Раздзел трэці

Онлайн чтение книги Люди на болоте Людзі на балоце
Раздзел трэці

1

Васілю гэтыя дні далі таксама багата трывогі. Было яе многа да сходу, жыла яна, білася ў ім на сходзе, з ёю ж падаўся ён і дадому, несучы ў сабе цэлую буру сумненняў, неспакою, недавер'я.

Трывога, спачатку няпэўная, няясная, перамешаная з радасцю, з добрымі марамі, з'явілася ў ім, калі ён пабачыў, што камісія пайшла па хатах. Цешачыся тым, што жаданы перадзел усё ж збудзецца, гадаючы, колькі пяройдзе яму зямлі, ён разам з тым непакоіўся, каб як-небудзь не абышлі яго, не схітравалі і не абдзялілі. І на людзей, абраных у камісію, ён глядзеў з надзеяй і асцярогай, як бы гадаў, што яны прысудзяць яму. Сярод гэтых людзей найбольш турботных думак даваў яму Ганнін бацька, які, здавалася Васілю, цяпер не можа быць, каб не стаў заступацца за Карчоў, сваякоў сваіх, падрываць Васілёвы шанцы на ўдачу…

Камісія не абмінула Васілёвай хаты, перамерала і яго поле. Васіль сам гаварыў, калі яны запісвалі, колькі ў яго зямлі і якая сям'я, хадзіў побач, калі перамервалі паласу. У тыя дні, як ніколі, была ў яго ахвота пасябраваць з Міканорам, і не праходзіла дня, каб Васіль раз, а то і два не зазірнуў да свайго суседа. Але Міканор дома сядзеў цяпер рэдка, не раз даводзілася гаманіць адно са старым Дамецікам, ад якога не было ніякай карысці. Праўда, і ад сустрэч з Міканорам добрага было не многа больш: Міканор неяк заважнеў, нешта таіў у сабе, не выказваў вельмі зычлівасці. Толькі і дазнаўся Васіль, што ў каго-нікаго знайшлі лішкі, што яму павінны прырэзаць з паўдзесяціны, але якія будуць гэтыя паўдзесяціны — зямля ці пустэча, — так і не ўведаў. У Міканора на ўсе выпыты быў адзін адказ: сход збярэцца, камісія памяркуе, і Васілю было відаць, што на якую-небудзь асаблівую прыхільнасць спадзявацца не трэба. Гадаючы, якім бокам павернецца да яго доля, прызвычаены чакаць горшага, ён у думках не раз, не два нядобрым словам памінаў Міканора.

Са злой радасцю цешыўся Васіль гаворкам, што асабліва багата павінны абрэзаць зямлі ў Глушакоў. Некаторыя гаварылі, што павінны пакараціць глушакоўскія палі не менш як напалавіну, другія — што нават больш. Былі і такія гаворкі, што калі ўжо абразаць, то лепш было б, каб абрэзалі не абы-якую зямлю, а тую, каля цагельні. Праўда, потым за гэтымі гаворкамі папаўзлі чуткі, што зноў аб'явіўся Маслак, гразіўся карміць зямлёй усіх тых, хто яе вельмі прагне, і гаворкі пра перадзел прыціхлі.

Канешне, і малому кожнаму было вядома, што калі людзі цяпер і менш гаварылі пра перадзел, то думалі, мусіць, яшчэ больш. Думаў і Васіль. Чуткі пра Маслака, якія нагадвалі яму не такую далёкую страшную ноч, гразіліся хлопцу, напэўна, вастрэй, як каму другому. Яму і цяпер, здавалася, чуўся на спіне дотык бандыцкага абрэза, і цяпер, пры адным напамінку, халадзела сэрца ад страху. І ўсё ж надзея на зямлю, што стала была такой блізкаю, не хацела гінуць, тачыла і тачыла яго. Страх і надзея мяшаліся ў душы, змагаліся адно з адным, то прымушалі маўчаць, таіцца, то поўнілі хлопца адчайнай смеласцю, адвагай, гатовай на ўсё.

Гэтыя пакорлівасць і бунтарства, страх і адвага біліся ў ім асабліва горача тады, калі ён сядзеў на сходзе, сачыў, як то набліжаецца, то адступае яго шчасце. Ён праз увесь сход і не думаў гаварыць. Спадзяваўся, што і без яго абыдзецца, але раптам дрыгва, здалося, разарвалася і пад ім. Ён пачуў, што гіне. Надзеі ні на каго не было. Трэба было ратавацца, ваяваць за сваё жыццё самому. І ён ускочыў, рынуўся ў бой. Закрычаў, не помнячы, не баючыся нічога…

Цяпер ён ішоў па цёмнай вуліцы, мясіў куранёўскую гразь і патроху астываў пад сырым, халаднаватым ветрам з балота. Непадалёк брылі людзі, была чутна гамонка, але ён не далучаўся ні да каго і нічога не чуў, жыў сваім хваляваннем, сваімі клопатамі. Было трывожна ад таго, што от не ўтрываў, выскачыў супроць Маслака, і невядома, што цяпер будзе. Але ні страх, ні каянне не бралі, цвярдзелі ў душы ўпартая непахіснасць і рашучасць. "Ну і няхай, няхай грозяцца! Што ж мне — ад зямлі самому адракацца! Так можно і без нічога астацца, калі баяцца ўсяго!.. Няхай шчэ самі падумаюць, як бы іх хто-ніхто зямлёй не накарміў!.." У гэтую хвіліну не толькі Міканор і другія куранёўцы, але і Харчаў з Шабетам прыгадваліся без крыўды, не як няпрыяцелі, а як супольнікі. "І вельмі можа буць, што "накормяць" маслачкоў. Харчаў, мабуць, толькі і чакае, цікуе дзе-небудзь. Няхай толькі паткнуцца!.."

Побач апынуўся Ігнат, Хадосьчын бацька, пайшоў нараўне.

— Багато шчэ малаціць?

— Да ўжэ хутко. Мо з капу якую…

— І мне небагато. Лёгко ў етым годзе…

— Аге. Не важко…

Далей тупалі моўчкі, але Васіль чуў, што чалавек не так сабе падышоў, трымаецца побач не так сабе — шануе, паважае. Напэўна, за смеласць сённяшнюю, за тое, што не пабаяўся, выказаў праўду перад усімі!

Калі Ігнат збочыў на свой двор, у Васіля засталася аб гэтым згодным сяброўскім маўчанні добрая, лагодная радасць.

Дома дымела, трашчала лучына і каля прыпека варушыўся ў камізэльцы дзед Дзяніс. Васіль бачыў яго на сходзе і не ведаў, як стары ўправіўся вярнуцца раней: мабыць, не дабыў да канца.

— От і гірой наш! — задаволена сказаў дзед. Ён весела загадаў маці: — Дай бо чаго пад'есці!

Паставіўшы міску з расолам і чыгун з картопляй, маці прысела на лаўку і доўга глядзела на Васіля вачыма, поўнымі трывожнасці і шкадавання.

— Ну, чаго вы! — не вытрываў, няласкава буркнуў Васіль. — Усё адно як не бачылі век!

— Боязно мне, сыночак. Нашто табе було выстаўляцца?..

— А што було, тым часам, рабіць, калі ўсе маўчалі, як вады ў рот набраўшы? — адобрыў Васіля дзед.

— Усё адно. Кеб, барані Бог, паганаго чаго не выйшло.

— Ну, от бо! — Васіль, узлаваны, гатоў быў кінуць лыжку. — Вечно вы!

— А ты не кіпі! — строга зірнуў на яго дзед. — На тое яна матка, штоб за дзіця баяцца!.. І ты, — ён папракнуў ужо маці, — лезеш са сваім стогнам не ў пару, пад'есці не дасі!

Ужо калі леглі, дзед Дзяніс прамовіў упоцемку з печы:

— Етаго старога Карча аж трасучка ўзяла, як ты гаварыў. Разарваў бы, кеб прымеў! Не пападайся яму цяпер ці Яўхіму! Але ты, тым часам, не бойся! Не вельмі-то і папускацца трэба! І нікому папускацца не трэба! Ніхто за цябе не заступіцца, як сам не заступішся. Дак няхай, тым часам, знаюць, што і ў цябе зубы е!

Памаўчаў трохі, пакруціўся на печы, уладжваючыся: мабыць, пёк чарэн. Як бы чытаў Васілёвы думкі, калі параіў:

— І заўтра, тым часам, не драмлі. Як будуць дзяліць, скажы — абы-якой зямлі не трэба! Штоб людскую ўдзялілі, патрэбуй! Не папускайся, адным словам! Не папускайся!

2

Васіль прачнуўся рана, да першых пеўняў. У хаце ўсе яшчэ спалі, адно Валодзька на печы штосьці гаманіў у сне. Гэтая гаворка, мусіць, і разбудзіла Васіля. Ён ужо гатоў быў зноў задрамаць, але ў санлівую бесклапотнасць яго раптам пранізалася згадка-турбота: сёння! Сёння павінна пачацца!..

Толькі дайшоў сэнс згадкі, як спакою нібы і не было. Успомніліся спрэчкі на сходзе, страх, што адкладуць перадзел, успомніліся, закружыліся, запяклі зноў гарачыя свае словы, якія вырваліся былі на сходзе. Зноў нібы гаварыў, крычаў, нападаў на тых, хто асцярогай, баязлівасцю ледзь не сарваў перадзелу, заступаўся за сябе, за свае паўдзесяціны. "Добра вам казаць, калі е з чаго пракарміцца: удосталь зямлі, і такой, што як кінеш, дак вырасце нешто! А як мне, на адным пяску, на пустэчы етай? Як?!" З гэтымі думкамі-крыўдамі перапляталіся зноў напамінкі пра Маслаковы пагрозы, але і цяпер страху не паддаваўся: "Самі няхай не вельмі вылазяць, калі хочуць цэлыя буць, вужакі балотныя!"

Што б ні ўспамінаў, разам з усім, ні на момант не прападаючы, жыла ў ім, цешыла і вярэдзіла душу турбота пра зямлю. Да ўчарашняга дня ён толькі марыў пра яе, а цяпер яна была ўжо ледзь не ў яго руках. І не жменька, не дробязь якая — больш за паўдзесяціны! Калі б пашанцавала пры дзяльбе ды людскі кавалак прырэзалі, урадлівы, то гэта было б усё роўна што ўраз пабагацець!

Не першы раз прасіў, маліў у думках: той бы, што каля цагельні, якую ў Карча абрэжуць!

Марыў, а сам паліў сябе, прадракаў упэўнена, як ведаў загадзя: "Аге, чакай, так табе і дадуць яе! Пабачыш, як свае вушы! Многа там дурных такіх у камісіі ці з тых, што каля яе аціраюцца, кеб такі ласы кавалак аддаць некаму другому!" Ён амаль на свае вочы бачыў, як гэты — такі жаданы, даўно-даўно аблюбаваны — кавалак пераходзіць у нечыя іншыя, спрытныя, хітрыя рукі. "На ласы кавалак лаўцоў тут аж занадто. І не агледзішся, як выхапяць з-пад носа! З кішэні і то, кеб ухаваць можно було, выцягнуць лаўцам етым — як плюнуць!"

Трывожачыся, поўны лютасці да лаўцоў, праз якіх ніколі не абярэшся ад крыўды, Васіль як бы чуў дзедава павучанне, якое яшчэ больш гарачыла, падбівала на смеласць: "Не папускайся! Няхай знаюць, што і ў цябе зубы е!"

Добра сказаць: не папускайся! Васіль гатоў быў узлавацца на дзеда Дзяніса: няхай сам паспрабаваў бы не папусціцца, з такімі людзьмі жывучы!

І ўсё ж Васіль не хацеў і не мог папусціцца: вельмі ж вабіў яго гэты ласунак, што каля цагельні! Вельмі ж шкода было б выпусціць дабро такое, даць, каб спажыў яго нехта чужы!

Яно ж так блізка, дабро гэта. Амаль у руках. Толькі б не прамаргаць, не даць выхапіць яго другім. Самому хапіць раней! Не чакаючы, пакуль хто з камісіі прыбярэ! Ён раптам пахаладзеў: а можа, пакуль ён думае попусту, той кавалак хто-небудзь ужо і прыбраў! Не аднаму ж яму пастанавілі даць зямлю! "Устаў от поначы і — захапіў! І чакае толькі, калі падыдуць другія, — кеб паказаць!"

"А чаго ж — прыедзе з плугам, заарэ — і гаспадар ужэ! І ніхто нічога не зробіць яму!"

Васіля так устрывожыла гэта думка, што ён не мог ужо ляжаць. Ускочыў і стаў хутка адзявацца. Не падумаў нават, што можа разбудзіць матку ці дзеда — не да таго было. Але ніхто і не прачнуўся. Ім і клопату мала, што ў гэты момант нехта, можа быць, з-пад рук выхапіў іх багацце!

На двары, чорным і ціхім, толькі шапацеў па саламянай страсе, булькаў па нявідных лужынах дождж. Ціха было і ва ўсім сяле, ніводзін агеньчык не жаўціў цемры. Але Васіля не супакоіла гэта цішыня: хітрыя лаўцы робяць свае справы цішком. Не такі ён дурань, каб паверыць, што калі ў сяле нібы ціха, то ўсе і спяць.

Асклізваючыся на мокрай дарожцы, Васіль выбраўся агародамі к прыгуменню, не вагаючыся, рушыў у шапаткую дажджавую чарнату. Ён то ішоў, то трусіў уподбег, думкі, як авадні, апаноўвалі, пераконвалі: запазніўся, правароніў, занялі ўжо. Захапіў нехта. Захапіў — і нічога яму ніхто не зробіць. Будзе панаваць сабе на такім дабры…

У Васіля шчымела зайздрасць да гэтага невядомага, які так абхітраваў яго. Не проста зайздрасць, а зайздрасць з непрыхільнасцю, якая ўсё мацнела, станавілася ўсё больш злая. І як жа інакш: амаль што з-пад рук выхапіў хапун гэты! Каму ж, як не Васілю, павінен належаць гэты кавалак, даўно-даўно нагледжаны, аблюбаваны, абмілаваны? Яшчэ ніхто і думаць не думаў нічога, як Васіль выбраў яго. І вось — выхапілі, лічы, проста з рук, і ніхто не ўстановіць справядлівасць, ніхто не згоніць хапуна, заразы гэтай: па закону, скажуць, забраў — на сходзе ж, маўляў, усе чулі, што прырэзаць належыць! От бо людзі! Чаго толькі ні нацярпішся, пажыўшы з такімі!

Хоць было цёмна, яшчэ зводдалек улавіў: на Глушаковым полі пуста, спакойна. Нікога быццам няма. Ён, аднак, не паверыў: прыцішыўшы хаду, асцярожліва, пільна прыгледзеўся, павёў позіркам па суседніх загонах, прайшоў па мокрай пожні да краю паласы, вярнуўся. На душы палягчэла: нікога не было!

Ён нейкі час стаяў тут, поўнячыся радасцю, — зямля не была захоплена, вольная была. Ён мог забраць яе, стаць яе гаспадаром, уладаром яе. Тут, адзін сярод поля, сярод цемры, адзін са сваімі марамі, не абмежаваны нічым і нікім, ён у шчаслівы міг пабачыў, што не толькі можа, а што ўжо стаў гаспадаром і ўладаром жаданай гэтай зямлі, усяго, што яна таіла пад мокрай пожняю, пад цемрай.

Усё ж Васіль быў чалавекам, які звычайна добра чуў навакольную рэальнасць, ён вельмі хутка вярнуўся да яе і ў гэты шчаслівы міг. Стала няўтульна, цёмна і клопатна, і радасць умомант выпарылася з яго душы, як і не было. І ўжо як і не было і зямлі гэтай дзівоснай, і ўсяго дабра, што яна абяцала. Ён пацягнуўся назад з такім настроем, нібы яму паабяцалі, нават далі скарбы, але толькі для таго, каб пасмяяцца, — раптам ухапілі назад, ашукалі, абрабавалі. Але ён не хацеў быць абрабаваным, не хацеў і не мог: нават драбніцы не любіў выпускаць Васіль, калі яна трапіла ў рукі.

І цяпер думкі яго ўпарта не адступаліся ад зямлі, якой ён, няхай у марах, міг валодаў. Чаму ж ёй быць чыёй-небудзь, а не яго, калі ніхто столькі не прагнуў яе, калі нікому ў свеце яна так не патрэбна? Ды і па закону хіба не належыць яму? Хіба ж не аб'явілі на сходзе перад усімі, што больш за паўдзесяціны павінны прырэзаць?

Чаму ж яна мусіць дастацца некаму другому, а не яму?

Але і так можна падумаць: чаму абавязкова сядзець склаўшы рукі ды чакаць, што вымудруюць тыя, каторыя ў камісіі, якім самім не церпіцца лепшы кавалак адхапіць? І чаму гэта нехта павінен выбіраць яму, нібы ён сам сляпы, дурны, выбраць не можа?

На момант прыгадалася, як ляжаў на саломе ў юравіцкай каморачцы, дробнае акенца ўгары, грозны Шабета, непадступны Харчаў, узяла боязнасць: каб зноў не прычапіліся? Але зямля каля цагельні так вабіла, так вярэдзіла душу неспакоем — як бы не выкаўзнула з рук, — што страх адступаў, глух: не прычэпяцца. Васіль нагадваў сабе: "Помніш, што казаў Апейка, выпускаючы з-пад варты: "Хочаце, штоб за вас усё рабілі, а самі і за сябе пастаяць не хочаце!" І хоць Апейка гаварыў гэта пра іншае, аб чым Васіль добра ведаў, згадка пра Апейкавы словы зусім супакойвала…

"Дзед праўду сказаў: не трэба папускацца! Будзеш папускацца — век будзеш у дурнях! Век зубамі з голаду ляскаць будзеш ды голым целам свяціць!.."

У цемры, на мокрай шэрасці неба, абазначыліся чорныя хібы стрэх — прыслухоўваючыся, прыглядаючыся, Васіль пайшоў між гумнаў. У сяле, як і раней, не блішчала ні аднаго агеньчыка, не чутно было ні аднаго голасу, а хлопцу ўсё ж стала трывожна. З'явілася адчуванне небяспекі.

Але ён не паддаўся страху, не спыніўся. У яго душы была цвёрдасць, рашучасць: ён зойме, заарэ зямлю каля цагельні, акурат столькі, колькі вызначылі. Заарэ, пакуль не агледзеўся ніхто з камісіі. А як заарэ — няхай паспрабуюць скруціць! Хочаш не хочаш, а дадуць! Быць не можа, каб не далі!..

3

Дабраўшыся да свайго двара, у хату, як усе іншыя ў сяле, чорную, маўклівую, не пайшоў, а адразу падаўся ў павець, выцягнуў плуг. Ціха зарыпелі вароты ў хлеў: лагодна гладзячы па шыі, вывеў паслухмянага Гуза, стаў запрагаць. Адчыніў ужо вароты, за якімі была дарога на прыгуменне, калі паблізу заўважыў постаць. Маці.

"Вечно яна прыйдзе, калі не трэба!"

— Дзе ты буў? — хрыпата ад сну прамовіла яна. Васіль прамаўчаў. — Ты куды ето?

— Да от… Гуза правяду. Застаяўся…

— А плуг нашто?

"От прычапілася! Як Шабета. Усё ёй знаць канешне!.."

— Там трохі… з далонь засталося…

— Дак уночы нашто? — Яна, здаецца, не паверыла яму. Пачула штосьці дзіўнае.

— Не даараў надысь…

— Дак удзень хіба няможна б?

— Удзень, удзень! Скора ўжэ і дзень!..

— Світаць шчэ не пачынае.

— Пакуль даеду ды пабуду трохі…

— Не едзь! — папрасіла яна. Васіль пачуў у яе голасе трывогу. На міг у душу яго ўвайшло сумненне: а можа, і праўда не ехаць? — Удзень паедзеш, — дадала яна.

Васіль раптам ускіпеў:

— Удзень, удзень! — Ён узяў лейцы. — Прыліпла!

— Не ўдумай, барані Бог, чаго паганаго! Са свету зжывуць!

— Сам знаю.

— Глядзі ж, Васілько! Ужэ ж і так паплакала!

— Ат!

Васіль вывеў каня за вароты. І к прыгуменню, і асабліва ў поле Гуз плёўся неахвотна, яму яўна не падабалася, што выцягнулі з цяпла такой ранню, гоняць у цемры, пад дажджом. Яго, як п'янага, час ад часу вадзіла ў бакі. "Спіць, падла, ніяк не прачнецца! — злаваў Васіль. — Жэрці дак падавай яму самае добрае, а рабіць дак не разбудзіш яго!" Са злараднасцю думаў хлопец, што, як толькі ўзаб'ецца на капейку, прадасць гэту падлу якому дурню, набудзе хоць бы жарабя!..

Злосць на каня брала тым больш, што і сам ішоў без ранейшага імпэту. Трэба было спагнаць злосць на некім: кудысьці прапала нядаўняя нецярплівасць, выпарылася невядома як і куды смеласць. У душу лезла кволая асцярога, упаўзала ліпкая, як балотны туман, боязнасць: ужо не ценямі нежывымі, а грознымі непрыяцелямі раслі ў памяці Яўхім, Маслак, Глушак стары.

Ён глушыў маладушнасць, гнаў страх. Але яму было самотна. Ён быў перад невядомасцю адзін. Ніхто не памагаў, не падтрымліваў нават. Таму і брала злосць на каня, які толькі і ведае, што есці ды спаць. І пра матку са злосцю думаў: таксама не знайшла зрабіць чаго іншага, як развярэдзіць душу! Прыцяглася не ў час, і няма таго, каб, як каторая іншая матка, падахвоціць, падбадзёрыць, дык яна — са стогнамі сваімі: "Глядзі ж! Ужэ ж і так паплакала!"

І без таго на душы брыдка, а тут — хоць бы слова добрае. Як жа тут не возьме злосць. На матку, на нездаляку-каня, што нават ісці як трэба не ідзе!

Але ні адзінота, ні страх, як ні цяжка лажыліся яны ў душу, усё ж не змагалі яго. Хоць часам і з'яўлялася жаданне спыніцца і, не зважаючы на нядаўнія прыціхлыя мары, павярнуць назад, ён ішоў і ішоў. Цяжар важкіх думак і пачуццяў разам з тым узмацняў у ім упартасць. З горкага свайго вопыту ён не тое што ведаў, але даўно лічыў як бы законам жыцця, што, каб чаго-небудзь дасягнуць, трэба адольваць кволасць, неахвоту, страх. Усё жыццё, прывык ён лічыць, — гэта неспакой, непрыемнасці, цяжар працы і змаганне з бясконцымі перашкодамі.

Злуючыся на маці, Васіль як бы браў на падмогу дзеда Дзяніса. Праўду казаў дзед, падбадзёрваў сябе хлопец: не трэба папускацца! І ён, Васіль, не папусціцца! Не аддасць так проста дабра свайго! Толькі не трэба лішніх страхаў выдумляць! Смялей ісці трэба, і ўсё будзе добра!

Як мог, Васіль гнаў трывогу, падахвочваў сябе, падбадзёрваў. Але трывога не адыходзіла. Неадчэпна ішла яна з ім да Глушаковай паласы, была ў ім, калі ён, чуючы нядобры халадок усярэдзіне, паставіў нарог на Глушаковай мяжы, калі павёў разору.

Ідучы за плугам, кіруючы ручкамі, ён у звыклым клопаце працы на час амаль супакоіўся. Але калі пачало развідняць, трывога зноў заныла. Чым больш святлела, чым шырэй разыходзіўся далягляд, тым больш мацнела і трывога. Яна шчымела нават ад саміх разор, праведзеных на чужым полі, ад хады Гуза, які павольна, але цягнуў і цягнуў плуг, уперад і ўперад.

Цяпер Васіль ужо не так сачыў за разораю, як за дарогаю, за полем у баку сяла. Хат амаль не было відаць за алешнікам каля сажалкі, адно выглядвалі стрэхі, над якімі варушыліся, паўзлі к нізкім, сіняватым хмарам дымкі. Дымкі гэтыя таксама дадавалі трывогі. Яны нібы глядзелі на яго, паказвалі яго людзям.

Да Васіля даходзіў з сяла віск свіней, рык кароў. Можа, таму нават выгляд пустой дарогі, пустога поля каля алешніку не супакойваў — паглядваў туды з непакоем, чакаў: вось-вось паявяцца людзі. Калі яны зачарнелі — купка павольных постацей, — халадок трывогі яшчэ памацнеў.

Ён зрабіў выгляд, што не цікавіцца імі. Але амаль кожную хвіліну кідаў у іх бок касыя позіркі. З меркай ідуць — значыць, мераць выправіліся. Адкуль пачнуць, куды адразу пакіруюць? Да цагельні, дзе ён робіць круг, ці — пад лес, на другі бок поля? Заўважылі ці не заўважылі яго?

Купка яшчэ далекавата збочыла к лесу. На другое поле падаліся, не спыніліся, не звярнулі ўвагі. Але позірк цікаваў — то гэтую купку, то выток дарогі каля алешніку. Недарэмна зіркаў: вось яшчэ вылезлі з-за алешніку тры постаці. Ціха плятуцца, мабыць, не спяшаюцца. Адзін з іх вельмі рослы, здалёк відаць, другія два ледзь па плячо яму. Рослы, пэўна, Ларывон, здагадаўся Васіль і з непакоем навастрыўся позіркам: а хто ж другія два? Можа — Яўхім там ці стары? Постаці ўсе сунуліся па дарозе, тым жа кірункам, што і папярэднія. Можа, збочаць, не заўважаць? Не, заўважылі, спыніліся, прыглядваюцца.

Хвіліну пастаялі, гледзячы на яго. Потым адзін падаўся за першай купкай, а два — Васіль насцярожыўся — рушылі проста да яго. Ларывон і Зайчык. Сталі наперадзе, чакалі, калі ён падыдзе…

Не абмінуць. Хочаш не хочаш, а трэба ісці, бліжэй і бліжэй. Ну і няхай, ён падыдзе, знаку не падасць, што пабойваецца! Толькі вось на ўсякі выпадак — калі гэты дурань Ларывон кінецца за свайго дружка біцца — падрыхтавацца трэба. Каб не заспеў знянацку. Васіль з усёй сілы сціснуў пугаўё — няхай паспрабуе толькі!

— Здароў, Васіль! — весела крыкнуў Зайчык.

Васіль паздароўкаўся ў адказ, але не спыніўся.

— Добры кавалак табе ўдзялілі! — пахваліў, падчапіў Зайчык.

Васіль не адказаў. Праз хвіліну ён пачуў, што яго даганяюць: па тупанню ботаў пазнаў, што гэта — Ларывон, сціснуў пугаўё.

Ларывон падыбаў побач. Вось-вось замахнецца, дасць пудовым кулаком.

— Табе ето — выдзелілі? — сказаў, трохі задыханы.

Васіль спасцярожліва зіркнуў на яго, прамаўчаў. Упарта таптаў свежую зямлю ў разоры.

— Гэ! — зразумеў нарэшце Бугай. — Разумны! — Ён мацюкнуўся і адстаў.

Дайшоўшы да павароту, Васіль убачыў — Зайчык падаўся да тых, што мералі, а Ларывон дыбае да сяла. "К Яўхіму!" — здагадаўся Васіль, і яго зноў узялі одум, страх. Захацелася кінуць загон, зямлю, якая не так прыцягвала, як палохала, гразілася бядою. Але ён не кідаў, ішоў і ішоў баразною.

Зямля як бы трымала яго. Ногі прыліпалі да яе, маглі ісці толькі роўнай канаўкай разоры. Не мог кінуць, бо пачатак быў ужо зроблены. Бо яго ўжо бачылі тут, бачылі, што ён зрабіў. Адступаць не было куды, дарога была толькі ўперад.

"Усё адно: пачаў — дак рабіць да канца!.. Не папускацца! — Васіль паспрабаваў прыдушыць страх, супакоіць сябе: — Шчэ пабачым, чыя возьме! Мало што ён прыбяжыць! Няхай паспрабуе сагнаць, калі пастанавілі абрэзаць! Няхай паспрабуе сунуцца! Пабачыць!"

4

Васіль заўважыў — людзі з сяла ўсё цягнуцца і цягнуцца. Некаторыя, як і Зайчык з Ларывонам, спыняюцца, глядзяць у яго бок, але потым ідуць к тым, што мераюць. Там народу ўсё большае. Васілёў позірк сочыць не так за імі, як за дарогаю, за тымі, якія паяўляюцца з-за арэшніку…

Адна постаць збочыла, хутка прастуе да яго. Гэта не ён, не Яўхім. Гэта — як Васілю не пазнаць здалёк! — маці. Не пяшчоту, не радасць выклікае яна, а прыкрасць: век не ў час прыйдзе! Век паявіцца тады, калі не трэба!

Клуначак у руках — есці нясе. Успомніла! Самая пара зараз — рассесціся, узяць у рукі скібу хлеба ды гурок! Акурат зручны момант — калі вось-вось чубаты ці стары Корч прыпруцца!

Як прыблізілася, пабегла. Нібы на пажар бяжыць. Спатыкнулася, ледзь не ўпала. Стала, здзіўлена, разгублена азіраецца. Як усё роўна не бачыць, не разумее ўсяго!

— Чаго прыйшла?! — хмурна сказаў ён, прыпыняючы каня.

— Есці от вазьмі! Прагаладаўся ж, мабуць!.. — лагодна ступіла маці да яго.

Васіль нядобра таўхануў працягнуты клунак назад ёй. Як малога, ашукаць хоча! Паддобрыцца, а там пачне сваё…

— Ідзі! — загадаў ёй строга.

Яна не кранулася. Цень трывогі прабег па яе твары. Не таілася ўжо:

— Сыночак! Што ж ето ты? — Васіль адвярнуўся, каб не бачыць яе. Як агнём, пякло кожнае слова: — Удумаў!.. Чужое! Дазнаюцца ж — бяды!.. Не абярэшся!

У гэты момант здалёк прыкмеціў: збочыла з дарогі, рушыць напрасткі яшчэ постаць. Яўхім! Усярэдзіне ў Васіля пахаладзела, пачуў сябе, як ніколі, кволым, адзінокім. Злосна абарваў матчын стогн:

— Ціха бо! Прыперлася! Ідзі дадому!

Не чуў ужо, плача ці не плача яна. Сачыў толькі за Яўхімам. Спрабаваў падбадзёрыць сябе, вярнуць смеласць. Няхай бяжыць, няхай! Пабачыць! Сам не ведаў, чым гразіўся, — што Яўхім можа пабачыць. Да болю сціскаў ручкі плуга, пугаўё. Пугаўё было яго адзінай зброяй.

Чубаты ўсё бліжэй, бліжэй. Ужо добра відаць: твар чырвоны, люты. Злы, зямлі пад сабою не чуе… Васілёвы ногі прыкра паслабелі, як не падагнуцца…

— Васілько! — заўважыла Карча, жахнулася маці. — Не пярэч! Саступі!..

Васіль не зварухнуўся. Нібы не чуў. Не зводзіў вачэй з чубатага, падахвочваў сябе: "Няхай бяжыць, няхай! Пабачыць!.." Здзіўляўся: трэба ж, каб так паслабелі ногі!

Маці раптам кінулася насустрач чубатаму, крыкнула, молячы:

— Яўхімко!.. Яўхімко!.. Родненькі!.. Не сярдуй, даражэнькі!..

Ён, як бег, таўхануў яе так, што яна і не войкнула — тузанулася, упала на бок. Клуначак адляцеў далёка. Чубаты наскочыў на Васіля. З ходу дужа рвануў за плячо. Васіль упусціў плуг.

— Т-ты… ш-што ето? — Яўхім, задыханы, цяжка соп. Рот злосна крывіўся, шчэрыўся. Зараз, здавалася, пена на губах забялее. — Т-ты ш-што?!. — Ён грозна мацюкнуўся.

— А ты — што?.. — адважыўся Васіль. Натапырыўся, як малады каршачок, гатовы біцца.

— Ш-што?! — Глушакоў твар яшчэ больш наліўся крывёю. — Прэч! — раптам шалёна, з віскам, закрычаў ён. — Зараз жа!!! Штоб духу твайго смярдзючага не було!

— Васілько! Саступі! — кінулася да Васіля маці. Ухапіла за руку, хацела адвесці. Ён вырваў руку. Заявіў Глушаку:

— Ето шчэ пабачыць трэба — у каго дух смярдзючы!

— Васілько!..

— Ты — удод жаўтароты, шчэ спрачаешся! Вымятайся ўмэнт! Пакуль не позно!

— Васілько! Ідзі! Сыночак!..

Васілю было не тое што боязна, а страшна. Разумеў, што лепш было б паслухацца, адступіць, але не мог перамагчы сябе. Ганарлівасць, злосць на Глушака за зямлю, за Ганну, за ўсё заўпарціліся, запоўнілі яго. Не далі і выгляду паказаць, што баіцца.

— Унё! Напужаў!..

— Васілько, сыдзі! Не чапайся!

— Ат! — адпіхнуў Васіль матку.

— Не пойдзеш?! Н-ну, глядзі ж!

Васіль пільна сачыў: вось-вось чубаты рынецца, ударыць. Ён мімаволі сціснуў пугаўё. Адпіхваючы маці, глушачы страх, хітруючы, сказаў:

— Хто ты такі? Штоб загадваць!..

— Хто? Не пазнаеш? Паказаць, можа?

— Яўхімко! — Маці кінулася к Глушаку, загарадзіла Васіля. — Даражэнькі! Ты — разумнейшы!..

Чубаты таўхануў яе, зноў закрычаў шалёна Васілю:

— Паказаць?! На чыю землю ўспёрся?! Чыё поле паганіш?!! Не бачыш?!! — Яўхім хапіў Васіля збгрудкі так, што стала цяжка дыхаць.

Але Васіль каўтнуў, прахрыпеў:

— Було… вашае…

— Було?! — Чубаты матнуў плячом, адштурхнуў Дзятліху, якая ўчапілася, як кіпцюрамі, намагалася адарваць ад сына.

— Було… Цяпер — наш-шае…

— Вашае?.. Брэшаш, гад!! — Яўхім колькі змогі сціснуў Васілёў каўнер, кінуў хлопца з такой сілай, што таму здалося, нібы тулава ў яго адарвалася ад ног.

Васіль так грымнуўся патыліцай аб зямлю, што ў галаве загуло.

— Тваё? Шчэ лезці будзеш?

— Буду… Не тваё!..

— Звер ты, звер! Корч пракляты!.. — учапілася зноў у чубатага Дзятліха.

Васіль выдыхнуў зларадна, помсліва:

— Напанаваліся ўжэ!.. Скончылася вашае!..

Яўхім адкінуў Дзятліху, загадаў люта:

— Маўчы!.. Прэч, шчаня! Пакуль цэлы!

— Пляв-ваць мне!.. — Васіль стаў на карачкі, намерыўся падняцца.

Яўхім рынуўся на яго.

— Пляваць? — Шалёны ўдар зноў кінуў Васіля на пожню. Аж нібы трэснула шыя. — Не пойдзеш?

— Гад ты, гад! — наляцела каршуніхай маці, учапілася ў руды чуб, стала ашалела рваць, матаць яго.

Гэта ўратавала Васіля. Выкарыстаўшы момант, ён ускочыў, з пугаўём, пра якое толькі цяпер успомніў, важка пайшоў на Глушака. У гэты час чубаты злаўчыўся, ударыў маці каленам у жывот. Яна енкнула, скурчылася ад болю, асела. Васіль і Яўхім сустрэліся тварам у твар. Яўхім апярэдзіў, моцна ўдарыў пад сківіцу.

Боль у сківіцы, у роце, ва ўсёй затуманенай галаве, няўдача дадалі Васілю лютасці. Крыўда, усе крыўды, што даўно палілі, чакалі адплаты, цяпер ураз ажылі, запяклі зноў разам, усяго напоўнілі адным жаданнем: дастаць, размалаціць гэту ненавісную пысу з чубам.

Адкуль толькі ўзяўся, неспадзеўкі наляцеў стары Глушак, ірвануў руку з пугаўём.

— Ты што ето, смурод!.. Кінь!!!

Ледзь не выкруціў руку. Адкуль і сіла ў нездалякі старога знайшлася, каб трохі, сагнуў бы Васіля. Дзякуй маці, выратавала — кінулася да старога, учапілася ў каршэнь, затузала, закляла — і стары пусціў хлопца.

Каля Яўхіма апынуўся брат яго, Сцяпан. Але замест таго, каб памагчы Яўхіму, чамусьці пацягнуў яго назад, чубаты адразу зазлаваў, даў Сцяпану па твары. Выйшла так, што Яўхіму давялося біцца не толькі з Васілём, але і з братам!

Васіль ухапіў момант — трэснуў Яўхіма пугаўём па галаве так, што той зароў. Ашалелы ад болю, чубаты ўраз адарваўся ад Сцяпана, не асцерагаючыся, як раз'ятраны дзік, ірвануўся да Васіля. Васіль мелькам заўважыў пачырванелыя, бязлітасныя вочы, адчуў, што Яўхім прагне ўжо не толькі помсты — смерці яго. Заб'е, не пабаіцца нічога. Такая дзікая лютасць кіпіць, па вачах відаць. Васіль адскочыў і даў яму яшчэ пугаўём. Даў так, што ад тоўстага дубовага пугаўя застаўся ў руцэ толькі кончык.

— Ах т-ты!.. — Яўхім хапіўся за галаву, зноў, з яшчэ большай лютасцю, рынуўся на Васіля. Васіль замалаціў па ненавіснай пысе канчуком пугаўя, кулаком. Але адбіцца не змог: Яўхім дапаў, схапіў за каўнер, наваліўся. Васіль тузануўся, спрабуючы вызваліцца, — Яўхім не ўстаяў, і яны ўпалі. У наступны момант абодва качаліся па пожні, па свежай раллі, крывянілі адзін аднаму твары, шматавалі сарочкі.

Глушак вырваўся нарэшце з рук Дзятліхі, кінуўся на падмогу Яўхіму, учапіўся ў Васілёву галаву, сілячыся прыгнуць к зямлі. У той жа час Сцяпан схапіў брата за плячо, за руку, стаў з усёй сілы цягнуць ад Васіля.

Дзятліха напала зноў на старога, але ўбачыла скрываўлены твар сына, пачула, як ён хрыпіць, з жаху, з роспачы ўскінулася, забегала позіркам па полі, залямантавала:

— А бо!.. Людцы-ы!!! Ратуйце-е!!! Забіва-аюць!!!

Яна пабегла насустрач куранёўцам, што каля лесу ўчулі яе кліч. Бегла і ўсё лямантавала, падганяла:

— Забіваюць!!! Забіваюць!!! Ратуйце!!!

Недалёка адбегла, схамянулася, зноў кінулася да сына. Адбіваючыся ад яе, Глушак заўважыў мужчын, што падбягалі з Міканорам наперадзе, сагнуўся цярпліва, пакорліва. Трываў удары асатанелай Дзятліхі, аж пакуль яна не здаволілася, учапілася ў Яўхіма.

— От бо, як пакруціліся! — паскардзіўся па-старэчы Глушак, калі людзі прытупацелі. — Расчапіце бо, дурняў етых!.. Сцяпанко, адыдзі! Без цябе ўжэ абыдуцца!..

Мужчыны, між якіх быў і Ларывон, кінуліся разнімаць тых, хто біўся. Сцяпан сам адступіўся, Дзятліху таксама лёгка адцягнулі, а Васіль і Яўхім не даваліся, хапаліся адзін за аднаго, малацілі кулакамі, хрыпелі, гразіліся.

— Эх, ваякі! — гнуў назад Яўхіму руку Міканор. — Не выпускай! — загадаў ён Хоню, што трымаў Яўхіма ззаду.

— Як чэрці! Нядоўго й да смерці! — бегала навокал спалоханая Сарока. Яна крычала, склікала: — Сюды! Забіваюць!

У гарачцы Васіль Андрэю Рудому, які адрываў яго ад чубатага, так стукнуў у сківіцу, што той заенчыў і адскочыў, са страхам мацаючы сківіцу далонямі…

Сямёра мужчын ледзь адарвалі іх адзін ад аднаго. Але і адцягнуўшы, з цяжкасцю маглі ўтрымаць: Яўхім і Васіль праглі зноў счапіцца; ірваліся адзін да аднаго, крычалі:

— Глядзі ж… Пападзіся цяпер, удод! Запарву дзе-небудзь!..

— Сам глядзі, кныр! Штоб… сам не папаўся!..

— Эх, бранзбойта няма з халоднай вадой! — сказаў Хоня. — Штоб астудзіць!

Маці ламала рукі, лямантавала каля Васіля, як каля нябожчыка:

— А сыночак мой!.. А Божачко ж!.. А што ж яны з табой зрабілі ж!.. А дзіцятко ж ты маё!..

— Яўхімко, будзь хоць ты разумны! — параіў сыну Глушак стары: усе па яго выгляду маглі бачыць, як іх пакрыўдзілі. І як яму непатрэбна бяда гэтая — толькі ж хіба яго віна тут!

Дзятліха аж сумелася:

— Ах ты, гнілая зараза! "Разумны"! Біць памагаў, а цяпер — разумны! — Яна загаласіла: — Сыночак ты мой!..

— Не чапай, Яўхімко! Бяды не абярэшся! Бачыш!.. — трываў няпраўду ад Дзятліхі Глушак. — Самі ж пачалі і самі ж вінавацяць.

Але Яўхім не слухаў нічога, гразіўся:

— Памочыш шчэ крывёй землю, удод!..

— Корч пранцаваты! Сам глядзі!..

Народу вакол збіралася ўсё больш. Падышлі Дубадзел і Зубрыч, праціснуліся наперад. Дубадзел — рашуча, важна, Зубрыч — лагодна, далікатна.

— Што тут такое? — строга акінуў вачыма Васіля, Яўхіма, іншых Дубадзел.

— Кеб трохі — дак пазабівалі б адзін аднаго! — выскачыла першая Сарока. У тым, як яна сказала, як паматала галавой, чутно, відно было: такі жах, такі жах!

— Ад чаго выйшло ето? — Дубадзелаў позірк загадваў Васілю адказваць.

Кроў цякла Васілю на вочы. Ён адпіхнуў маці, якая лезла памагчы, выцер лоб чорнай далонню, пачуў, як шчыміць парваная скура. Боль мяшаўся з крыўдай, са злосцю, якія палілі цяпер, здаецца, яшчэ больш, як да бойкі.

Адказаў за яго Глушак стары:

— Чужое поле хацеў захапіць гвалтам! Супроць савецкага закону! Супроць сельсавету!..

— Адразу ўжэ і супроць савецкай улады! — падчапіў яхідна Міканор.

— Не супроць! — адгукнуўся Васіль.

— А кеб і супроць! Кеб і паараў сам! — накінулася на Глушака Дзятліха. — Дак за ето біць трэба? Забіваць да смерці?!

— Ніхто яго не забіваў! Сам ён Яўхіма чуць на той свет не адправіў!

— Сам? — Дзятліха забожкала, загаласіла, як толькі магла. Усе разумелі, што галошаннем сваім яна спрабуе абараніць, выратаваць сына.

— Сціхніце, цётко! Шчэ не знаеце, што будзе! — паспрабаваў супакоіць яе Хоня, але яна загаласіла мацней.

Зайчык улучыў момант, весела ўплёў:

— От і пачаўся, дзетачкі, перадзел!

Засмяяўся толькі Ларывон. Але і ён тут жа зірнуў на Яўхіма і змоўк. Нікому больш Зайчыкаў жарт, мусіць, не здаўся смешным.

5

— Мо няхай етыя пойдуць па хатах, — сказаў Дубадзелу і ўпаўнаважанаму Міканор. — Патом разбяромся. А то ж — пачалі абрэзваць, сабралі столькі народу. Давесці б да ладу абрэзку.

— Правільна! Час — дарагі! — падтрымаў яго ўпаўнаважаны, і Дубадзел са ўсёй строгасцю загадаў Васілю і Яўхіму:

— Заўтра штоб булі ў сельсавеце! Рано! На расследуванне!

— Я толькі павінен на некалькі хвілін затрымаць іх, — умяшаўся раптам зноў — лагодна і разам з тым цвёрда — упаўнаважаны. — Для папярэдняга высвятлення акалічнасцей і прычын. — Ён кіўнуў Міканору і Дубадзелу: — Прадаўжайце пакуль без мяне.

Як толькі людзі пачалі разыходзіцца, Дзятліха, якая была прыціхла, прыслухоўваючыся, што кажуць пра лёс Васіля, адразу загаласіла зноў. Зубрыч, як мог, дапытаў яе хутка, перабіваючы, ківаючы згодна: так, так, зразумела, мякка сказаў, што яна можа ісці. Дзятліха, аднак, не паслухалася, пачала лямантаваць зноў, і ўпаўнаважаны прыгразіўся, што плачам сваім яна толькі пашкодзіць справядліва разабрацца ва ўчынку сына. Пашкодзіць сыну…

Услед за гэтым упаўнаважаны таксама ж, здагадліва ківаючы, хутка дапытаў Сцяпана і старога Глушака, таксама дазволіў ісці. Але ніхто з іх, як і Васілёва маці, у сяло не пайшоў, адступіліся толькі на якую сотню крокаў і сталі, назіраючы за тым, што будзе далей…

Ім не было чуваць, пра што гаварыў упаўнаважаны Васілю і Яўхіму. Але, здавалася ім, трымаўся ён з абодвума інакш, не ківаў галавою: засунуўшы рукі ў кішэні, выпрастаўся важна, строга і ўсё нібы нечым гразіўся, непадступны, нелітасцівы. І Дзятліха, і Глушак не на жарт трывожыліся.

Упаўнаважаны, застаўшыся адзін з Васілём і Яўхімам, загаварыў не адразу. Засунуўшы рукі ў кішэні, пільна, аж неяк пранізліва разглядваў спачатку аднаго, потым другога і не спяшаўся выкладваць тое, што таілася ў яго галаве. Доўга-доўга, здавалася абодвум, маўчаў — аж трываць цяжка стала маўчанку.

— Ну-с, значыць, так, — расшчапіў нарэшце губы ўпаўнаважаны, — самі пачалі землеўпарадкаванне!

Т-так!..

Яўхім запярэчыў:

— Я не пачынаў… Ён ка мне ўлез! Я толькі за сваё дабро ўступіўся!..

— Було тваё!.. Паўдзесяціны цяпер мае!.. Паўдзесяціны мне выдзелілі!..

— Етыя табе выдзелілі?

— А якія? Мо такія, якія ты сам выбераш?

Зубрыч адрэзаў строга, жорстка:

— Спыніць спрэчку! Тут не дыскусія! Я дапытваю вас! І будзьце ласкавы слухаць мяне! І адказваць тады, калі я запытаюся! — Ён зірнуў на Васіля, раптам ударыў пытаннем: — Сядзеў ужо?

У Васіля ў грудзях пахаладзела.

— Ну, чаго маўчыш?

— М-мяне адпусцілі…

— Можам вярнуць назад! — Васіль глядзеў, не пазнаваў упаўнаважанага: калі тут была ўсмешка! Не твар, а камень. — Зноў захацеў туды?!

Васіль быў разбіты.

— Усё адно! — абураўся ўпаўнаважаны. — Што хачу, тое бяру! Законы яму — нішто! Нуль!.. Савецкія законы яму не пісаны!.. Анархізм поўны! Не анархізм, а разбой! Разбой сярод белага дня! Адкрыты бандытызм!..

— Я не… бандзіт…

— Не бандыт, дык бандыцкі паслугач!

— І не… паслугач…

— Мы ўсё помнім! Мы не забылі, як вы Маслака вадзілі пад вокны савецкіх дэпутатаў!

— Дык яны ж заставілі! Абрэз уткнулі ў жывот!.. — Васіль гатоў быў зараўці ад крыўды.

— Абрэз! Хто вам паверыць! Дурняў знайшлі! Вы ж і цяпер — толькі Маслак, апякун ваш, аб'явіўся — зноў расперазаліся! На законы савецкія плюяце! Думаеце, пры Маслаку ўсё дазволена! — Упаўнаважаны гнеўна паківаў пальцам перад Васілёвым тварам: — Не, рукі кароткія! Савецкая ўлада не такіх уціхамірвала! Не такіх абсякала!..

Зубрыч з тымі ж пагрозай і гневам загадаў:

— Ідзіце! Ды чакайце, як мы вырашым!.. — Ён заўважыў, што хлопец і не глядзіць на Гуза, які мірна дрэмле. Крыкнуў услед: — Каня забярыце!

Васіль схамянуўся, паплёўся да Гуза.

Маці, радая, што допыт скончыўся так хутка, што Васіля адпусцілі, хоць і бачыла, што сын вельмі ж паныла горбіцца, выцерла слёзы, сказала весела:

— А я баялася, што, барані Бог, заарыштуе! Аж не, пусціў!! І не мучыў доўго! — Яна, відаць, хацела супакоіць сына. — Добры, кажуць, справядлівы ён! Кеб Крывароты, не дай Бог, той пападзержаў бы!..

"Добры! — аж запякло Васілю ад матчыных слоў. — Штоб яму на тым свеце, такому добраму, — не знаю што!.. Усе яны добрыя, справядлівыя такія, няхай іх сарочка не чапае… Маслака прыплёў! У паслугачы Маслаковы запісаў, справядлівы такі!.. Помнім, кажа. Не забылі. Не дакапаліся толькі… Але — дакапаюцца. Выкапаюць усё, чаго і не було ніколі. Абы толькі захацелі — выкапаюць. Набрэшуць, а ты паспробуй дакажы, што няпраўда! Такім дакажаш!.."

Не бачыў, як дабраўся да загуменнай дарогі, пацёгся між восецяў, гумнаў, платоў. З-за Чарнушкавых варот да яго кінуўся радасны Валодзька з Хведзькам, але Васіль нават не зірнуў на брата. Хведзька адразу ж адстаў, паскакаў назад, а Валодзька доўга ішоў моўчкі, таіў у сабе турботу.

— Ты даў яму? — не вытрываў, запытаў ён ужо каля павеці. — Праўда, даў?

— Што? — не зразумеў Васіль.

— Етаму Карчу — даў?

Васіль зазлаваў:

— Ідзі ты, спрос… — Адумаўся: — Даў, канешне…

— Я так і знаў, — узрадаваўся Валодзька. Ён сказаў з захапленнем, з зайздрасцю: — Ты — дужы!..

6

Прасачыўшы, як хлопец пляцецца да каня, упаўнаважаны доўгім позіркам зноў паглядзеў на другога віноўніка бойкі. Паглядзеў ужо не так пільна, але з нейкай патайнай, вострай усмешачкай, за якой хавалася, як пачуў Яўхім, штосьці пагрознае. Упаўнаважаны, здавалася, гатоў быў нечым ударыць у любы момант. Але, як і спачатку, ён не спяшаўся: яму нібы прыемна было бачыць ахвяру, якой усё роўна няма куды дзецца.

"Няхай паспрабуе… Я яму не Дзятлік!.." — абнадзеіў сябе Яўхім, рыхтуючыся адбівацца ад усяго. Але рыхтаваўся ён дарма: неўзабаве і ён, як перад тым Дзятлік, быў у дужых руках таварыша ўпаўнаважанага…

Зубрыч усміхнуўся ўжо адкрыта, сказаў з нейкім гуллівым папрокам:

— Што ж гэта, таварыш Глушак? Кулачкамі права сваё абараняеце?.. Я разумею вас — і нават, можна сказаць, хвалю… За тое, што заступаецеся за сваё дабро. Не аддаяце паслухмяна, як пакорлівае цялё!.. Гэта з пункту гледжання барацьбы за існаванне — правільна! Трэба трымацца, ваяваць за сваё права жыць пад сонцам!.. Але ваяваць — не кулачкамі! Нават калі яны такія, як у вас!.. Кулачкамі ў наш час многа не даб'ецеся! Гэта — атавізм, аджыло!.. Тым больш што слова "кулак" цяпер і не вельмі добра гучыць!

Чым больш Яўхім слухаў яго, тым больш не разумеў: "Нашто ён вярзе, разводзіць ету анцімонію?.. У нерат завесці дурнем хоча, ці што?.."

— Ці не на гэтыя кулачкі, — з той жа гуллівай усмешачкай сказаў упаўнаважаны, — вы разлічвалі, калі гразіліся на сходзе: "І на вас управа ёсць!" Гэта значыць — на камісію па землеўпарадкаванню, на прадстаўнікоў сельсавета і воласці?..

Яўхім насцярожыўся: "От, от яно, тое, да чаго вёў ён!.. Кажа такое — і смяецца, хоць бы што! А прызнайся — дак упячэ, што і не выберашся!.. Э, на тое мы табе адкажам як трэба!.."

Але адказаць не давялося. Зубрыч апярэдзіў, адказаў сам:

— Не на кулачкі? А, ведаю! Ведаю — спадзяваліся на савецкія законы?.. Савецкая ўлада не дасць у крыўду працоўнага чалавека!..

— Па савецкаму закону не паложано етаго. Штоб браць ад чалавека, што ён зарабіў сваім мазалём…

— Не паложана! Па савецкаму закону!.. — Упаўнаважаны хітра, недаверліва хмыкнуў. Гулліва засмяяўся: — Брэшаце! Па вачах відаць, што брэшаце! Не ўмееце ілгаць!..

— Вы мяне не разыгрувайце! — з годнасцю, рэзка сказаў Яўхім. — Я етых смешак не люблю.

— Не любіце! Што ж, пахвальна! — Упаўнаважаны перастаў смяяцца. — Хоць мне і даводзіцца жартаваць, я таксама люблю сур'ёзныя размовы! Сур'ёзных людзей… Будзем гаварыць як сур'ёзныя, сталыя людзі!.. — Спакойны, нібы задуменны, ён разам з тым уважліва глядзеў на Яўхіма, як бы хацеў дазнацца, што той думае на яго словы. Гэты нязводны позірк трымаў Яўхіма ў насцярожанасці. — Калі вы згодны, я вам магу адразу і ясна заявіць: мне добра вядома, што значыла ваша пагроза! У мяне няма ніякіх сумненняў у тым, на каго вы спадзеяцеся! — Упаўнаважаны скоса павёў позіркам па полі, прыцішыў голас: — Атаман Маслак!

Яўхім зніякавеў, але не падаў выгляду. Бач, падступае, на кручок бярэ! "З ГПУ! Па ўсім відаць, з ГПУ падасланы!.."

— Вы мяне не блытайце! — сказаў Яўхім. — Калі вам так хочацца, то — вазьміце сабе етаго гада!..

Ён убачыў: упаўнаважаны выслухаў з іроніяй, ні аднаму слову не паверыў. На спіне Яўхіма лёг холад. "Знае штось…"

— Гад! М-да! Вось як — гад! — У голасе ўпаўнаважанага пачуўся здзек. — Быў друг, надзея, збавіцель, стаў — гад!.. Якія зігзагі лёсу!..

Яўхім зноў пахаладзеў, спакойная, здзеклівая ўпэўненасць упаўнаважанага пераконвала: "Знае! Штось знае!.."

Упаўнаважаны памаўчаў, сказаў з роздумам:

— А ўвогуле, калі гаварыць па шчырасці, мне ваша асцярожлівасць зусім зразумелая: ад гэтага небяспечнага тыпа цяпер трэба ўсяляк адхрышчвацца! Гэта, бясспрэчна, разумна! Асцярожнасць такога роду можа быць толькі на карысць!.. А між тым гад гэты цікавіўся вамі… Чуб!

Яўхіма пранізала страхам: "Прапаў! Канец!" Маслак часта зваў яго Чубам… Дык Маслака, праўда, не забілі? Жыве ён?! Але ж як жа тыя чуткі, што забіты быў?

— Не знаю я яго. У вочы не бачыў нават…

— Не бачыў! Цёмна было! Дзе вы сустрэліся апошні раз? Калі вы ўгаварылі яго прыйсці, прыгразіць таму-сяму з ахвотнікаў да землеўпарадкавання?.. Не каля могілак?

Рэшткі надзеі прапалі ў Яўхіма. "Знае ўсё! Думаў — ні адной душы невядома. Як дрыгвой зацягнула, думаў. Аж — нб табе, знаюць! І хто — упаўнаважаны, ГПУ, лічы!.."

— Хто ето… наплёў такого?

— Усё вядома. Гэты Дзяцел, з якім я толькі што дзякуючы вам пазнаёміўся, калі не памыляюся, быў у тую ноч нечаканым памочнікам? Гэта ж на яго вы так хітра навялі? Ведае ці не ведае ён, каму павінен удзячны быць за тую ноч, за юравіцкую каталажку?..

— Усё ето выдумка… — абы не маўчаць, сказаў разбіты ўшчэнт Яўхім.

"І адкуль ён узяўся, Маслак, — як уваскрос, скажы ты!.. Уваскрос — ды не дзе-небудзь, а можа, у камеры турэмнай! Высачылі ды знянацку наскочылі, скруцілі рукі? Дапыталі?.. Выказаў усё, што було?.. Пагібелі няма на чорта!"

Упаўнаважаны раптам зазлаваў:

— Кінь! Не мялі лухту! Брыдка слухаць! Дарослы чалавек! — Ён глядзеў на Яўхіма з пагардай. — Бачыш жа — усё ведаю! У гэтай тайне для мяне няма нічога тайнага! Усё — яўнае, усё вядомае! Кінь лухту!

— Адкуль жа вы… дазналіся пра ето? — пайшоў на рызыку Яўхім. — Хто ж ето выказаў?

— Гэта ўжо дзелавая мужчынская размова! — пахваліў упаўнаважаны. — Паведаміў той, хто падарыў табе польскі карабін.

— Костка? — Так бандыты часам велічалі Альховага, Маслаковага супольніка.

— Ён.

— Дзе ён?

— Жыве. Удваіх з атаманам. А дзе — лічы: не ведаеш…

Яўхім пачуў, што выплыў на паверхню з халоднага, цёмнага дна, дзе бачыў сябе ўжо тапельцам. Страх, трывога, праўда, яшчэ жылі ў ім, гнялі, але ўжо не так, як некалькі хвілін перад гэтым.

— Хто вы такі?.. Я ж век бы не падумаў!.. — як бы павінаваціўся ён упаўнаважанаму. — І цяпер не верыцца неяк…

— Я — супрацоўнік валвыканкома. Прашу запомніць. Савецкі служачы, — строга сказаў Зубрыч. — На людзях — мы незнаёмыя. Мы не толькі нічога не ведаем пра нейкага адшчапенца па прозвішчу Маслак, але і адзін аднаго. Я не ведаю вас, вы — мяне. За выключэннем таго, што я меў непрыемную для вас сутычку як супрацоўнік валвыканкома. Ясна?

— Ясно. Не малы…

— Не забывай. — Зубрыч загаварыў мякчэй, з давер'ем: — Ведай таксама: цябе помняць, калі будзе неабходна, к табе прыйдуць. І ты павінен зрабіць, што належыць!.. Ну, што яшчэ? Яшчэ — карысна вось што мець на ўвазе: ты, кажучы кудравым штылем, не адзін! Нас — многа!.. У сёлах, у мястэчку, у горадзе, за мяжой!.. Так, так — многа! Мы маўчым да пары! Да каманды, якая пачне ўсё!.. Яна можа быць не скора, але яна будзе! Калі прыйдзе гэта пара, для нас пачнецца іншае, сапраўднае жыццё. Не жменька — уся зямля навокал будзе наша! Поле, лес, лугі — усё!

Зубрыч захапіўся, і Яўхіму слухаць яго гаворку было — як добрую казку. У гэтай казцы Яўхіма надзялялі не палоскай нейкай — цэлымі абшарамі зямлі, лясамі, рабілі яго гаспадаром вялікага дома, кароўнікаў, стайняў. У гэтых кароўніках і стайнях такая драбяза, як Дзятлік, рабіць лічылі за шчасце. Яны трапяталі пад адным позіркам Яўхіма, лавілі на ляту кожнае яго жаданне. Ён быў валадар і бог…

Яўхіму было прыкра, што Зубрыч хутка перарваў гэту казку, і суха, аддзяліўшы ўраз сябе ад яго, Яўхіма, загадаў:

— А пакуль — канспірацыя і канспірацыя!.. І калі выдасі каго-небудзь з нашага легіёна, — ведай: галавы — не знасіць! Нідзе не ўхаваешся!

— Вы ето мне не гаварыце! — пакрыўдзіўся Яўхім. — Мне ето — лішняе!

Зубрыч нібы не пачуў яго крыўды. Заклапочана, дзелавіта сказаў:

— Чалавек, які прыйдзе ад нас, спытаецца ў цябе: "Ці не бачылі вы чорнага каня, што кульгае на заднюю нагу?" Гэта будзе з нашых. Ясна?

— Ясно…

— Ну, от і ўсё. — Ён напомніў: — Мы па-ранейшаму незнаёмыя. Я толькі гразіўся табе на полі. — Зубрыч холадна, кіўком галавы развітаўся, павёў вачыма ў бок сяла, коратка, па-вайсковаму загадаў: — Ідзі!

Яўхім, ідучы побач са старым Глушаком і Сцяпанам, сказаў, што ўпаўнаважаны вельмі сварыўся за бойку, пагражаў нават судом, і стары слоў не знаходзіў, кленучы ўпаўнаважанага. З кляцьбою ён і адстаў ад Яўхіма і Сцяпана, пацягнуўся да натоўпу, што брыў па полі з меркаю…

Ад радасці ісці Яўхіму было лёгка, жартаваць хацелася. Але калі, перавейваючы за Сцяпанам жыта, стаў перабіраць зноў усё ў памяці, раптам ажыў неспакой: а што, калі ён — падасланы, гэты ўпаўнаважаны, і выведаў толькі для ГПУ? Вельмі ж дзіўна, нечакана ўсё прыйшло.

Ён перабіраў у памяці, што бачыў, калі гэты чалавек сядзеў у прэзідыуме, калі праціснуўся праз натоўп у полі, калі крышыў Дзятліка, гразіўся яму, Яўхіму. Перабіраў у думках усё, што чуў ад яго. Спакой, упэўненасць не прыходзілі: вельмі ж многа было нязвычнага, незразумелага. Розныя, зусім розныя словы, розныя ўчынкі. Нібы розныя людзі. Зусім не падобныя адзін на аднаго, нават непрыяцелі. Канешне, у жыцці не раз даводзіцца гаварыць адно, а рабіць другое — Яўхіму самому ці мала прыходзілася душой крывіць. Але ў самім сабе добра відно, дзе праўда, а дзе мана. Ды і ў другіх куранёўцаў гэта не так ужо і цяжка было аддзяліць. А тут, як тут спакойна чуць гэтых розных людзей у адным чалавеку, ведаць, што адзін з іх дакапаўся да такой тайны!

Хацелася верыць, што ашуканства няма, баяцца не трэба. І верыў часам, супакойваўся. Але спакой быў нядоўга, выпаўзала іншая трывога: каб не стала ўсё гэта вядома каму не след. Калі гаворка з Маслаком і Альховым, якой ніхто, акрамя іх трох, не чуў, дайшла аж да Юравіч, то чаму не могуць уведаць пра гэта другія? Калі ён, гэты юравіцкі, і не з ГПУ, то хто можа паручыцца, што ён не наткнецца дзе-небудзь на іх? А там, як прыціснуць, хіба не вылажыць усё? Вылажыць як міленькі, усё выверне, абы за саломінку ўхапіцца! Няўжо ж пашкадуе яго, Яўхіма?

Добрыя казкі баяў ён. А толькі казкі — не для дарослых. Казка ёсць казка, а жыццё — жыццё. Як бы, паверыўшы ў байкі тыя, пагнаўшыся за тым жураўлём у небе, не страціць і тое, што яшчэ засталося. Пагана ці не пагана, а ўсё ж такі жывеш! Якая там ні ёсць, а гаспадарка не горшая, як у людзей, — не ходзіш па свеце з торбай. А можаш пайсці — скарынцы чэрствай будзеш рады дзе-небудзь у Салаўках!..

І радасці няпэўнай было, і трывогі. І лішняга клопату, нязвыклай, неадчэпнай турботы думкам — перад самым вяселлем! Але калі думаў пра бойку з Дзятлікам, цешыўся: "Прыйдзе пара — паенчыш, удод жаўтароты!" Не раз, не два ўспамінаў сустрэчу на могілках, жалкаваў: трэба было тады так даць маху! Чаго тады было не коцнуць смаркача! Не падказаў ім, дурань!..

Многа неспакою было чалавеку перад самым вяселлем!

7

На наступную раніцу Васілёва маці, увайшоўшы з двара, паставіла пустую ражку, сказала занепакоена:

— Божа! Етаго шчэ не хапало!

— Чаго ты там? — адгукнуўся дзед, што вырэзваў з кляновага бруска лыжку.

— Ідзіце на ганак, паглядзіце.

Васіль выйшаў першы, не апранаючыся, у белых портках і сарочцы. Хоць яшчэ развіднела не зусім, было ўжо добра відаць на дзвярах вялікі чорны крыж. Дзёгаць дзе-нідзе падцёк, папоўз ніткамі да масніц.

— Маслакі? Няўжэ — маслакі? — падумала ўголас маці, калі ўсе зноў сышліся ў хаце.

Яна верыла і не верыла: стрыманая, разважная, яна была зусім іншая, як учора ў полі. Была такая, як звычайна.

Дзед узяў кляновы абрэзак, таксама падумаў:

— Маслак-то, можа, Маслак. Толькі, тым часам, можа буць, што жыве ён не ў балоце і не за балотам…

— Карчоў ето работа! — заявіў Васіль.

— Етыя цяпер не дадуць спуску!..

— А няхай не даюць! — абарваў матчыну гаворку Васіль. — Пляваць мне.

— Пляваць, тым часам, не вельмі наплюешся!.. Ето такая зараза… А тут, калі ў яго шчэ хэўра…

— У сельсавет бы на іх! Штоб упяклі ў Юравічы!

— Аге! Упяклі! Не даказаўшы!.. Не злавіла — не кажы, што злодзей!

— А можна було б і падлавіць!

— Падлаві, тады і кажы! — Дзед падумаў: — Чуе і мая душа, тым часам, што той Маслак, і праўда, блізко. І тое можа буць…

Маці апала духам:

— Можа буць. От жа вужака, ніяк не прыціснуць, штоб не выкруціўся!

— Памагаюць гаду якіясь…

— Асцерагацца трэба, — дзелавіта разважыла маці. Як малому, сказала Васілю: — У лес адзін штоб не ездзіў! З дзедам, са мною ці з кім з добрых таварышаў! І са стрэльбай дзедавай!

— Ну, от — вучыце!

— А і вучу! Вучыць трэба! Рано ад матчынай навукі адбіцца захацеў — от і выходзіць такое!.. Увечары штоб не хадзіў позно. І ўночы — штоб не выпіраўся на ганак!

— Дак, можа, мне і… Як малому ўсё адно.

— А і ў хаце. Ці ў сенцах, калі ўжэ так сорамно. Пан, унь, кажуць, Аскерко, дак ніколі поначы не выходзіў. Не то што ў холад, а і ў лето…

— Пан! От бо сказала! Куры падохнуць ад смеху!

— Глядзі, штоб сам жывы буў! — строга сказала маці. Дадала мякчэй: — А што такое: што дома — знаць ніхто не будзе. Не думай.

— Усё адно!

— Не ўсё адно! Пад кулю няма чаго лезці!

— Праўду кажа, — кіўнуў дзед.

Васіль плюнуў са злосцю, выйшаў з хаты.


У той жа дзень, трохі пазней, Яўхіму выпала яшчэ раз спаткацца з Хадоськай. Падсачыла за агародамі, выткнулася тварам у твар. Яўхім ускіпеў:

— Чаго чапляешся! Знаеш жа, што ўжэ кончылася ўсё! Вяселле ўжэ гуляць сабіраюся!..

— Знаю. А толькі скажу, — горка пракаўтнула яна, — скажу: няхай табе на тым свеце будзе так, як мне — на етым…

Не ўтрывала, губы задрыжалі, на вачах замутнелі слёзы. Але апярэдзіла яго, кінула неспадзявана цвёрда:

— От і ўсё маё слово! Астатняе! — У яе голасе пачулася столькі нянавісці, што ён зніякавеў. — Болей — не прычаплюся! Можаш не баяцца!.. І не пабачыш болей!

Яна адразу ж адвярнулася, пайшла першая, незнаёмая, страшная. "Астатняе? Не пабачу!.." Яўхім правёў яе позіркам. Яна ішла цвёрда, мусіць, не маніла. Ад нядобрай здагадкі на сэрца лёг неспакой: ведае ці не ведае хто пра ўсё? А што, як дойдзе да Ганны?

Трэба ж столькі прыкрасці перад вяселлем!


Читать далее

Раздзел трэці

Нецензурные выражения и дубли удаляются автоматически. Избегайте повторов, наш робот обожает их сжирать. Правила и причины удаления

закрыть