— А тое, што пра п'янаго, ды якого шчэ няма тут, — няма чаго і казаць!

— Дак калі ён, Пракоп, выйдзе — і пра яго не будзе гаворкі? — уварвалася ў спрэчку Сарока.

— Аге, праўда! — ухапіўся за падтрымку Пракоп. Ён, было відаць, хацеў толькі адступіць з годнасцю, ухіліцца ад удару.

Але Міканора гэта распаліла яшчэ больш.

— Вы не круціце, дзядзько!

— Чаго ты ўссеў на мяне! — раптам загарэўся Пракоп. Шыя яго налілася крывёю.

— І праўда, прычапіўся! — зноў падтрымала Пракопа Сарока.

Глушак думкаю быў на баку Пракопа, але стрываў, не заступіўся за яго: кінеш слова насуперак гэтай васпаватай заразе, толькі бяды лішне наклічаш! А тут і без таго невядома, што будзе і як самому адбівацца прыйдзецца.

"Але ж — зараза! От жа зараза, скажы ты! — падумаў пра Міканора. — І такое нахабнае! Пра Маслака нават і не думае, бы той яму нішто! Няўжэ і апаскі не ўзяло, што ён можа паявіцца?" Глушак пры гэтай думцы пачуў сябе кволым, бездапаможным…

— Я на вас не ўссеў! — не адпускаў Пракопа Міканор. — А толькі я не люблю няпраўды! Не люблю, калі абмануюць, ды шчэ другіх патом вінавацяць!

— А ён і не вінаваціць нікога — ні чорта, ні Бога! — заступілася Сарока.

— Не вінавачу…

— Дак не кажыце, што няправільно памералі. Вы паўтары дзесяціны не ўпісалі!

— А што яму — самому ўпісаць трэба було? — абазваўся Ларывон, і Глушак кіўнуў у знак згоды.

Тут у спрэчку ўлез Хоня, падкалоў:

— Папрасіць трэ було каго — хто граматны!

Міканор пабег позіркам па хаце, некага шукаючы.

— От тут шчэ адзін забуўся памераць сваю зямлю. — Ад адных гэтых слоў Глушак уведаў: пра яго зараз гаварыць будзе. — Не дамераў без чатырох сажняў тры дзесяціны!

— Хто ето? — вылез Андрэй Руды.

— Ето — Глушак Халімон.

Твар, плечы, рукі Глушака наліліся нечым важкім, як гарачая гліна, але ён перамог злосць, сказаў спакойна:

— Ну, дак дзякуй за ето. Што перамераў.

— Няма за што, — укалоў Міканор.

— Ну, пастараўся ж, пахадзіў усюды. Бо я сам, можа, век бы не сабраўся памераць!

— Вы і сям'ю палічыць не сабраліся, лішняга ўпісалі.

— І за ето дзякуй, што памог.

Глушак захінуў полы кажуха і зноў нагнаў на твар санлівасць: не зразумець было, ці то слухае чалавек, ці дрэмле. Але ўсярэдзіне ў яго ўсё кіпела: "Перамераў! Падлічыў! Няма каго, штоб перамераў цябе па спіне дубінаю! Ды падлічыў твае рабрыны, трасца шалудзівая!"

Ён ад злосці аж не мог слухаць голасу Міканора, але і не слухаць нельга было. Самае важнае, цвяроза мяркуючы, было яшчэ наперадзе: на колькі ж пастановяць абрэзаць яго? Тое, што гэты васпаваты выскачка тыцнуў яго ў гразь, яшчэ паўбяды: сорам не дым, гразь можна і выцерці з твару. Прыйдзе нарэшце такі момант, што і самога прыблуду гэтага тыцнуць у гразь можна будзе, ды так, што ён не абатрэцца, не абмыецца! А зямля — гэта зямля, не дым, не сорам — рэжучы яе, усё роўна што рэжуць сэрца…

— Дак от, кеб не було такого, — вярэдзілі Глушака Міканоравы словы, — такого, што ў аднаго поле на вярсту, а ў другога — як баба сядзе, дак спадніцай усё і закрые, — трэба каму-нікаму падбавіць зямлі. А ад каго-нікаго, не сакрэт, канешне, адрэзаць. Кеб не було ў аднаго густо, а ў другога — пусто.

Гэтыя словы Міканора адгукнуліся ў хаце задаволеным гоманам.

"Рады чужога дабра ўварваць, плойма гуляшчая!"

Дзе толькі навучыўся хітрасці Дамецікаў прыблуда: пачаў гаворку пра перадзел не з таго, у каго трэба абрэзаць зямлі, а з таго, каму і колькі падбавіць трэба. Усё роўна як бы прывабліваў, зваў да сябе. І гэта яму, было відаць, удалося: хоць і з асцярогай, не выскокваючы вельмі, людзі слухалі яго з ухвалай. Глушак мімаволі адзначыў, што больш за паўдзесяціны "адрэзалі" Зайчыку, амаль столькі ж Дзятлікаваму Васілю. У гэтага смаркача, калі пачуў, колькі прыбавяць, аж вочы загарэліся. Як бы ўжо браў зямлю, глядзеў, ці добрая, ці не замала! "От жа прагавітая дзюба!"

"І Зайчык — хоць бы слова! Падманілі абяцанкай, ён і гатоў, перабег!"

Але думкі гэтыя прайшлі амаль без знаку перад тым вялікім і панурым, што грозна, страшна наблізілася: колькі ж абрэжуць?!

— Ету зямлю нам ніхто з неба не скіне! — гаварыў Міканор. — Ні Бог, ні цар і ні гірой, як гаворыцца ў нашай песні "Інтэрнацыянал". Цара, не сакрэт, даўно ўжэ няма, і косткі пагнілі. Як ужэ даказано, Бога і не було ніколі. А гірой цяпер — ето народ. Народ і ўстанаўлюе цяпер парадак. Народ і дзеліць зямлю так, кеб було справядліво… Дак от і мы павінны абрэзаць зямлю ў тых, у каго лішне!

Глушак аж зубы сцяў ад гэтых слоў. "У каго лішне!" Ледзь утрываў, каб не закрычаць: чуў, ведаў, што ўсё адно ніхто не падтрымае. "Лішне! Кеб табе за ето лішняе ўвесь век на тым свеце гарэць!"

— Дак от, ад такіх людзей мы павінны адрэзаць. — Голас Міканора як бы пацвярдзеў. Рашуча, непахісна абвясціў: — Ад Глушака Халімона — пяць дзесяцін!..

— Ого, распарадзіўся! — першы адгукнуўся Яўхім, які стаяў недзе ў сенцах.

Старога Глушака душыў гнеў. Ледзь адолеў задуху, раз'ятрана выціснуў:

— Ты д-даваў мне іх, ет-тыя п-пяць дзесяцін?! Што распараджаешся!

— Ето — рашэнне камісіі.

— Камісія твая дала нам ету зямлю? — крыкнуў Яўхім.

— Савецкая ўлада дала! — заявіў Зубрыч.

Глушак, ашалелы, хацеў мацюкнуцца, але ў час стрымаўся. Яўхім выбраўся з сенцаў, праціснуўся на сярэдзіну хаты — гатоў быў, здавалася, рынуцца к сталу ў бой.

— Савецкая ўласць дала, — загаварыў, закрычаў ён, — дак яна дала яе, ету зямлю, не на тое, штоб вы яе адбіралі!

— А мы і не адбіраем! Мы абразаем лішняе!

— А ты пытаўся ў мяне, лішняя яна ці не? — трасучыся, прасіпеў Міканору стары.

— Мы і так знаем.

— Як жа ето ты дазнаўся?

— З савецкага закону.

— Вельмі ты знаеш етыя законы, грамацей! — стаяў, пырскаў слінаю стары.

— Нічого! — прамовіў упэўнена і разам з гразьбою Яўхім. — На вас таксама ўправа е!

Дужы, шыракаплечы, у кепцы, хвацка ссунутай на вуха, ён павярнуўся спінаю да стала і цвёрда, рашуча, тоячы нейкую пагрозную ўпэўненасць, рушыў зноў к сенцам. Стары Глушак захінуў кажух і, чуючы, што ўсярэдзіне ўсё яшчэ дрыжыць ад гневу і лютасці, сеў. Заўважыў, як ціха стала ў хаце. Калі і трэба было ціснуцца, прэць тут у гэтай духаце, то хоць бы для гэтага моманту. Усе няхай бачаць, што ён так сабе не папусціцца, не дасць занішто абабраць сябе!

"Яўхім — маладзец: так удало выйшаў! І пра ўправу ў час сказаў! Унь як, астылі многія — усё-такі баяцца! — У Глушака зноў ажыла надзея. — Можа буць, не асмеляцца браць, адмовяцца… Сарвецца ўсё, можа?.."

Міканор сабраўся гаварыць зноў, але яго апярэдзіў Зайчык:

— Е тут няяснасць адна!

— Якая няяснасць?

— А такая. Ты, Міканорко, мабуць, прасветліш яе. Як старшыня. З зямлёю етай, заадно, Міканорко, коней не прырэжуць?

Дураслівае пытанне гэта абазвалася смешкамі, асабліва сярод моладзі, дзе Зайчык-штукар быў у не абы-якой пашане. Смяяліся не толькі таму, што ён ужо сказаў, але загадзя і таму, што яшчэ выкіне: ведалі, што Зайчык вымудрыў нешта!

Міканор, захоплены спрэчкай з Глушакамі, не адразу зразумеў дзіўнае пытанне і смяшок.

— Пра што ето вы, дзядзько?

— А от пытаюся: коней тым, каторым прыразаюць землю, не прырэжуць заадно?

Пад смешкі Зайчык растлумачыў:

— Каму, маўляў, каня. Каму — паўканя. Каму — чвэртку. Каму — хвост, а каму — грыву…

— Дзяцел, тут табе не вячоркі! — строга аб'явіў яму Дубадзел.

— Дак я і сам бачу, што не вячоркі.

— Бачыш, дык няма чаго крыўляцца. Сур'ёзнае дзело разбіраем. Ето табе не камедзія!

— А хто кажа, што кумедзія! Кумедзія — ето от уся гаворка пра землю, пра перадзел. — Зайчык не даў Дубадзелу перапыніць сябе: — Што мне тая зямля, як я, каня не маючы, усё адно абрабіць яе не магу!..

Глушак асцярожна, але задаволена кіўнуў. "Стрымаў сваё слова Зайчык, заступіўся! І таксамо — у пару!"

Ён падумаў, што трэба будзе неяк аддзячыць за гэта, каб падахвоціць на другі раз. Тут жа, праўда, адзначыў сабе: у тым, як казаў Зайчык, чулася не так жаданне памагчы яму, як боль за сваю няўдачу. Але Глушак гатоў быў дараваць гэта. Усё-такі памог…

— Чым я засяваць яе буду, ету вашу землю, калі дзеці ад вясны з дубовай кары пухнуць? — светлыя Зайчыкавы вочы па чарзе прабеглі па Міканору, Дубадзелу, Зубрычу.

— Дак кеб не пухлі яны, зямлі трэба, следавацельно, — павучальна адгукнуўся Андрэй Руды.

— Ето мне напамінае байку пра таго дурня, што купіў залатую — як у пана — міску. Сеў каля яе і думаў, што яна сама карміць будзе! Яна, зямля, як карова — дасі ёй, накорміш, дак і яна табе дасць! А што мне зямля етая, калі з яе — нічога!

У хаце згодна загаманілі. Глушак падумаў: "Рады булі б, кеб да зямелькі ды шчэ й коней дадалі і насення! — Пажадаў зларадна: — Трасцы вам, а не коней! Падавіцеся вы етай зямлёю, палыном ды лебядою абсяваючы!"

Радасці, аднак, не было: увайшоў у душу неспакой — каб, барані Бог, хэўру гэтую ненажэрную на коней і на насенне яго не напусцілі! У трывозе зірнуў на Зайчыка інакш, з падазрэннем: памочнік, называецца, — адной рукой, здаецца, выцягвае, а другой — як бы ўтапіць гатоў!

— Дзядзько правільно кажа, — згадзіўся з Зайчыкам Міканор. — Набыўшы зямлі, не сакрэт, з бяды не выкруцішся. Дак от жа я і казаў, што, кеб адолець ліхо етае, згуртоўвацца трэба, разам, усёй грамадою ваяваць. Таварыство арганізаваць на ўсё сяло, насенне, якое ў каго е, разам сабраць! Сабраць грошы са ўсіх і разам коней купіць!..

Міканор гаварыў горача, пераканана, але слухалі яго большасць людзей ці недаверліва, ці нават непрыхільна. Чым больш ён гаварыў, тым больш рос нездаволены гоман. Пачуліся воклічы:

— Зноў — етыя таварыствы!.. Як не надакучыць, ей-богу!

— Грэблю не кончылі, а шчэ — таварыство!

— От скажы ты, прычапілася да чалавека!

— Прыйдзе Маслак — ён "арганізуе" табе таварыство! — крыкнуў нехта.

— На тым свеце закаешся!

Думка пра Маслака, мабыць, увесь час на сходзе жыла між людзей, бо пры напамінку пра бандыта ўсе заварушыліся, загаманілі толькі аб ім.

Міканор паспрабаваў перасіліць гамонку.

— Усё ето з таварыствам страшно толькі таму, што яшчэ не спробувалі. А як паспробуем, пажывём, дак, кеб хто хацеў, патом ад таварыства не адарваў бы! — Ён апярэдзіў шум пярэчання: — А што да Маслака, то тут, не сакрэт, нечая выдумка!

— Сумно некаму без Маслака! — звонкім голасам падтрымаў Міканора Хоня.

— Ажывіць захацелася! — дадаў Алёша Губаты.

— Брахня! — заявіў і Дубадзел.

— От як заявіцца сюды — пакажа брахню!

— Чыкацца не будзе!

Чарнушка папрасіў:

— Няхай прадстаўнік з воласці растлумачыць пра Маслака!

Зубрыч устаў, усміхнуўся:

— Я проста здзіўлены тым, якую ўвагу вы аддаяце нейкаму пігмею! Нейкаму адшчапенцу, які туляецца ў балоце!

— Няма нікога тут! — заявіў зноў Дубадзел. — Плёткі ўсё ето, што Маслак жывы!

— Я таксама лічу, што плёткі. Ды калі б і праўда была, калі б сапраўды ён дзейнічаў тут, ніякіх падстаў для панікі, для страху ўсё роўна няма. Ён — адзін, іх — нікчэмныя адзінкі, а вас — легіён. За вас уся краіна, армія, народ. Ёсць каму за вас заступіцца!..

— Заступіцца-то заступяцца…

— Ды пакуль тая заступка прыйдзе!..

— І раней заступнікі булі!

— От бо перапужаліся ўсе! — пакпіў Хоня.

— Аднаго духу Маслаковаго!

— Значыць, у воласці, та-скаць, нічого неізвесно пра ету асобу, пра Маслака, і яго атрад? — хацеў дабіцца яснасці Руды.

— Я, шчыра кажучы, не цікавіўся гэтымі весткамі… Але думаю, што калі б яны былі, то мяне папярэдзілі б. Аднак, вярнуўшыся, я праверу іх і, калі будзе патрэба, абяцаю прыняць адпаведныя меры…

— Пакуль вы етыя меры прымеце, дак ён спраўдзіць сваю гразьбу!

— Сказаў, накорміць зямлёй — і накорміць!

— Няўжо вы, — лагодна здзівіўся Зубрыч, — настолькі напалохаліся здані нейкага Маслака, што ад землеўпарадкавання, ад таго, каб навесці парадак у карыстанні зямлёй, гатовы адмовіцца!

— Калі з-за етай лапіны зямлі губіць сябе, то хай яе чорт бярэ!..

— Дружыну сарганізаваць трэба! — крыкнуў хтосьці з хлопцаў. — Не паткнуўся б!

— А паткнуўся б, дак далі б па зубах!

Зубрыч пахваліў хлопцаў, потым мякка, з дакорлівай усмешкай загаварыў пра тое, што абы-як адносіцца да землеўпарадкавання, як некаторыя тут, на сходзе, — гэта паказваць поўную сваю несвядомасць, непавагу да дзяржаўных інтарэсаў. Дзяржава даўно хоча навесці парадак у землекарыстанні, знішчыць анархію і самавольства, і абавязак кожнага сумленнага грамадзяніна — усямерна памагаць ажыццяўленню гэтай вялікай мэты.

Глушака аж злосць узяла: так стараўся за дзяржаву валасны ўпаўнаважаны.

"Усё толькі і знае, што дзяржава ды дзяржаўныя інтарэсы!.. Як знаў, угадаў: бацьку роднаго для дзяржавы сваёй не пашкадуе!.."

Гаварыў упаўнаважаны лёгка, прыгожа: відаць было, разумны, вучаны чалавек. Слухалі яго ўважліва, даверліва, але чым больш слухалі, тым больш станавіліся маўклівыя, асцярожныя да гэтай не так мужыцкай, як дзяржаўнай справы — землеўпарадкавання. І як ні хваліў упаўнаважаны яе і дзяржаву, асцярожлівасць не толькі не прападала, а мацнела. Вядома, тут былі нямала вінаваты чуткі пра Маслака, але і прыезджы, заўважыў Глушак, таксама даў хібу: перастараўся, заступаючыся за дзяржаўныя інтарэсы. Як ні высільваўся, не так паправіў становішча, як астудзіў, затуманіў людзей.

"Старацельны ты вельмі, — падумаў Глушак. — Распінаешся за сваю савецкую ўласць, а таго не знаеш, як да мужыка падступіцца, чым спакусіць…"

— Усё-такі, мабуць, з етым перадзелам пачакаць лепей, — прамовіў разважліва Чарнушка, і ў Глушака зноў ажыла надзея.

— Не чакаць, а канчаць трэба! — крыкнуў Хоня.

Яму не давялося сказаць больш ні слова, бо раптам ускочыў нецярплівы, ашалелы Васіль.

— Чакаць, чакаць! Усё — чакаць! — Крыўда, роспач і лютасць кіпелі ў яго ляманце. — Дакуль жа ўсё ето будзе! Чакаць ды чакаць!.. Усе ўсюды даўно ўжэ парабілі ето! А мы ўсё — чакаць! Дак дакуль жа мы будзем мучыцца?!

— Каму-каму, а табе можно було б і памаўчаць, — заявіў Ларывон. — Забуў, як вадзіў?

— Забуў не забуў, а толькі… Дакуль жа ето ўсё будзе? Добра каторым — зямля як зямля! А ў мяне — пясок адзін! Зелле і тое расці не хоча! Нічого!

— А ў мяне — дак лепей? — падтрымаў яго адзін голас.

— А ў мяне?

— Праўду кажа!

— Ну от! — як бы ўзрадаваўся Васіль. Ён увесь аж гарэў, гатоў быў, здавалася, люта кінуцца на кожнага, хто стане насуперак. Падтрымка людзей паддала яму смеласці, і ўжо не роспач, не крыўда, а абурэнне пачуліся ў яго голасе: — Дакуль жа ето мы будзем гнуцца на адным пяску! А другія будуць сабе, як паны, раскошувацца! Ето хіба так трэба? Ето — па савецкіх законах?

У хаце заківалі галовамі, загаманілі згодна. Многія слухалі са здзіўленнем: першы раз бачылі Васіля такім, чулі такога на людзях. Глушака поўніла злосць: адчуваў — надзея зноў гіне…

— Няхай хто што там думае, а толькі, па-мойму, трэба, кеб пароўну ўсім було! Кеб і ў нас була зямля як зямля, а не пясок! — Людзі зноў зашумелі, і ён збіўся. Хацеў быў сесці, але выпрастаўся, ціха, рашуча аб'явіў: — Як хто, а я ад зямлі не адмаўляюся!

Глушак бачыў, як гарэлі вочы ў хлопца і пасля таго, як ён змоўк, сеў. Старога аж душыла ад гневу, ад бяссілля: мала каго за сваё жыццё ён ненавідзеў так, як гэтае хлапчанё, шчанё гэтае прагавітае! "От гадзяня, няма на цябе кала!" — думаў пра Дзятліка.

Ніякай надзеі на ўдачу цяпер не было, і лютасць, нянавісць яго мяшаліся з болем…

Пасля таго як Міканор дачытаў, колькі ў каго знойдзена лішняй зямлі, спрэчак аб тым, калі пачынаць перадзел, ужо не вялі. Амаль усе адразу згадзіліся: заўтра.

Упаўнаважаны з воласці аб'явіў, што слова мае каморнік.


Читать далее

Раздзел другі

Нецензурные выражения и дубли удаляются автоматически. Избегайте повторов, наш робот обожает их сжирать. Правила и причины удаления

закрыть